Фінансаванне рамонту працягнута

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

У № 16 “К” гэтага года пад рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву” быў змешчаны артыкул “Ці шмат імпэту назапасіць СДК у ашчаднай касе?”.Гаворка ў ім вялася пра аграгарадкі Сенненскага раёна, што з-за недахопу грошай на рамонт устаноў культуры трапілі ў лік пераходных, пра будынак РДК, які маральна і матэрыяльна састарэў. Публікацыя была накіравана на рэагаванне. Вось што адказвае рэдакцыі старшыня Сенненскага райвыканкама Эдуард Герасіменка:

"Артыкул "Культуры" разгледжаны на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. У Сенненскім раёне чатыры аб'екты ўстаноў культуры з'яўляюцца пераходнымі: "Мадэрнізацыя сельскага Дома культуры ў Ходцах", "Мадэрнізацыя сельскага клуба ў Багданаве", "Капітальны рамонт сельскага клуба ў Студзёнцы", "Рэканструкцыя СДК у Белай Ліпе". Невыкананне паказчыкаў Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005 - 2010 гады тлумачыцца тым, што раённы бюджэт фінансуецца дзяржавай на 70 працэнтаў. На 01.05.2009 г. завершаны рамонтна-будаўнічыя работы на аб'екце "Мадэрнізацыя СДК у Ходцах". Асвоена 1022,0 млн. рублёў. У абноўленым будынку размясціліся сельскі Дом культуры, музычная школа, бібліятэка. Урачыстае адкрыццё адбылося 30.04.2009 г. Цяпер вядуцца работы на аб'екце ў Студзёнцы: уладкаванне ацяплення, унутраныя і знешнія аддзелачныя работы, уладкаванне павеці для захоўвання мясцовых відаў паліва, добраўпарадкаванне. Асвоена 54,2 млн. рублёў, з іх 7,5- у бягучым годзе, аплачана - 46,7 млн. рублёў. Для рамонтна-будаўнічых работ са сродкаў раённага бюджэту выдаткоўваецца 58,4 млн. рублёў. Тэрмін уводу аб'екта - чэрвень 2009 года. На аб'екце ў Багданаве асвоена ,8 млн. рублёў. Запазычанасці за выкананыя работы няма. Неабходна выканаць тэрманавацыю вонкавых сцен, добраўпарадкаванне. Рэшта наяўных фінансавых сродкаў складае 82 млн. рублёў. У кастрычніку 2008 года пачаліся рамонтна-будаўнічыя работы ў Белай Ліпе. Асвоена 51,5 млн. рублёў. Запазычанасць - 83,2 млн. рублёў: генпадрадчыку ПГБУП "Будкамгандаль" - 18,9 млн., праектнаму інстытуту "Віцебскаблсельбудпраект" - 63,6, тэхнагляду - 0,7 млн. рублёў. Для завяршэння рамонтнабудаўнічых работ згодна з праектнакаштарыснай дакументацыяй неабходна 1040,6 млн. рублёў. Сенненскі РДК мае патрэбу ў рэканструкцыі, бо будынак - 1937 года ўзвядзення, а капітальны рамонт праводзіўся 20 гадоў таму. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя па рэканструкцыі РДК. Каштарысны кошт у дзеючых цэнах - 3 млрд. рублёў. Працягласць выканання рамонтна-будаўнічых работ складае 14 месяцаў. На 2009 год з раённага бюджэту выдаткавана 180 млн. рублёў. Заказчыкам і распарадчыкам фінансавых сродкаў вызначана КУП "Сенненскае УКБ". "Віцебскаблрэмбуд" вядзе вышукальныя работы, высвятляючы магчымасць надбудовы аднаго дадатковага паверха пры рэканструкцыі РДК і будынка цэнтральнай раённай бібліятэкі ў Сянно. Для выканання поўнага аб'ёму работ згодна з праектна-каштарыснай дакументацыяй (прыбудова танцзалы, ЗАГСа, Дома рамёстваў, бібліятэкі, рамонт існуючага РДК) Сенненскі раённы выканаўчы камітэт просіць аказаць фінансавую падтрымку з абласнога бюджэту з уключэннем аб'екта ў інавацыйную Праграму 2010 года".

 А вось адказ начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага:

 "Па даручэнні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ўпраўленне культуры разгледзела пытанні, азначаныя ў артыкуле "Ці шмат імпэту назапасіць СДК у ашчаднай касе?", надрукаваным на старонках газеты "Культура," і паведамляе наступнае. Сапраўды, у Сенненскім раёне існуюць праблемы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. Аб'екты культуры, якія падлягаюць уладкаванню ў аграгарадкі, маюць слабую матэрыяльную базу. Як правіла, гэта будынкі 60-х гадоў, якія не рамантаваліся з часу пабудовы. Ha іх умацаванне неабходны работы капітальнага характару са значнымі будаўнічымі аб'ёмамі і падоўжанымі нарматыўнымі тэрмінамі будаўніцтва. За перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі ў Сенненскім раёне з 7 аб'ектаў культуры аграгарадкоў здадзены ў тэрмін і працуюць толькі 3. Асвоена грашовых сродкаў больш за 1,5 млрд. рублёў. Засталіся пераходныя аб'екты з патрабуемым аб'ёмам фінансавання 1,2 млрд. рублёў. Райвыканкамы самі распрацоўваюць пашпарты аграгарадкоў, дзе плануюць выкананне і кошт будаўнічых работ. Але недастатковасць сродкаў з года ў год нарошчвае аб'ёмы незавершанага будаўніцтва. У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага аблвыканкама ад 04.05.2009 г. № 264 у 2009 годзе прадоўжана фінансаванне рамонту на пераходных аб'ектах культуры аграгарадкоў 2006 - 2007 гг. Дзякуючы гэтаму завершаны работы і ўведзены ў эксплуатацыю Дом культуры в. Ходцы - аграгарадка 2006 г. Таксама забяспечана фінансавая магчымасць працягу рамонту Багданаўскага клуба. Згодна з заявамі райвыканкама на развіццё сацыяльнай сферы аграгарадкоў 2008 - 2009 гг. у раён накіравана 2,4 млрд. рублёў (рашэнне аблвыканкама ад 13.05.2009 г. № 284), у тым ліку на ўладкаванне ўстаноў культуры в. Студзенка і в. Белая Ліпа. Белаліпская сельская бібліятэка часова пераведзена ў чатырохпакаёвую кватэру жылога двухпавярховага дома. Па даных статыстычнай справаздачы, у Белаліпскай сельскай бібліятэцы за 2008 год, у параўнанні з 2007 годам, колькасць чытачоў паменшылася на 40 чалавек і складала на канец года 430 чалавек. А колькасць наведванняў, наадварот, павялічылася на 145 і складала 3194 наведванні. У наступны час праводзіцца работа па ўпарадкаванні астатніх памяшканняў установы. Што да клуба, дык яго перавод у памяшканне ашчаднай касы з'яўляецца вымушанай часовай мерай на перыяд рамонту. Па пытанні фінансавай дапамогі ў рэканструкцыі Сененскага раённага Дома культуры паведамляем наступнае. Улічваючы тое, што неабходны аб'ём інвестыцый на гэты аб'ект складае каля 3,0 млрд. рублёў, а цэнтралізаваны фонд упраўлення культуры на рамонт у 2009 годзе не прадугледжаны, упраўленне культуры выступіла з хадайніцтвам перад аблвыканкамам аб уключэнні аб'екта ў абласную інвестыцыйную праграму. Такім чынам, цяжкае эканамічнае становішча і абмежаванасць фінансавання прымушаюць планаваць рамонт з улікам існуючых сродкаў. Упраўленне культуры і надалей будзе весці кантроль і супрацоўніцтва па рэалізацыі планавых заданняў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005- 2010 гады і ў межах сваёй кампетэнцыі рэгуляваць пытанні, якія патрабуюць рашэння на абласным узроўні".