На вобраз працуе ўсё!

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

У Маладзечне з поспехам прайшоў “Маладзічок” — ІІІ Адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні. У ім выступілі 52 спевакі ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Па ўмовах, кожны павінен быў прадставіць дзве рознахарактарныя песні, прычым адну — на мове сваёй краіны.

/i/content/pi/cult/210/2498/19-2.jpg
 

Правядзенню конкурсу папярэднічала амаль паўгода арганізацыйнай працы. Цікава, што калі на папярэдні конкурс паступіла больш за 100 заявак, дык на сёлетні - удвая больш. Арганізатары правялі вялікую працу, праслухаўшы дасланы аўдыёматэрыял, каб адабраць удзельнікаў.

 Мастацкім кіраўніком "Маладзічка" з'яўляецца вядомы беларускі кампазітар Алена Атрашкевіч, якая шмат гадоў (і надзвычай паспяхова) працуе ў галіне эстраднай песні, кіруе ўзорнай студыяй "Спяваем разам", што існуе пры Палацы. Выхаванцы студыі неаднойчы станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі разнастайных рэспубліканскіхі міжнародных конкурсаў. І можна толькі парадавацца, што ідэя А.Атрашкевіч аб правядзенні конкурсу знайшла падтрымку і ў Маладзечанскім райвыканкаме, і ў супрацоўнікаў Палаца культуры на чале з дырэктарам Святланай Сарока.

На апошнім "Маладзічку" сярод удзельнікаў пераважалі дзеці і падлеткі з розных куткоў Беларусі. Найбольш разнастайна была прадстаўлена Магілёўская вобласць: яе прадстаўнікі вельмі сур'ёзна падрыхтаваліся да конкурсу. У гасцявой і конкурснай праграме выступалі юныя артысты з Расіі.

 Асабліва вылучаліся канкурсанты, якія здолелі стварыць сапраўды мастацкі музычны вобраз. Прасцей гэта аказалася ажыццявіць у прасторы беларускамоўнай песні. У праграме конкурсу гучалі творы І.Паліводы (журы праслухала ажно тры варыянты яго песні "Па-над белым пухам вішняў"), песні І.Лучанка, У.Будніка, Ф.Жыляка, Д.Даўгалёва, В.Раінчыка, А.Моўчана, А.Атрашкевіч. Сярод паэтаў-песеннікаў часта сустракаліся імёны В.Жуковіча, Н.Танюкевіч, Л.Ляшчэвіч, Т.Атрошанка, іншых знакамітых майстроў спеваў. Для сваіх выхаванцаў пішуць песні і кіраўнікі студый, як Н.Скапец - кіраўнік студыі "Наталі". Спрабуюць сілы ў накірунку - і часам удала - самі юныя артысты. У пошуках патрэбных твораў звяраюцца і да песень А.Фельцмана, рэпертуару А.Свірыдавай, С.Ратару, Л.Агуціна, Л.Мінэллі. Старэйшыя па ўзросце з асаблівым задавальненнем абіралі джазавыя творы. Юныя артысты і іх педагогі звычайна прадстаўлялі не проста песню - досыць часта гэта былі мініяцюрныя тэатралізаваныя прадстаўленні. У адных выпадках стварэнню вобраза дапамагала падтанцоўка, у іншых - касцюм, рэквізіт, святло. Конкурс выявіў: галоўны складнік поспеху- яркі, арыгінальны, самабытны рэпертуар. Менавіта дзіцячы, падлеткавы - з адпаведнымі тэмамі і вобразамі. А якраз яго і не стае! Сярод тыповых памылак, як заўважыла член журы, вядучая Беларускага радыё Таццяна Якушава, - выбар песень або складаных і "непад'ёмных" (у выпадку, калі спявак мае сціплыя даныя), або "папсовых", занадта простых (калі вакальныя даныя, наадварот, ёсць). Усё гэта стала прадметам абмеркавання пад час "круглага стала", што прайшоў напрыканцы "Маладзічка".

 Гала-канцэрт пераможцаўпераканаў публіку: рашэнне журы - справядлівае і дакладнае. Сярод удзельнікаў аказалася шмат яркіх дзяцей і падлеткаў з моцнымі вакальнымі данымі, якія арганічна пачуваюць сябе на сцэне. У лік 13 лаўрэатаў і 8 уладальнікаў спецыяльных прэмій па чатырох узроставых падгрупах трапілі самыя яркія, галасістыя і таленавітыя. Як слушна заўважыў старшыня журы ўсіх трох "Маладзічкоў" - народны артыст Беларусі, кампазітар Леанід Захлеўны, каб выйграць конкурс, трэба быць на галаву вышэйшым за іншых.

 /i/content/pi/cult/210/2498/19-3.jpg

  Такім аказаўся Яўген Калодка з Баранавічаў (Гран-пры), які выступаў ва ўзроставай катэгорыі ад 13 да 15 гадоў. Журы і гледача вельмі ўзрушылі яго песні: рамантычна-узнёслая, распеўна-трапяткая "Анёл над горадам" Ф.Жыляка і стыльная, імклівая, джазавая "Хлопчык-хуліганчык" М.Марчанка. На вобраз працавала ўсё, а галоўнае - вакал. Імкліваcць, з якой развіваецца "Маладзічок", павышэнне яго аўтарытэту сведчаць, што конкурс паступова перарастае азначэнне "адкрыты". У гэтым пераконвае арганізацыйная грунтоўнасць і ўвага да талентаў, што прысутнічае ў маладзечанскіх музычных святах і конкурсах.

Таццяна МУШЫНСКАЯ