“...Наш агульны дом” у гонар Перамогі

№ 23 (891) 06.06.2009 - 12.06.2009 г

27 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі ўрачыста адкрыецца VIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур “Мы разам кавалі Перамогу”.

Як распавяла "К" дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Ірына Лемцюгова, у святочных мерапрыемствах возьмуць удзел лепшыя калектывы і салісты звыш 10 нацыянальных суполак, якія пражываюць у Беларусі. Перад пачаткам фестывалю запланавана прэс-канферэнцыя, а пасля ў Белдзяржфілармоніі распачнецца ўрачысты канцэрт. Сёлета арганізатарамі фестывалю падрыхтавана для наведвальнікаў і гасцей незвычайная акцыя: на пляцы перад філармоніяй разгорнецца тэатралізаваная дзея пад назвай "Беларусь - наш агульны дом". Пад адкрытым небам запланавана выстаўка нацыянальных рамёстваў і выстаўка-дэгустацыя, дзе можна будзе пакаштаваць нацыянальныя стравы краін - удзельніц фестывалю. Таксама каля філармоніі будуць праходзіць выступленні нацыянальных творчых калектываў, праводзіцца шматлікія конкурсы і гульні, адбудуцца паказальныя выступленні тэатра роставых фігур.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ