Гран-пры ўзялі беларусы!

№ 24 (892) 13.06.2009 - 19.06.2009 г

Сем дыпломаў атрымала Беларусь на VI Міжнародным конкурсе краін СНД “Мастацтва кнігі” і, сярод іх, вышэйшую ўзнагароду — Гран-пры. Лепшым выданнем года, па рашэнні міжнароднага журы прэстыжнага форуму, стала кніга-альбом “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны” выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Аўтарам унікальнага літаратурнамастацкага выдання з'яўляецца Леанід Несцярчук. "Вялікую працу зрабіў і мастак Вячаслаў Паўлавец",- адзначае начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава. Кніга-альбом акрамя грунтоўных звестак аб вядомым беларускім мастаку і кампазітары ўтрымлівае малюнкі Напалеона Орды. "Гэты багаты і бясцэнны матэрыял, пададзены з густам, і ўразіў міжнародных спецыялістаў", - лічыць А.Паўлава.

Што да іншыхпераможцаў, то дыпломамі першай ступені былі адзначаны тры беларускія выданні: "Чароўны свет. З беларускіх міфаў, паданняў і казак" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя П.Броўкі (намінацыя "Кніга для дзяцей і моладзі"), "Галасы сышоўшых вёсак" выдавецтва "Беларуская навука" (намінацыя "Мая краіна") і "Праваслаўная ікона Расіі, Украіны, Беларусі" выдавецтва "Беларуская Праваслаўная Царква" (намінацыя "Садружнасць").

Альбом Г.Карцава "Белавежская пушча" выдавецтва "Мастацкая літаратура" і кніга Ю.Фаміна "Чалавек з легенды" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя П.Броўкі атрымалі дыпломы другой ступені ў намінацыях "Надрукавана ў Садружнасці" і "Перамога". Уладальнікам дыплома конкурсу трэцяй ступені стала выданне "Ойча Наш. Малітва Гасподняя" выдавецтва "Беларуская Праваслаўная Царква" (намінацыя "Надрукавана ў Садружнасці"). У цэлым, спіс сёлетніх прэтэндэнтаў на ўзнагароды "Мастацтва кнігі" налічваў 140 выданняў з 9 краін. Ад Беларусі ў конкурсе бралі ўдзел 15 выдавецтваў і выдавецкіх арганізацый. Цікава, што асноўным канкурэнтам сёлетняга ўладальніка Гран-пры было таксама беларускае выданне - "Белавежскае дзіва" выдавецтва "Беларусь". Афіцыйна пераможцы конкурсу будуць узнагароджаны 4 верасня ў рамках XII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.