Перад намі разгортваюцца тры імклівыя дзеянні, тры варыянты адной сітуацыі, дзе любоўная і службовая інтрыга незнарок ператвараецца ў глыбокае пранікненне ў сутнасць сусвету. І гэта пры тым, што сюжэтная канва спектакля даволі простая: свецкі візіт сямейнай пары да сваіх знаёмых на дзень раней запланаванага прымушае гаспадароў у паскораным тэмпе “выкручвацца” з няёмкай сітуацыі.
Дыскусійныя размовы паступова ператвараюцца ў вечар адкрыццяў і перагляду жыццёвых прыярытэтаў. Здаецца, сюжэт тыповы для камедыі абставін, але не ўсё так проста. Дыялогі герояў сатканы з гумара, які надзвычайным чынам напоўнены лірычным і філасофскім падтэкстамі. Прынамсі, гэта ўжо стылёвая адметнасць сусветна знакамітай аўтаркі: дыталёва распрацаваныя рэплікі, знешне простыя, але напоўненыя глыбокім унутраным сэнсам, што з’яўляецца рэдкасцю для такога жанру, як камедыя. Улічваючы факт татальнай “акупацыі” тэатральнай прасторы Беларусі камедыямі нізкапробнай вартасці, становіцца зразумелым абранне менавіта гэтай п’есы.
Рэжысёр спектакля Аляксандр Гарцуеў адразу акрэсліў жанр спектакля як “камедыя мультыфазавай структуры міжгалактычнай плазмы”, што ўжо само па сабе інтрыгуе і адначасова насцярожвае. Сапраўды, у спектаклі справы зямныя незнарок кантрастуюць з касмічнай прасторай і бясконцасцю. Спрадвечная чалавечая мара — жыць сярод зорак, не разменьваючыся на зямныя дробязі — чырвонай ніткай праходзіць праз увесь спектакль.
З акцёрскага ансамбля цяжка вылучыць кагосьці асабіста, бо ўсе
Соня - Ірына Кабанава |
Гратэскнасць створаных вобразаў праяўляецца і праз знешнія прыкметы, і праз пластыку, і праз словы. Тым не менш, менавіта слова — асноўная дамінанта спектакля. Прапанаваныя версіі аднаго і таго ж вечара будуюцца выключна на гульні інтанацый. “Тры версіі жыцця” — гэта той літаратурны матэрыял, дзе сцэнічныя асацыяцыі і метафары нараджаюцца ад тэксту. Але менавіта тут схаваны найбольш хісткі момант спектакля. У памкненні за яркасцю сваіх персанажаў акцёры нярэдка “скатваюцца” да банальнага крыку, які раз-пораз раздражняе і адцягвае ўвагу ад сюжэтных калізій. Натуральна, у такія моманты тонкая інтанацыйная гульня разбураецца і прымушае гледачоў самастойна дадумваць лагічны ланцуг магчымых падзей.
Па-рознаму можна ставіцца да спектакляў такога кшталту. Але варта згадзіцца: абраная драматургія — пэўная перамога над іншымі камедыямі, што існуюць сёння на беларускай сцэне. Менавіта нехарактэрная для такога жанру філасафічнасць драматургічнай першаасновы здолела надзяліць пастаноўку адчуваннем часовасці і нявечнасці ўсяго, што навокал нас, крохкасці і чалавечай адзіноты, якія праглядаюцца праз надзвычайную іранічнасць, створаную агульнымі намаганнямі акцёраў і рэжысёра.
Любоў ДЗЁМКІНА
Фота Аляксандра ВАФІКА