Расці, “Маладзічок”!

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

14 і 15 красавіка ў Маладзечна прайшоў ІІ адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні. Таленавітых, раскаваных і галасістых дзяцей у нашай краіне шмат — гэты тэзіс агульнавядомы. У той жа час, дзіцячых эстрадных конкурсаў і песенных фестываляў няшмат. З супастаўлення гэтых вельмі простых думак два гады таму і нарадзілася ў Маладзечне ідэя стварыць конкурс, які дапамог бы юным выканаўцам выявіць свае здольнасці.

Зразумела, што правядзенне кожнай буйной мастацкай акцыі немагчыма без фінансавай і арганізацыйнай падтрымкі раённай улады. І можна толькі парадавацца, што ідэя мастацкага кіраўніка конкурсу, вядомага беларускага кампазітара Алены Атрашкевіч знайшла падтрымку і ў Маладзечанскім райвыканкаме, і ў супрацоўнікаў Палаца культуры на чале з дырэктарам Святланай Сарока. Палац і зрабіўся пляцоўкай для правядзення конкурсу.

Першы “Маладзічок” адбыўся два гады таму. Сёлетні быў другім па ліку. На першы, адборачны тур паступіла больш за 100 заявак ад дзяцей, што займаюцца ў музычных студыях і калектывах у розных рэгіёнах Беларусі. Пасля адбору засталося амаль 40 найбольш моцных канкурсантаў. Іх падзялілі на чатыры ўзроставыя падгрупы. Першая — ад 6 да 9 гадоў, другая — 10 — 12, трэцяя — 13 — 15 і чацвёртая — 16 — 18. Логіка ў такім падзеле была, бо калі прадстаўнікі першай групы часам падаваліся зусім малымі дзецьмі, дык прадстаўнікі трэцяй і чацвёртай — фактычна дарослымі. Па ўмовах конкурсу, кожны выканаўца павінен быў прадставіць дзве рознахарактарныя песні, прычым, адну з іх — на мове сваёй краіны. Такім чынам, журы, у якое ўвайшлі вядомыя ў музыцы асобы і якое ўзначаліў вядомы кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны, ацэньвала амаль 40 выканаўцаў і амаль 80 песень.

Найбольш ярка і самабытна выглядалі на “Маладзічку” апрацоўкі беларускіх народных, а таксама беларускамоўныя і рускамоўныя аўтарскія песні. Упрыгожвалі конкурсную праграму песні І.Лучанка, Э.Ханка, У.Мулявіна, Э.Зарыцкага. Сярод аўтарскіх былі ярка і разнастайна прадстаўлены песні мастацкага кіраўніка конкурсу А.Атрашкевіч, напісаныя ў сааўтарстве з рознымі паэтамі, — Т.Атрошанка, В.Жуковічам, Н.Танюкевіч.

Сапраўды цікавая і яркая дзіцячая эстрадная песня павінна быць зразумелай, даступнай, але адначасова і вельмі стыльнай, зробленай сапраўднымі “профі”. Асабліва красамоўна гэты тэзіс пацвердзіла юная спявачка Дамініка з Крупак Мінскага раёна, якая зрабілася нечаканым адкрыццём конкурсу, узрушыла публіку і членаў журы і цалкам справядліва атрымала ў рэшце рэшт Гран-пры.

“Некаторыя нашы эстрадныя спевакі і побач з такой выканаўцай не стаялі”, — эмацыйна заўважыла пад час абмеркавання адна з членаў журы. Дамініка выбрала вельмі складаныя песні — трагедыйную, магутнага гучання “Баладу” Д.Далгалёва на словы У.Пецюкевіча, а таксама вакальна надзвычай віртуозны “Пірацкі блюз” (музыка і словы Е.Паранінай). Юная артыстка грунтоўна падрыхтавалася да конкурсу. Выбар песень, адпаведны сцэнічны касцюм, глыбіня пражывання эмоцый, а галоўнае, вакал — усё працавала на вобраз.

Дамініка — псеўданім юнай спявачкі, якой 13 гадоў. “До” і “мі” — гэта ноты, інтэрвал паміж якімі, як, вядома, утварае тэрцыю і мажорны гукарад, а “Ніка” — частка імя і імя багіні перамогі. Дамініка — фіналістка беларускага тура міжнароднага конкурсу “Дзіцячае Еўрабачанне”. Маці дзяўчынкі з’яўляецца яе педагогам па вакале, бацька займаецца аранжыроўкамі песень.

Акрамя Дамінікі, на конкурсе было шмат адкрыццяў — такім стаўся фактычна кожны лаўрэат. Выбар пераможцаў не выклікаў рознагалоссяў і гарачых спрэчак у журы, бо лідэры акрэсліліся адразу. Дзеці і падлеткі, якія ўдзельнічаюць у конкурсах не першы раз і маюць багаты вопыт выступленняў, былі, натуральна, больш раскаваныя, адчувалі сябе больш свабодна на сцэне. Другая і трэцяя ўзроставыя групы аказаліся найбольш шматлюднымі. Тут канкурэнцыя была больш суровая, і некаторым выканаўцам не хапіла зусім крыху, каб аказацца пераможцамі. Гала-канцэрт пераможцаў толькі пераканаў — рашэнне журы было справядлівым і дакладным, бо ў лік лаўрэатаў трапілі сапраўды самыя яркія, галасістыя і таленавітыя.

У межах конкурсу прайшлі майстаркласы, “круглы стол” з удзелам членаў журы і кіраўнікоў калектываў. Фестываль паспяхова завяршыўся. Будзем чакаць наступнага, які адбудзецца праз два гады. А тое, што “Маладзічок” расце і дужае, — сумненняў ні ў кога няма. Ні ў юных артыстаў, ні ў членаў журы, ні ў гледачоў…
 

Дыпломы першай ступені ў розных узроставых катэгорыях атрымалі Наталля ВЕРАМЕЙЧЫК з Ліды, Крысціна ЗБРАЛЕВІЧ з Лунінца, Дар’я БАНЦЮШЭЎСКАЯ з Магілёва, Шаміль МАМЕДАЎ з Мінскага раёна. Дыпломамі другой ступені адзначаны Вера ЛЯВІЦКАЯ і Дар’я САВІЦКАЯ з Маладзечна, Галіна КЛАБУКОВА з Мінска, Вікторыя ІЛЬКЕВІЧ з Вілейкі. Дыпломы трэцяй ступені журы ўручыла Настассі АСМАЛОЎСКАЙ з Мінска, Лізавеце ВОЙТУЛЬ з Баранавіцкага раёна, Ганне НЕМЕЦ з Лунінца. Прызам “Надзея” ўзнагароджаны Арцём ЦІТКО з вёскі Шчэпічы Клецкага раёна. Спецыяльны прыз ад вядомай эстраднай спявачкі Жанет атрымала Таццяна ВАЙТОВІЧ з Гродна. Прыз глядацкіх сімпатый прысуджаны Паліне КАВАЛЬ, выхаванцы студыі “Наталі”, якая на мінулым “Маладзічку” была адной з вядучых конкурсу.  

Таццяна МУШЫНСКАЯ
Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА