Новыя “старыя” галасы

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Калі канцэрт — гэта, часцяком, сустрэча з даўно вядомым і таму любімым, дык конкурс — заўсёды адкрыццё. Ці хаця б спадзеў на адкрыццё чагосьці пакуль невядомага, але выбітнага. Калі ж ведаеш, што адбор вёўся па ўсёй краіне, і было праслухана ледзь не дзве тысячы прэтэндэнтаў, міжволі ўзгадваеш гісторыю Папялушкі: уладальніцу чароўнага пантофліка шукалі папраўдзе сярод усіх-усіх-усіх. Таму і спадзяванні на праект “Новыя галасы Беларусі”, які быў ініцыяваны Прэзідэнтам краіны, былі параўнальныя хіба з фіналам казкі. Але да фіналу яшчэ далёка — ёсць час ацаніць самі пошукі. Тым больш, што мне давялося паглядзець не толькі тэлеверсію выступлення з Прэзідэнцкім аркестрам адабраных спевакоў, але і само выступленне, што праходзіла ў Палацы Рэспублікі.

/i/content/pi/cult/211/2532/14-1.jpg

 Агульнае ўражанне ад канцэртнай версіі было вельмі добрым. "Безгалосых" не назіралася, асаблівага "фальшу" не адчувалася, нумары - стылёва разнастайныя, ды яшчэ і большасць з іх - харэаграфічна аздобленыя. Сярод 25-ці прэтэндэнтаў прысутнасць літаральна адзінак здавалася "неабавязковай", а два дзесяткі спевакоў, з якіх двое сёстраў выступалі дуэтам, - як на падбор: галасістыя, прыгожыя, маладыя. І ўсе "прымяралі" на сябе "старыя песні" - і пра галоўнае, і пра асабістае: моладзі прапанавалі праспяваць старадаўнія рамансы, хіты беларускай, савецкай, замежнай эстрады, прычым без аніякіх пераасэнсаванняў музычнага матэрыялу. У выніку атрымалася гэткае "караоке", а часам і сапраўдная імітацыя вядомых спевакоў, калі пераймаліся не толькі спеўныя штрыхі, але і самі тэмбравыя адценні голасу зорных знакамітасцей...

Што да тэлеверсіі, то "незацікаўлены" экран не мог схаваць ні выраз вачэй, ні стан душы (а многія пачувалі сябе няўпэўнена), ні дробныя інтанацыйныя хібы, ні праславуты "супрамат" - узаемаадносіны спевакоў і прапанаванага ім музычнага матэрыялу.

У такіх умовах яшчэ больш востра паўстала вечная праблема творчай індывідуальнасці. Існуе навуковая тэорыя, паводле якой нараджэнне чалавечых талентаў размеркавана па геаграфічным прынцыпе абсалютна раўнамерна. Можа, так яно і ёсць. Тым больш, што, паводле яшчэ адной навуковай тэорыі, абсалютна ўсе дзеці - таленавітыя, толькі кожны - у чымсьці сваім. Але ж як выявіць тую індывідуальнасць? Як напоўніцу раскрыць сваё прызначэнне? Гэта застаецца таямніцай - з мноствам прыкладаў у абодва бакі. Які ж з іх выбралі канкурсанты?

Мала "прымерыць" прыгожую "песню-сукенку" - трэба яшчэ адчуваць яе "сваёй", роднай. Такое ўзаемадапаўненне выканаўцы і твора атрымалася ў нямногіх. Мінчанка Марта Голубева, якой дасталася песня з рэпертуару Алы Пугачовай, праспявала яе, бы ўласнае прызнанне. Яно і не дзіва: за плячыма 18-гадовай дзяўчыны - 2гадовая канцэртная "школа" ў складзе ансамбля "Верасы" (праўда, такі ж сцэнічны стаж не дапамог яшчэ адной салістцы "Верасоў" - Вользе Сансевіч: можа, таму, што ёй давялося "кланіраваць" Машу Распуціну). У параўнанніз такімі спрактыкаванымі спевакамі сёлетні выпускнік Лідскага музычнага вучылішча Аляксандр Маркевіч - зусім "зялёны пачатковец", хаця за яго плячыма лаўрэацтвы на тэлепраекце "Зямля пад белымі крыламі", Рэспубліканскім конкурсе "БелАЗаўскі акорд". Здавалася б, хіба можна ў 19 гадоў асэнсаваць пакладзены ў аснову песні "Зімняя ноч" знакаміты верш Барыса Пастэрнака? Бо ён увесь пабудаваны на шматслойных асацыяцыях: свяча як сімвал духоўнасці, завея - знак рэпрэсій, каханне як скрыжаванне лёсаў... Тым не менш, малады спявак змог знайсці ўласную нотку - можа, яшчэ таму, што і сам піша песні? Гэтак жа "не згубіўся" сярод вялікіх тэнараў свету 20-гадовы Еглазар Фарашан з Веткі: яго цудоўныя спевы папраўдзе гучалі годным вакальным прынашэннем "Памяці Каруза". Запомнілася і 24-гадовая міжнародная лаўрэатка Юлія Воляк з Калінкавічаў, якой было прапанавана "Адажыо" Альбіноні (перашкаджала хіба адценне засяроджанасці на твары). Увогуле, гэтак жа выглядалі многія канкурсанты. Можа, у тым выявілася іх уяўленне пра "жорсткасць спаборніцтва"? А вось 19-гадовы Генадзь Чарняўскі з Івянца знайшоў неабходныя фарбы смугі і пяшчоты, нягледзячы на надзвычайную складанасць лучанкоўска-багдановічаўскай песні "Вераніка", ды яшчэ ў аранжыроўцы, дзе аніяк не "прапісана" вакальная партыя, і салісту даводзіцца літаральна блукаць па мудрагелістых рытмаінтанацыйных "лабірынтах".

"Майстар-класам" для канкурсантаў стала выступленне Аляксандра Рыбака, які ўдзельнічаў у працы журы. Уразіла не толькі яго пераможна-"Еўрабачанная" "Казка", што прагучала ў новай выканальніцкай версіі, але і наша знакамітая "Купалінка". Але цудоўная фінальная песня Ізмаіла Капланава, якую з запалам спяваў "зводны хор" канкурсантаў, не завяршыла спаборніцтва: наперадзе - другі тур, што чакаецца ў чэрвені. А пераможцы выступяць потым з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі на "Славянскім базары ў Віцебску".

 На здымку: удзельнікі праекта "Новыя галасы Беларусі".