Барэльеф у гонар Ауэзава

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

10 чэрвеня на сталічнай школе № 143, што месціцца па вуліцы Мухтара Ауэзава, была адкрыта мемарыяльная дошка гэтаму славутаму казахскаму пісьменніку і навукоўцу, выкананая лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, скульптарам Аляксандрам Дранцам. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел Прэм’ер-міністр Рэспублікі Казахстан Карым Масімаў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь АнатольСмірноў.

 Звяртаючыся да прысутных, Прэм'ер-міністр Казахстана Карым Масімаў адзначыў, што Беларусь і яго краіну звязвае шмат. І адкрыццё барэльефа Мухтару Ауэзаву - таму яскравае пацвярджэнне. Карым Масімаў перадаў у дар школьнай бібліятэцы ад імя ўрада Рэспублікі Казахстан збор кніг Ауэзава, каб беларускія школьнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю пісьменніка, культурай казахскага народа.

У сваім выступленні з ўрачыстай нагоды старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, член кансультатыўнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Мікалай Чаргінец зазначыў, што для пісьменнікаў Беларусі вельмі важна захаваць усё тое добрае, пазітыўнае, што было дасягнута раней, і самае галоўнае - чыстыя, сяброўскія, чалавечыя стасункі паміж народамі Беларусі і Казахстана, каб яны ўмацоўваліся яшчэ больш. "Мы зацікаўлены ў тым, - сказаў М.Чаргінец, - каб літаратуры нашых краін атрымалі ўзаемнае ўзбагачэнне і ўмацоўвалі свае сувязі. Саюз пісьменнікаў Беларусі падрыхтаваў праект пагаднення з Саюзам пісьменнікаў Казахстана аб умацаванні сяброўскіх літаратурных стасункаў, якія прадугледжваюць не толькі абмен дэлегацымі, але і выданне твораў пісьменнікаў Казахстана і Беларусі". Адкрыццё барэльефа, на думку М.Чаргінца, - не проста сімвал: ён дае імпульс наступнаму этапу развіцця стасункаў паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Казахстан.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА