Калегiя Мiнiстэрства культуры

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

27 мая адбылася калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якая прысвячалася працы з творчай моладдзю ў рэспубліканскіх драматычных тэатрах.

У рашэнні калегіі, у прыватнасці, гаворыцца:

"У рэспубліканскіх драматычных тэатрах працуе 196 акцёраў і 14 рэжысёраў. З іх 78 акцёраў і 3 рэжысёры - ва ўзросце да 31 года. За апошнія тры гады павялічыўся прыток маладых спецыялістаў, зменшыліся цякучасць кадраў і колькасць вакансій. У тэатрах фарміруецца сістэма працы з творчай моладдзю, што дазваляе маладым акцёрам больш актыўна інтэгравацца ў нацыянальны тэатральны працэс, заяўляць аб сабе на еўрапейскай тэатральнай прасторы. Лепшым прадстаўнікам творчай моладзі аказваецца падтрымка шляхам выдзялення грантаў, устанаўлення дзяржаўных стыпендый, у тым ліку за кошт спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Штогод праводзіцца конкурс рэжысёрскіх эксплікацый, пераможцы якога атрымліваюць сродкі на ажыццяўленне пастановак. У тэатры імя Я.Купалы фарміруюцца індывідуальныя планы развіцця кожнага маладога акцёра на аснове ацэнкі бягучага рэпертуару і ступені занятасці ў ім маладых спецыялістаў. 53% бягучага рэпертуару тэатра складаюць спектаклі, у якіх заняты маладыя артысты. Расце працэнт занятасці маладых акцёраў у тэатры імя М.Горкага (у 2006 г. - 75%, у 2007 - 83%, у 2008 г. - 97%). У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі (далей - РТБД) моладзь ва ўзросце за 31 года складае 62% трупы (у 2006 г. - 50%), вышэйшую адукацыю маюць 88% акцёраў (у 2006 г. - 71%). Агульнае прызнанне атрымаў Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры, дзе практыкуюцца разнастайныя формы працы з творчай моладдзю, адрабляюцца механізмы яе далейшага ўцягнення ў актыўны творчы пошук, створана база п'ес сучасных беларускіх драматургаў. За 2008 год маладымі рэжысёрамі Цэнтра пастаўлена 9 новых работ маладых драматургаў, выпускнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў паказана 5 дыпломных спектакляў. Разам з тым, у працы рэспубліканскіх драматычных тэатраў з творчай моладдзю існуе шэраг праблем. Патрабуюць большай увагі пытанні павышэння кваліфікацыі, фінансавай, маральнайі арганізацыйнай падтрымкі маладых творчых асоб і іх мастацка значных творчых праектаў. Рэдка праводзяцца спецыяльныя агляды работ маладых акцёраў, рэжысёраў і драматургаў, паказы спектакляў і фестываляў. Недастаткова эфектыўна выкарыстоўваюцца заахвочвальныя меры за вынікі творчых пошукаў, распрацоўку нацыянальнай, патрыятычнай тэматыкі. Па-ранейшаму актуальнай застаецца праблема занятасці кожнага маладога акцёра ў рэпертуары. Сярод рэжысёрскага складу тэатраў, акрамя РТБД, няма рэжысёраў ва ўзросце да 31 года.

 Калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

ВЫРАШЫЛА:

1.Дзяржаўным драматычным тэатрам да 1 кастрычніка 2009 г.:

1.1. распрацаваць і зацвердзіць праграмы па працы з творчай моладдзю на 2010 - 2012 гг.;

1.2. унесці ў орган кіравання па падпарадкаванасці прапановы па прадстаўніках творчай моладзі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для выдзялення ім службовага жылля.

2. Упраўленню мастацтваў (Казловіч М.І.), упраўленням культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама запланаваць на 2010 г. сацыяльна-творчы заказ на пастаноўку спектакляў маладымі рэжысёрамі з удзелам маладых акцёраў у дзяржаўных драматычных тэатрах.

3. Упраўленням культуры аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама не радзей за адзін раз на два гады праводзіць спецыяльныя агляды (або конкурсы), якія адлюстроўваюць творчасць маладых работнікаў тэатральнага мастацтва.

4. Упраўленню мастацтваў (Казловіч М.І.):

4.1. прадугледжваць, пачынаючы з 2010 г., сродкі на правядзенне ў рамках Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт", які праводзіцца на базе Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, маладзёжнага конкурсу ў намінацыях "Лепшая акцёрская работа", "Лепшая рэжысёрская работа";

4.2. да 1 лютага 2010 г. сумесна з юрыдычным аддзелам (Вештарт А.П.) заснаваць прэміі для маладых акцёраў, маладых крытыкаў, а таксама прэміі "За лепшы рэжысёрскі дэбют" у ліку існуючых прэмій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз тэатральных дзеячаў" у галіне тэатральнага мастацтва;

4.3. сумесна з эканамічным упраўленнем (Кананюк В.К.) да 1 лютага 2010 г. унесці прапановы аб правядзенні ў 2011 г. за кошт сродкаўбюджэту Саюзнай дзяржавы майстар-класаў, стажыровак для тэатральнай моладзі беларускіх тэатраў з удзелам знакамітых дзеячаў расійскага тэатральнага мастацтва.

5. Драматычным тэатрам рэспубліканскага падпарадкавання да 1 верасня 2009 г. распрацаваць планы пастановак спектакляў маладымі рэжысёрамі па творах маладых беларускіх драматургаў пераважна сіламі маладых акцёраў.

6. Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі (Анісенка В.Д.):

6.1. сумесна з упраўленнем мастацтваў (Казловіч М.І.) прадугледзець правядзенне ў 2010 г. у Цэнтры беларускай драматургіі і рэжысуры майстар-класаў знакамітых дзеячаў тэатральнага мастацтва, у тым ліку замежных, для маладых драматургаў і рэжысёраў, ажыццявіць прэзентацыі п'ес маладых беларускіх драматургаў;

6.2. да 1 кастрычніка 2009 г. забяспечыць працу інтэрнет-сайта тэатра і асобнай рубрыкі, прысвечанай дзейнасці Рэспубліканскага цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры.

7. Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту культуры і мастацтваў (Святлоў Б.У.) арганізаваць у лістападзе 2009 г. павышэнне кваліфікацыі загадчыкаў літаратурных частак драматычных і лялечных тэатраў рэспублікі.

8. Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Смольскі Р.Б.):

8.1. пры ажыццяўленні навучальных і дыпломных пастановак забяспечыць у 2010 г. і наступных гадах уключэнне ў рэпертуар Тэатра-студыі імя Е.Міровіча лепшых твораў сучасных беларускіх аўтараў, асабліва нацыянальнай, патрыятычнай, гістарычнай тэматыкі, практыкаваць спектаклі на беларускай мове;

8.2. да 1 кастрычніка 2009 г. унесці прапанову аб рэгулярным замацаванні студэнтаў спецыяльнасці "рэжысура драмы" апошняга года навучання за канкрэтнымі тэатрамі з мэтай праходжання практыкі і пастаноўкі дыпломнага спектакля.

9. Упраўленню мастацтваў (Казловіч М.І.) сумесна з эканамічным упраўленнем (Кананюк В.К.) прадугледжваць, пачынаючы з 2010 г., сродкі на:

9.1. падтрымку маладзёжных тэатральных праектаў па творах сучаснай беларускай драматургіі, у тым ліку ў Тэатры-студыі імя Е.Міровіча ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў";

9.2. правядзенне ў 2010 г. сумесна з грамадскім аб'яднаннем "Беларускі саюз літаратурна-мастацкіх крытыкаў" выязныхпасяджэнняў крытыкаў і выніковай канферэнцыі па праблемах працы з творчай моладдзю ў дзяржаўных тэатрах рэспублікі;

9.3. выданне да 1 красавіка 2011 г. аналітычнага зборніка па выніках канферэнцыі па праблемах працы з творчай моладдзю.

10. Рэдакцыі газеты "Культура" прадоўжыць рэгулярныя публікацыі, што аналізуюць праблемы выхавання і адаптацыі маладых акцёраў і рэжысёраў у тэатральных калектывах, павышэння іх сацыяльнай актыўнасці, прафесійнага росту, падтрымкі і развіцця маладой беларускай драматургіі".