Прыязджалі Радзівілы

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

24 — 28 мая Беларусь з прыватным візітам наведалі дзесяць нашчадкаў знакамітага роду Радзівілаў. Найстарэйшая з іх — польская княгіня, 91-гадовая Эльжбета Радзівіл-Тамашэўская і яе сын Альбрэхт Чартарыйскі. Двое нашчадкаў, унукі княгіні — Аляксандр і Ксавер Тамашэўскія прыбылі з Партугаліі і Францыі, дзе яны жывуць, астатнія — грамадзяне Польшчы: Марыя Ганна, Дамінік, Мікалай, Антон, Матэй, яшчэ адна — Эльжбета Радзівілы.

/i/content/pi/cult/210/2508/3-2.jpg
 За час візіту госці наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, музей Акадэміі навук, Нацыянальны музей гісторыі і культуры, Літаратурны музей Якуба Коласа, Мірскі замак і Нясвіжскі палац. Каля дзвюх гадзін правялі госці ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, дзе падрабязна азнаёміліся са знакамітай калекцыяй партрэтаў князёў Радзівілаў канца XVI - пачатку ХІХ стст. Гэтыя творы (больш за сорак), зробленыя паводле ўзораў заходнееўрапейскага мастацтва, але з улікам трывалай нацыянальнай традыцыі, выклікалі асаблівы інтарэс гасцей, бо ў іх адлюстраваны вобразы кроўных продкаў сённяшніх Радзівілаў. Асаблівую ўвагу, у прыватнасці, княгіні Эльжбеты Радзівіл-Тамашэўскай выклікалі партрэты сястры Альбрэхта Станіслава Радзівіла - Хрысціны Яўхіміі Радзівіл, абатысы манастыра ў Нясвіжы; Юрыя Радзівіла, "Геркулеса Літоўскага". Спыняліся госці каля выяў Альбрэхта Станіслава Радзівіла, вялікага канцлера літоўскага, аўтара мемуараў і літаратурных твораў духоўнага зместу; Уладзіслава Дамініка Астрожскага, першага мужа Кацярыны Радзівіл Сабескай, сястры Караля Яна ІІІ, Міхаіла Казіміра Радзівіла "Рыбанькі", ваяводы віленскага і гетмана вялікага літоўскага, сына Караля Станіслава, яго жонкі Ганны Людавікі Радзівіл...

Шмат хвілін сям'я Радзівілаў правяла каля іконы Божай маці Трокскай, якая сёння яшчэ знаходзіцца ў рэстаўрацыі, але спецыяльна для гасцей была выстаўлена ў залу. Пані Эльжбета ў даваенныя гады пастаянна жыла з маці ў Парыжы, але на летнія вакацыі наведвала бацьку ў Нясвіжы. І яна памятае гэтую ікону, калі тая ўпрыгожвала касцёл. Аказваецца, яе бацька князь Альбрэхт - апошні гаспадар Нясвіжскага замка - у 1935 годзе, за 4 месяца да смерці, падарыў ікону касцёлу. У 50-я гады ХХ ст., калі касцёл парушылі, яе выратавала адна жанчына, схавала ў сябе дома, а ў канцы 80-х гадоў перадала ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР. Праўда, карона Божай Маці, відаць, з каштоўнымі камянямі, не захавалася, але старадаўняя рыза ацалела. Дадам, што апошнім разам пані Эльжбета наведала Нясвіж у 1993 годзе.

Барыс КРЭПАК

 На здымку: нашчадкі роду Радзівілаў каля партрэтаў сваіх продкаў у Нацыянальным мастацкім музеі.

Фота Юрыя ІВАНОВА