У перспектыве — кансорцыум

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

З 25 па 27 мая праходзіў форум бібліятэкараў Беларусі. Як паведаміла “К” каардынатар рэспубліканскага мерапрыемства, старшыня савета Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталля Чуева, гэта першы бібліятэчны форум такога маштабу, які быў наладжаны за апошнія дзесяцігоддзі. Тэма форуму: “Гуманітарна-асветніцкая дзейнасць бібліятэк у кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей і Беларускай дзяржаўнасці”.

Адкрыццё форуму адбылося ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Тут сабраліся бібліятэчныя работнікі рэспублікі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальных цэнтраў прававой інфармацыі і інтэлектуальнай уласнасці, Нацыянальнай кніжнай палаты...

На думку Наталлі Чуевай, форум бібліятэкараў з усебаковым аналізам і абмеркаваннем надзённых пытанняў бібліятэчнай справы варта ладзіць раз на тры-чатыры гады. На сёлетнім Форуме ўзнімаліся праблемы ўдасканалення нарматыўнаправавой базы ўстаноў, укаранення найновых тэхналогій, развіцця электронных рэсурсаў, матэрыяльна-тэхнічнай базы...

Праблемы бібліятэчнай справы гучалі цягам трох дзён. Пасля адкрыцця форум выехаў у Лагойскі раён. Тут, на базе пансіяната "Рудня", доўжылася работа трох секцый: "Роля бібліятэкі ў духоўным, інтэлектуальным і культурным развіцці асобы і грамадства", "Інавацыйная дзейнасць бібліятэк", "Бібліятэкар у сістэме міжасобасных камунікайцый". Усё прайшло арганізавана і прафесійна. У рабоце секцый узялі ўдзел 150 спецыялістаў. Прагучала больш за 50 выступленняў. Быў абагульнены вопыт работы беларускіх бібліятэк: ад сельскай да сталічнай. Гаворка ішла і пра стварэнне бібліятэчнага кансорцыума, дзяржаўнай праграмы папулярызацыі чытання.

Начальнік аддзела культуры Лагойскага райвыканкама Пётр Вабішчэвіч не толькі прымаў удзельнікаў форуму на гасціннай зямлі свайго раёна, але цягам работы секцый наладжваў дзелавыя стасункі з калегамі. Усё прайшло канструктыўна, перакананы ён. А сярод прааналізаваных праблем найбольш важнымі датычна раёна падаліся папаўненне кніжнага фонду, набыццё аргтэхнікі і падрыхтоўка бібліятэкараў да працы ва ўмовах усеагульнай камп'ютэрызацыі.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ