Грандыёзна!

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

27 мая выстаўкай народных майстроў і гала-канцэртам “Віцебшчына — калыска маёй Беларусі”, што адбыліся ў Палацы Рэспублікі, завяршыўся цыкл творчых справаздач абласцей, прысвечаных 65-годдзю вызвалення нашай краіны ад нямецкафашысцкіх захопнікаў.

Віцебскі канцэрт аказаўся надзвычай яркім, насычаным, разнастайным, багатым на разнажанравыя нумары. Вядома, адна з кульмінацыйных старонак справаздачы, паводле традыцыі, ахоплівала тэму Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі. Віцебшчына здзівіла і тут, выкаціўшы на сцэну, што ў гэтым нумары ўяўляла з сябе лясную паляну, сапраўдны грузавік ваенных часоў. Асобнай разгорнутай кампазіцыяй была адзначана ў канцэрце творчасць Марка Шагала, згаданы і іншыя асобы розных стагоддзяў, якія фарміравалі аблічча віцебскага краю і ўсёй краіны. Як заўсёды,багата была прадстаўлена народная творчасць. Яе лейтматывам стала тэма кірмашу. Пры гэтым кожны з калектываў змог паказаць свае самыя адметныя нумары-"візітоўкі". Усяго ў праграме ўзялі ўдзел больш за 40 творчых калектываў вобласці, якія аб'ядналі звыш тысячы талентаў розных узростаў - ад 4-х да 82-х гадоў. Так, канцэрт Віцебшчыны стаўся цудоўным заключным акордам творчых справаздач, шчодрым россыпам цікавых ідэй і мастацкіх "разыначак".

Больш падрабязную інфармацыю і разгорнуты фотарэпартаж аб творчай справаздачы Віцебшчыны чытайце ў наступным нумары "К"