Стваральны элемент: вера, веды, этыка, эстэтыка

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

27 мая свой 70-гадовы юбілей адзначыў тэатральны крытык, эстэтык, доктар філасофскіх навук Вадзім САЛЕЕЎ. І да гэтай лічбы мы таксама вырашылі падысці “па-філасофску” — даючы слова юбіляру для разважанняў пра наша сучаснае жыццё і ролю ў ім мастацтва і навукі.

- Вадзім Аляксеевіч, ці схільны вы ў сваё 70-годдзе падводзіць пэўныя вынікі сваёй дзейнасці?

- Зусім не, бо да мяне сама дата падступіла нечакана: я гэтых гадоў не адчуваю. Лічба вымушае "спыніцца, азірнуцца" на мінулае, на зробленае і незробленае. І - паспрабаваць зразумець, што ты ўяўляеш з сябе ў гэтым свеце і што хацелася б яшчэ зрабіць. Мне прыспеў час падумаць пра наступны этап жыцця: адчуваю, што пара ўзяцца за стварэнне выніковай работы. У маім багажы дастаткова кніг па культуралогіі, эстэтыцы, ёсць і мастацкія. Але патрэбна ўжо апошняя, філасофская, кніга: яна абавязкова мусіць быць філасофскай. Зараз мяне цікавіць праца над канцэпцыяй неааксіялогіі - філасофскага вучэння, дзе злучаюцца паняцці каштоўнасці і ацэнкі.

- Ці маглі б вы абазначыць вяршыні ў мінулым і тыя, да якіх яшчэ імкняцеся?

 - Няхай нават я філосаф паводле адукацыі, але большай часткай - чалавек: я проста жыву, стаўлю, безумоўна, перад сабою пэўныя мэты, але ж не адсочваю і не ацэньваю ўсё сваё жыццё з рацыянальных пазіцый. Думаю, рэдкія людзі здольныя на такое. Што да майго лёсу... Нарадзіўся я ў Ленінградзе, але амаль не жыў там. Дзяцінства і юнацтва правёў на беразе Чорнага мора, і лічу, што буйны ўклад у маё выхаванне, які я адчуваю нават зараз, зрабіў абхазскі народ. Калі мне было 5 гадоў, мы прыехалі ў толькі што вызваленае Запарожжа, дзе ў мяне з'явілася любімая бабуля - Еўфрасіння Саўчук, хаця і няродная. Родам з Брэст-Літоўска, як яна казала, бабуля была уніяткай і па сваёй уніяцкай Бібліі вучыла мяне беларускай мове. З гэтага і пачалося маё збліжэнне з Беларуссю.

- Вы ствараеце ўражанне чалавека-касмапаліта. Што ж прывязала да Беларусі?

- Ёсць праўда ў тым, што вы кажаце. Мой эмацыянальны характар пэўным чынам адасабляе мяне ад беларускай ментальнасці - для мяне як для навукоўца гэта зразумела. Але, у той жа час, сучасная французская сацыялогія вызначае нацыянальнасць чалавека паводле яго самасвядомасці. Дык вось, я лічу сабе напалову рускім, напалову - беларусам. І калі я жыў у дзевяностыя гады ў Германіі, у мяне псаваўся настрой ад таго, што ўставаў раніцай і не чуў ніводнага беларускага слова. Сёння я магу сказаць, што вельмі добра ведаю Беларусь, бо хоць раз пабываў у кожным яе гарадку. Толькі ў трох райцэнтрах не чытаў лекцый па лініі аб'яднання "Веды". А ў Нароўлі, да прыкладу, распрацоўваў праграму эстэтычнай рэабілітацыі дзетак, там была наша першая практычная пляцоўка.

- Вы шмат выкладаеце гуманітарныя дысцыпліны. У чым, на вашу думку, заключаецца праблема духоўнасці сёння?

 - Гэта ўвогуле адна з галоўных праблем сучаснага быцця: з нашага жыцця сышло выхаванне - мэтанакіраванае ўздзеянне, напрыклад, на моладзь, з мэтай фарміравання пэўнай сістэмы каштоўнасцей. А ў нас цяпер скажоная сістэма, якая зыходзіць з таго, што рэй вядуць грошы і папулярнасць. Людзі глядзяць з зайздрасцю на тых, хто "засвяціўся" на экране, у каго ёсць дачы, машыны, і самі імкнуцца да таго ж, - а гэта і ёсць бездухоўнасць: пагоня за матэрыяльным, знешнім не закранае ўнутранай сутнасці чалавека, ягонай душы. Я вітаю высілкі нашага Філарэта, які імкнецца далучыць моладзь да веры, што надае ёй пэўны маральны тонус. Але я не згодны з тымі нашымі дзеячамі, у тым ліку і рэлігійнымі, хаця глыбока паважаю і падзяляю іх нематэрыяльныя памкненні, у тым, што духоўнасць складаецца з веры, і толькі. Як сучасны навуковец і метадолаг лічу: духоўнасць, якая з'яўляецца ядром культуры, складаецца з чатырох узаемапранікальных структур: вера, веды, этычная і эстэтычная культура.

- Якая, на вашу думку, роля гуманітарыя і навукоўца ў сучаснасці?..

- Варта адрозніваць два гэтыя паняцці. Я не належу да тых людзей, якія лічаць, што навука павінна замыкацца на "бліжніх" і практычных мэтах. У маладосці ў мяне быў выпадак, які хачу зараз згадаць. Я паступіў на месца малодшага навуковага супрацоўніка ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфііі і фальклору Акадэміі навук, мяне выбралі намеснікам сакратара камітэта камсамола, і там мы ледзь не выключылі з камсамола аспіранта, які часта не наведваў пасяджэнні ды і ўвогуле на працы рэдка з'яўляўся. Але раптам высветлілася, што гэты чалавек зрабіў такое адкрыццё ў сферы элементарных часціц, за якім японцы ганяліся трыццаць гадоў і якое адразу ж дало эфект для народнай гаспадаркі ў мільёнах рублёў! Гэты выпадак паказаў, што навука патрабуе вельмі сур'ёзнага да сябе стаўлення. Сёння, аднак, лічу, навуцы не заўсёды надаецца належная ўвага і месца, у параўнанні з агульнаграмадскімі пытаннямі. З мастацтвам жа справы яшчэ больш складаныя: яго запаланіла масавая культура. Вы запыталіся пра гуманітарыяў, дык вось: без гуманітарнай адукацыі ў чалавека няма культуры. Ён не развіты, у першую чаргу, як асоба, а грамадства вядуць наперад менавіта асобы. Без гуманітарных ведаў, без мастацтва, без развіцця эмоцый з чалавека нічога не атрымаецца, адно толькі - функцыянальны "працяг" станка ці нейкай прылады. На жаль, сёння мае месца ўяўленне: маўляў, калі ты ажыццяўляеш нейкую функцыю, то ў гэтым і заключаецца тваё чалавечае прызначэнне. Я, канешне ж, не падзяляю гэты пункт гледжання.

 - Ці змяняюцца функцыі мастацтва і культуры ва ўмовах сусветнага крызісу?

 - Не, не змяняюцца. У прынцыпе, гэтыя функцыі заўсёды скіраваны на адно: людзі маюць патрэбу ва самаўдасканаленні. Яшчэ Ніцшэ сказаў, што чалавек - гэта напалову звер, напалову анёл. У чалавеку ёсць высокія моманты і ёсць моманты нізкія. Людзі, якім бракуе духоўнасці, па словах Фрома, гэта "аднамерныя людзі": з імі нічога не цікава. Але самае галоўнае - у грамадстве губляецца крэатыўны стваральны элемент, які не купіш ні за якія грошы. Для нашай краіны гэта асабліва важна, бо ў нас няма карысных выкапняў, і менавіта людзі - наш галоўны рэсурс. Таму пытанне ставіцца рубам: здолеем мы цывілізавацца да пэўнай ступені ці не? Я вельмі перажываю за нашу школьную рэформу, у якой зніжаецца значнасць гуманітарных ведаў, а гэта, на мой погляд, не аднаўляльна. Мастацтва робіць чалавека - чалавекам, складанай істотай. А крызіс жа, у рэшце рэшт, страшны тым, што пасяляецца ў нашых галовах. Эканамічныя цяжкасці мы пераадолеем- я ў гэта веру. А вось недахопы ў фарміраванні асобы не выпраўляюцца.

Гутарыў Алекс СТРЭЛ