Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

Ці магчыма дазволіць унутранае сумяшчальніцтва 0,5 стаўкі пасады тэхніка па эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў ва ўстанове адукацыі загадчыку гаспадаркі? Ці мае дачыненне дадзеная пасада да дзяржаўнай асобы, прыраўнаванай да яе асобы у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”? На пытанне адказвае начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ:

- У адпаведнасці з артыкулам 17 Закону Рэспублікі Беларусь "Аб барацьбе з карупцыяй" дзяржаўная службовая асоба не мае права выконваць іншую аплачваемую працу, не звязаную з выкананнем працоўных абавязкаў па месцы асноўнай працы (акрамя выкладчыцкай, навуковай, культурнай, творчай дзейнасці і медыцынскай практыкі).

Да дзяржаўных службовых асоб адносяцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, якія ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на прафесійнай аснове, а таксама іншыя дзяржаўныя служачыя, асобы, што займаюць пасады ў дзяржаўных арганізацыях, Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, другіх войсках і вайсковых фарміраваннях Рэспублікі Беларусь і адносяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь да службовых асоб. Як бачым, да дзяржаўных службовых асоб адносяцца асобы, якія займаюць пасады ў дзяржаўных арганізацыях і адносяцца да службовых асоб. Зыходзячы з вызначэнняў, што маюцца ў заканадаўстве (артыкул 1.3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэннях, артыкул 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), службовая асоба - гэта асоба, якая пастаянна, часова або па спецыяльным паўнамоцтве выконвае арганізацыйна-распарадчыя ці адміністратыўна-гаспадарчыя функцыі.

 Да тых, хто займае пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйнараспарадчых абавязкаў, неабходна адносіць асоб, якія ажыццяўляюць кіраўніцтва дзейнасцю арганізацыі, яе структурных падраздзяленняў, расстаноўку і падбор кадраў, арганізацыю працы ці службы работнікаў, падтрыманнедысцыпліны, прымяненне заахвочвальных мер і накладанне дысцыплінарных спагнанняў і да т. п. Тымі, хто займае пасады, звязаныя з выкананнем адміністратыўнагаспадарчых абавязкаў, патрэбна прызнаваць, у прыватнасці, асоб, якія ажыццяўляюць паўнамоцтвы па кіраванні і распараджэнні маёмасцю і грашовымі сродкамі, а таксама арганізацыю ўліку і кантролю за водпускам і рэалізацыяй матэрыяльных каштоўнасцей. У адпаведнасці з Кваліфікацыйным даведнікам "Пасады служачых, агульныя для ўсіх галін эканомікі", зацверджаным пастановай Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1999 г. № 159, загадчык гаспадаркі адносіцца да кіраўнікоў і ажыццяўляе кіраўніцтва працай па гаспадарчым абслугоўванні арганізацыі ці яе падраздзяленняў, кіруе працай абслугоўваючага персаналу і г. д. Такім чынам, загадчык гаспадаркі выконвае арганізацыйна-распарадчыя функцыі і адносіцца да службовых асоб, а значыць, калі ён працуе ў дзяржаўнай арганізацыі, то з'яўляецца дзяржаўнай службовай асобай.