Інфармацыя аб адкрытым маладзёжным конкурсе на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г


У адпаведнасці з даручэннем Кіраўніка дзяржавы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з грамадскімі аб'яднаннямі "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", "Беларускі саюз кінематаграфістаў", "Саюз пісьменнікаў Беларусі", а таксама вытворча-творчым рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам "Беларускі відэацэнтр" штогод праводзіць адкрыты маладзёжны конкурс на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мастацкага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы (далей - Конкурс). Конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення і стымулявання эстэтычных пошукаў маладых аўтараў, увасаблення і прасоўвання іх сцэнарных работ на экраны рэспублікі. Да ўдзелу ў Конкурсе дапускаюцца паўналетнія грамадзяне, узрост якіх на момант прадстаўлення заявы на ўдзел у Конкурсе не перавышае трыццаці аднаго года. Для ўдзелу ў Конкурсе аўтары павінны накіраваць на адрас Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (пр-т Пераможцаў, 11, 220004, г. Мінск) з пазнакай "На конкурс":

 заяву па форме згодна з дадаткам; літаратурны сцэнарый мастацкага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы, у двух экземплярах; копіі старонак дакумента, што сведчыць асобу заяўніка, якія ўтрымліваюць звесткі аб прозвішчы, імені, імені па бацьку, даце і месцы нараджэння, месцы жыхарства заяўніка (пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, нацыянальны пашпарт грамадзяніна замежнай дзяржавы, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, іншы дакумент, што ўтрымлівае звесткі, якія сцвярджаюць асобу заяўніка).

Літаратурны сцэнарый павінен быць прадстаўлены на папяровым носьбіце ў фармаце А4 (на адным баку ліста, шрыфт Times New Roman (Times New Roman Cyr), звычайны, памер- не менш за 14 пунктаў, міжрадковы інтэрвал - двайны). Літаратурныя сцэнарыі не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца. Падвядзенне вынікаў Конкурсу праходзіць у перыяд з 1 кастрычніка па 30 лістапада 2009 г. Пераможцам Конкурсу ўручаюцца адпаведныя дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры:

адна першая - 40 базавых велічынь;

адна другая - 30 базавых велічынь;

адна трэцяя - 20 базавых велічынь.

Памер грашовай прэміі вызначаецца, зыходзячы з памеру базавай велічыні, устаноўленай у Рэспубліцы Беларусь на дзень выплаты прэміі. Па выніках Конкурсу журы, пры неабходнасці, можа перагледзець колькасць і памер прэмій. Аргкамітэт мае права засноўваць дадатковыя заахвочвальныя прызы і дыпломы, іншыя формы заахвочвання ўдзельнікаў Конкурсу. Абвяшчэнне вынікаў Конкурсу і ўзнагароджванне пераможцаў ажыццяўляецца 17 снежня 2009 г. у межах правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню Дня беларускага кіно. Сцэнарысты-прызёры будуць рэкамендаваны для экранізацыі на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

 Больш падрабязная інфармацыя змешчана на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: http://kultura.by/ Тэлефон для даведак у Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: (017) 209-43-86.