Зорнае неба народных строяў

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Акадэміі навук Беларусі нядаўна адзначыў 30-годдзе. За апошні час яго фонды папоўніліся цікавымі каштоўнымі прадметамі. Сёння гэтая музейная ўстанова займае пасля Нацыянальнага мастацкага музея і Нацыянальнага музея гісторыі і культуры ганаровае трэцяе месца ў краіне па колькасці захоўваемых тут унікальных экспанатаў.

 /i/content/pi/cult/211/2535/22-1.jpg

 Як адзначыў дырэктар Музея Барыс Лазука, сёння асноўную масу навінак складаюць падарункі, што дорыць мясцовае насельніцтва пад час экспедыцый. Ёсць энтузіясты, якія сябруюць з музеем, і, выпадкова знаходзячы цікавыя рэчы, прыносяць іх да супрацоўнікаў Інстытута. Вядома, шмат цікавага даюць навуковыя экспедыцыі.

Па словах Барыса Андрэевіча, за мінулыя два гады было ажыццёўлена некалькі экспедыцый на Піншчыну. Пад час адной з такіх паездак удалося адшукаць абраз ХVІІ стагоддзя з выявамі Ісуса, Маці Божай і Іаана Хрысціцеля. Ікона мела вялікія пашкоджанні, таму давялося яе закансерваваць, замацаваць фарбавы слой. Цяпер абраз прадстаўлены на выстаўцы, прысвечанай 30-годдзю музея. Таксама з экспедыцый навукоўцы часам прывозяць і цікавыя скульптурныя прадметы. Напрыклад, пасля паездкі на Палессе музей папоўніўся на разное драўлянае ўкрыжаванне, а таксама металічную напольную жырандолю ХІХ стагоддзя.

Наведаўшы музей, можна пераканацца, што аўтэнтычныя рэчы знаходзяцца ў вельмі добрым стане. Калі глядзіш на вопратку, дык ствараецца ўражанне: гэта ж зроблена зусім нядаўна! Насамрэч, многім прадметам па 100 - 200 гадоў. Праўда, яны, па словах дырэктара Музея, перш чым трапіць у экспазіцыю, праходзяць вялікую рэстаўрацыю. "У нас ёсць жаночая світка, - адзначае Барыс Лазука. - Дык вось, калі яна трапіла да нас, праз яе можна было глядзець на зорнае неба і ўсе зорачкі ўбачыць: столькі там аказалася дзірачак. А цяпер складана нават уявіць, што на тканіне меліся значныя пашкоджанні, - настолькі добрая была праведзена рэстаўрацыя".

Дарэчы, значныя сродкі штогод выдаткоўваюцца менавіта на аднаўленне экспанатаў. І хоць у музеі працуе толькі адзін рэстаўратар, сур'ёзная праца ажыццяўляецца "Мінскрэстаўрацыяй". Да таго ж, кіраўніцтва музея ўскладае вялікую надзею на першыя выпускі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, нядаўна адкрытай спецыяльнасці, дзе рыхтуюць рэстаўратараў, у тым ліку - вучаць аднаўленню твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, адзення. Да таго ж, цяпер і Акадэмія мастацтваў таксама пачала рыхтаваць спецыялістаў гэтага профілю.

Што да планаў, дык у бліжэйшы час плануецца ажыццявіць рэканструкцыю музея. У адной з залаў мяркуецца размясціць экспанаты на двух узроўнях, паказаць археалагічныя рэчы як бы ў натуральных умовах, культурныя слаі, дзе яны знаходзяцца. Плануецца выкарыстанне новых тэхнічных сродкаў: камп'ютэраў, экранаў, на якіх можна будзе ўбачыць іншыя прадметы, новае размяшчэнне сакральных твораў, прадметаў этналагічных калекцый. Гэта ўсё будзе ажыццёўлена этапамі.

У музеі традыцыйна збіраліся і збіраюцца помнікі этнаграфіі: народныя строі, прадметы побыту, тканіны. А вось адмысловым пошукам прадметаў побыту гараджан, іх матэрыяльнага атачэння, на жаль, не займаліся. "Мы толькі пачалі збіраць падобныя прадметы, у тым ліку даваенны і пасляваенны касцюмы. Трэба прыкладаць намаганні, каб не згубіць гэты пласт", - падкрэсліў Барыс Лазука. Немагчыма абмінуць і яшчэ адзін музейны клопат. Музей - добра вядомая і паважаная ўстанова, аднак ён не адкрыты для шырокага наведвальніка... Па словах дырэктара, музей знаходзіцца ў структуры Інстытута мастацтвазнаўства, таму абслугоўваюць яго супрацоўнікі аддзела старажытнабеларускай культуры. Але, тым не менш, у дзень праводзіцца па 2- 3 экскурсіі, бываюць і асобныя наведвальнікі. Усяго ж штогод музей наведвае 3- 4 тысячы чалавек. "Але сёння музей пашырае свае межы. Не так даўно прайшла выстаўка касцюмаў і прадметаў побыту ў Заслаўі, адбылася выстаўка ў Ерэване пад час Дзён культуры Беларусі ў Арменіі. Да цікавых выставак можна аднесці экспазіцыю ў Слуцку: мы туды адвезлі слуцкі пояс і фрагменты паясоў. Выстаўка называлася "Ноч са слуцкім поясам". Прыехалі ў Слуцк на спецыяльным транспарце, з аховай, - расказвае Барыс Андрэевіч, - і самае вялікае ўражанне пакінула тое, якую зацікаўленасць у жыхароў горада выклікала падзея: да дзвюх гадзін ночы амаль паўтары тысячы чалавек паглядзела выстаўку. Сёлета слуцкія музейшчыкі збіраюцца сфарміраваць новую экспазіцыю. Цяпер у гэтым горадзе плануецца прадставіць сакральнае мастацтва: абразы, старадрукі, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва".

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

 На здымках: экспанаты Музея старажытнабеларускай культуры.

Фота Юрыя ІВАНОВА