“Ой, у полі жыта” два стагоддзі таму

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Фальклор апавядае: скарбы, схаваныя калісьці ў зямлі, у пэўны час здольны выходзіць на паверхню. Народная вера ў цуд вяртання, мабыць, небеспадстаўная. Пра гэта думаеш кожны раз, калі прыгадваецца драматычны лёс Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні — сапраўднай скарбонкі каштоўнасцей беларускага мастацтва, гісторыі і культуры. Заснавальнік музея Іван Луцкевіч і яго паслядоўнікі не толькі збіралі каштоўныя экспанаты — яны рэканструявалі мінулае і, у нечым, канструявалі будучыню беларусаў як нацыі.

/i/content/pi/cult/210/2500/22-1.jpg
 Мара аб аднаўленні музея ўжо колькі разоў была матэрыялізавана на паперы ў рэкамендацыях навуковых канферэнцый, грамадскіх зваротах, нават у рашэннях, прынятых на дзяржаўным узроўні як у Беларусі, так і ў Літве.

Сёлета будзем адзначаць 90 гадоў з дня заўчаснай смерці заснавальніка музея Івана Луцкевіча, а неўзабаве- у 2011-м - споўніцца 90 гадоў з таго часу, як Беларускім навуковым таварыствам у Вільні быў створаны Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Пра гэта прыгадалася, калі на пачатку года мне давялося трымаць у руках дакументы невядомага да гэтага часу архіва Беларускага музея, якія, нібы спраўджваючы народную веру ў схаваныя да часу скарбы, нечакана з'явіліся нам.

Дакументы фонду беларускага фалькларыстычнага архіва, які паходзіць з Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, складаюць тры скрынкі папяровых дакументаў у выглядзе сшыткаў, асобных аркушаў і тэматычных падборак. Яны датуюцца перыядам з 1817 па 1944 год і тэрытарыяльна ахопліваюць большую частку Беларусі, а таксама беларускае этнічнае памежжа ў Латвіі і на Смаленшчыне.

 Фалькларыстычныя частка архіва Беларускага музея, якая тычыцца выключна беларускай культуры і дзеячаў беларускага культурнаасветнага руху, засталася ў Вільні і апынулася ў Інстытуце літоўскай літаратуры і фальклору. Пра існаванне беларускага фонду ў фальклорным архіве Інстытута літоўскай літаратуры і фальклору забыліся на доўгія гады. У 1960 годзе была апрацавана картатэка беларускіх мелодый. Да апошняга часу беларускія фалькларыстычныя матэрыялы заставаліся незапатрабаванымі. А між іншым, у картатэцы ўзораў беларускіх фальклорных мелодый - каля 1000 картак. На кожнай з іх пазначаны нумар мелодыі, на беларускай лацініцы дадзены наступныя звесткі: сігнатура збору, месца запісу мелодыі, прозвішча інфарматара, хто і калі зрабіў запіс; музычная характарыстыка мелодыі. Найбольш даўняя песня - "Ой, у полі жыта" з-пад Мазыра - была перапісана Рамуальдам Зямкевічам і датуецца 1849 - 1855 гадамі. Картатэка змяшчае запісы песень і нот, што былі зроблены Еўдакімам Раманавым, Сымонам РакМіхайлоўскім, Антонам Грыневічам.

Мяркуючы па ўзорах друкаваных картак, дзе запісаны фальклорныя матэрыялы, картатэка беларускіх мелодый была створана ў ваенныя гады. У гэты час у Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча працавалі польскі кампазітар Тадэуш Шэлягоўскі і выпускнік Віленскай кансерваторыі і кафедры этнаграфіі і этналогіі Віленскага універсітэта, этнамузыколаг Генадзь Цітовіч, якія і маглі быць яе складальнікамі. Застаецца шкадаваць, што гэты вялізны і каштоўны збор народнага меласу быў недасягальны для беларускіх фалькларыстаў і не ўлічаны пры складанні шматтомнага выдання "Беларуская народная творчасць".

Але не толькі ў сучасным Вільнюсе захоўваюцца матэрыялы каштоўнай картатэкі беларускіх мелодый са збору Беларускага музея. Па звестках, атрыманых ад беларускага архівіста Віталя Скалабана, удалося адшукаць у Мінску другую частку гэтай картатэкі, якая, як аказалася, пры падзеле музея ў 1945 годзе ўсё ж апынулася на Беларусі. Карткі можна было ўбачыць у фотакартатэцы Музея Вялікай Айчыннай вайны. На вялікі жаль, яна ў свой час не трапіла ў поле зроку прафесійных этнамузыколагаў і фалькларыстаў, а тагачасныя супрацоўнікі музея выкарысталі яе як падручны матэрыял для складання фотатэкі Музея Вялікай Айчыннай: карткі, прывезеныя з Вільні, разрэзвалі на дзве часткі і запаўнялі з адваротнага чыстага боку інфармацыяй аб музейных фотаздымках. Зараз ужо немагчымасказаць, колькі менавіта картак архіва беларускіх мелодый са збору Беларускага музея знікла такім чынам. Па словах цяперашніх супрацоўнікаў музея, не менш за некалькі дзесяткаў.

Трэцяя частка картатэкі ў якасці падручнага матэрыялу апынулася ў свой час у цяперашнім Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, дзе таксама, дзякуючы каштоўнасці кардону, у пасляваенны час трапіла ў новай якасці ў фотатэку музея. Сёння супрацоўніца музея Надзея Саўчэнка распазнала ў гэтых "пераніцаваных" картках экспанаты Беларускага музея, і з дзесятак іх былі пераведзены на захаванне ў фонды. Такім чынам, калі звесці разам тры часткі раскіданай картатэкі беларускіх мелодый са збору Беларускага музея, то ў ёй налічым больш за 1000 адзінак захавання.

Фалькларыстычны архіў Беларускага музея, які знаходзіцца ў Вільнюсе, і яго рэшта, што трапіла ў Мінск, з'яўляюцца вынікам вялікай збіральніцкай працы прафесійных этнамузыколагаў, этнографаў і аматараў народнай творчасці на працягу 1906 - 1940 гадоў. Разумеючы каштоўнасць гэтых дакументаў для гісторыі і даследавання айчыннай культуры, Музей збіраў іх у сваім архіве.

Адкрыццё гэтага збору ставіць пытанне аб яго вяртанні на Беларусь. У сучаснай рэальнасці паняцце "вяртанне" азначае стварэнне магчымасцей для выкарыстання матэрыялаў архіва як мага больш шырокім колам даследчыкаў фальклору, музыколагаў, гісторыкаў і біёграфаў, дзеячаў беларускай культуры. У першую ж чаргу неабходна правесці яго тэрміновую архіўную апрацоўку, стварыць вопісы дакументаў. Тэхнічны прагрэс дазваляе на падставе камп'ютэрных тэхналогій стварыць копіі дакументаў, зводнага каталога яго частак, якія захоўваюцца ў Вільнюсе і Мінску.

 Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ, кандыдат мастацтвазнаўства