“Залатая пчолка — 2009”: калі спяваюць дзеці...

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

У 1995 годзе па ініцыятыве намесніка старшыні Клімавіцкага райвыканкама Івана Баршчова адбылося свята радасці. Назвалі яго “Залатая пчолка”. Нездарма ж на гербе Клімавічаў выяўлена залатая пчала! У 2000-м фестываль стаў міжнародным... Сёлета ж 1100 хлопцаў і дзяўчат з 11 краін свету прыехалі ў Клімавічы, дзе з 28 па 31 мая праводзіўся, ужо дзевяты па ліку, Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”.

 
/i/content/pi/cult/211/2538/23-1.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-2.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-3.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-4.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-5.jpg

Само надвор'е, падалося, спрыяла фестывалю. У Мінску і Магілёве ліў дождж, па-над Клімавічамі - ані аблачынкі. Мясцовы жыхар Аляксей Ляцко казаў мне: маўляў, цуды прыроды нават азадачваюць сіноптыкаў.

 

 

Кампетэнтнае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Валерыя Іванова за тры дні праглядзела-праслухала сотні юных артыстаў і вызначыла пераможцаў. Вядома, справа гэтая - няпростая, бо ўдзельнікі здзіўлялі пастаянна. Прыкладам, самы юны ўдзельнік фестывалю - Захар Снапкоў сказаў пад апладысменты гледачоў: "Зорны сад я мару раскінуць на нашай планеце, каб малявалі яго ўсе дзеці на свеце. Няўжо я шмат жадаю?"

 /i/content/pi/cult/211/2538/23-6.jpg
/i/content/pi/cult/211/2538/23-7.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-8.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-9.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-10.jpg
 /i/content/pi/cult/211/2538/23-11.jpg

 

Трэба адзначыць, што сцэнарый свята стварылі таленавітыя аўтары і цікавым ён быў аднолькава і дзецям, і дарослым. Мо таму начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец сонечна ўсміхаўся?.. Зрэшты, гэта толькі падаецца, што ўсё было проста. А якая вялікая праца здзейснена, каб сёння лунаў у самой атмасферы Клімавічаў настрой "Залатой пчолкі"! Вось таму і ўсмешка Сінкаўца сапраўды абяззбройвала і нагадвала сонейка.

Запомнілася сёлетняя "...Пчолка" і шчырым прыёмам Вольгі Хаўранковай і Алены Дзіваковай, чый клопат незаўважна радаваў. Дарэчы, насельніцтва Клімавічаў тымі днямі значна папоўнілася жыхарамі бліжэйшых раёнаў. І было што паглядзець: на сцэне амфітэатра ў гарадскім парку - дзіцячыя калектывы з Расіі, Украіны, Казахстана, Кыргызстана, Польшчы, Малдовы, Румыніі, Турцыі, Балгарыі. Ну, а больш за ўсіх, вядома ж, - беларусаў.

Пагутарыў з гасцямі і членамі журы "Залатой пчолкі", якія ахвотна дзяліліся ўражаннямі. Спявачка з турэцкай Анкары Чыідэм Гюрдал (яе муж Джэм - не ўпершыню ў журы) адзначыла высокі ўзровень выканаўцаў.Што да беларусаў наогул, дык Чыідэм адзначыла:

- Такіх шчырых людзей сустракаеш рэдка. Пасля майго выступлення да мяне на вуліцах падыходзілі, дзякавалі. Іх усмешкі доўга будуць суправаджаць мяне па жыцці.

 Член журы фестывалю Уладзімір Скараходаў адзначыў, што дзённыя канцэрты фестывалю працягваліся салаўінымі спевамі-трэлямі. "Пэўна, тут - салаўіны край", - заўважыў прафесар музыкі. Мікалай Жукаў, музыка Клімавіцкага духавога народнага аркестра, удзельнічаў ва ўсіх папярэдніх "Залатых пчолках". Цяпер ён падкрэсліў:

- Да наступнага, дзесятага, фестывалю аркестр рыхтуецца ўжо цяпер.

Штэфан Басцінэ з нямецкага Бінгена-на-Рэйне перадаў "Залатой пчолцы" грашовую суму, на якую набылі 150 мяккіх цацак для пераможцаў:

- Мне спадабаўся фестываль. Думаю, у наступным годзе тут выступяць дзеці з майго Бінгена-на-Рэйне, - адзначыў Штэфан.

Кіраўнік дэлегацыі Румыніі Іярдана Сакаўяну ў ацэнцы фестывалю была нешматслоўнай, але максімальна дакладнай: "Захапляльна!"

Старшыня Клімавіцкага райвыканкама Віталь Грышанаў надаў фестывалю максімум увагі, хаця клопатаў у яго, канешне, хапае. Вядома ж, асноўная задача - сельгасвытворчасць, але побач з эканамічнымі дасягненнямі ёсць станоўчыя вектары ў галіне культуры.

Сёлета на святочным шэсці ў дзень закрыцця фестывалю эмблему "Залатой пчолкі" несла вучаніца 8 класа Атолі Харковіч. Гонар ззяў у ейных вачах, астатнія ж удзельнікі шэсця ёй па-добраму зайздросцілі.

На той час міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук назваў удзельнікаў фестывалю народнымі дыпламатамі. Верыцца: сяброўства юных, народжанае на беларускай зямлі, дасць у будучыні свае высакародныя плады.

 Памятае Клімавіччына і подзвіг сваіх землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У вёсцы Малышкавічы нядаўна з'явілася вуліца імя брыгаднага камісара Васіля Васькіна, які загінуў у час баёў пад Клімавічамі. Хутка вуліца імя героя з'явіцца і ў райцэнтраўскай новабудоўлі.

Нечакана тэма подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай атрымала свой працяг. Кіраўнік Управы раёна Ізмайлава Усходняй адміністрацыйнай акругі Масквы Сяргей Чаблакоў паведаміў: пад Вязьмай мясцовыя пошукавікі знайшлі медальён ураджэнца вёскі Краснаполле Клімавіцкага раёна - радавога Леаранцэвіча Георгія Мікалаевіча, 1912 года нараджэння. Так, вайна пакідае шрамы ў нашай памяці... Сёння ж на мірнай зямлі Беларусі гучаць песні. У адной з іх ёсць словы: "Когда поют солдаты, спокойно дети спят..." А калі спяваюць дзеці, сэрца радуецца!

 Юрый ІВАНОЎ,

 наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Клімавічы - Мінск

 Фота аўтара

P.S. У дзень адкрыцця фестывалю "Залатая пчолка" ў старшыні Клімавіцкага райвыканкама Віталя Грышанава нарадзіўся сын. Хто ведае, мо на 15-й "...Пчолцы" мы пабачым Мікіту сярод удзельнікаў?