На прэм’ерным рубяжы — “Дняпроўскі...” Журавы да 65-годдзя

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Прэм’ера дзвюхсерыйнай карціны “Дняпроўскі рубеж” адбудзецца 19 чэрвеня ў сталічным кінатэатры “Кастрычнік”.

 

 Стужка створана на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" рэжысёрам Дзянісам Скварцовым і расказвае аб гераічнай абароне Магілёва ў першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны. Выхад фільма прымеркаваны да 65-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў.

Здымкі "Дняпроўскагарубяжа" сталі, бадай, самым маштабным беларускім праектам за апошні час. Сцэнарый знанага драматурга Аляксея Дударава быў прадстаўлены для пастаноўкі пасля перамогі на адпаведным конкурсе. Праца над самой карцінай адбывалася на працягу апошняга года. Творчая група паспела пабываць у Брэсце, Гродне, Быхаве і Бабруйску. Адметнымі сталі масавыя батальныя сцэны з удзелам ваеннаслужачых беларускай арміі. Ролі ў стужцы, у асноўным, выканалі айчынныя акцёры: Ігар Сігоў, Ксенія Князева, Віктар Моўчан, Анатоль Кот, Ганна Гаршкова, Аляксандр Кашпераў і іншыя.

Для выпускніка майстэрні Міхаіла Пташука Дзяніса Скварцова "Дняпроўскі рубеж" - другая поўнаметражная работа. Першай быў "Шчыт Айчыны" - гісторыя пра сучасных вайскоўцаў. У новым фільме рэжысёр-баталіст паспрабаваў расказаць пра мужнасць і гераізм людзей, байцоў і мірных жыхароў, якія ў смяротнай схватцы тры тыдні стрымлівалі нямецкія войскі на беразе Дняпра. Паказ стужкі ў кінатэатрах краіны пачнецца 22 чэрвеня - у жалобны дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

 Антон СІДАРЭНКА

На здымку: Дзяніс Скварцоў.

Фота Юрыя ІВАНОВА