Брама ў Ружаны і... Кападонію

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Не выпадкова канцэпцыя гэтай незвычайнай выстаўкі ўзнікла ў мастака, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктара Альшэўскага менавіта ў Год роднай зямлі і 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Назва яе — “Легенды нашай цывілізацыі”. Справядліва палічыў творца, што духоўная культура Беларусі ў кантэксце сусветнай культуры мае сваё, асаблівае, нацыянальнае прызначэнне.

/i/content/pi/cult/211/2529/11-1.jpg

 Першапачатковая ідэя арганізаваць такую перасовачную, вандроўную выстаўку на малой радзіме мастака - Магілёўшчыне - належыць старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Барысу Батуру. Менавіта з яго лёгкай рукі 30 карцін Віктара Альшэўскага адправілі ў дарогу па рэгіёне - Бялынічы, Шклоў, Крычаў, Асіповічы, Бабруйск, Магілёў, - каб сродкамі жывапісу паказаць землякам прыгажосць зямлі Беларусі, яе багатую спадчыну, каштоўныя жывыя ніці "ўспамінаў пра будучыню", якія моцна звязваюць нас з гісторыяй чалавечай цывілізацыі.

Барыс Батура ў прадмове да каталога выстаўкі В.Альшэўскага падкрэсліў: "Калекцыя карцін "Легенды нашай цывілізацыі" дапамагае больш глыбокаму пазнанню гісторыі Беларусі, нацыянальнай культуры, традыцый. Палотны мастака гарманічна знітоўваюць у мастацкай прасторы далёкія гістарычныя падзеі і сучаснасць, розныя культуры і народы. І нам адкрываецца, якім дыяментам зіхаціць у свеце наша родная Беларусь. Найперш - яе духоўныя скарбы, святыні, помнікі нацыянальнага дойлідства. Перад карцінамі гэтага мастака адчуваеш жывую, непарыўную сувязь пакаленняў. Ахоплівае гарачае жаданне берагчы родны край, памнажаць яго багацці - прыродныя, духоўныя, культурныя. Сэрцам авалодваюць вялікая любоў і замілаванасць да радзімы, і з новай сілай абуджаюцца мужнасць, пяшчота і гонар".

/i/content/pi/cult/211/2529/11-2.jpg

 Восенню 2009 года выстаўка будзе экспанавацца ў Нацыянальным мастацкім музеі, і тады мінчане ды госці сталіцы таксама пазнаёмяцца з палотнамі мастака, большасць якіх - новыя, выкананыя ў апошнія два гады, у тым ліку "Нікольская царква ў Магілёве", "Слуцкая брама ў Нясвіжы","Крыніца", "Ружаны", "Траекторыя", "Калона Славы. Магілёўская ратуша", "Трансфармацыя", "Свята для кветкі", "Партрэт Валянціна Елізар'ева", "Загадкавая Кападонія" і інш.

Б.К.