Знайсці “соль” танца

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Гасцінна прыняўшы каля тысячы гасцей і ўдзельнікаў VII Абласнога фестывалю харэаграфічнага мастацтва “Карагод сяброў”, Салігорск замацаваў за сабой права называцца танцавальнай сталіцай Міншчыны.

 /i/content/pi/cult/210/2497/19-1.jpg
 

Гэты фестываль, стартаваўшы ў 1996-м у Барысаве як конкурсны агляд узорных самадзейных калектываў, упершыню завітаў у Салігорск у 2000-м. Тады ж замацаваліся і цяперашняя назва - "Карагод сяброў", і эмблема - дзве чалавечыя постаці, што ў танцы імкнуцца адна да адной. Дагэтуль харэаграфічны аматарскі форум двойчы завітваў у Вілейку - як "Крышталёвы абцасік", пазней гасцяваў у Клецку. Але сёлета яго арганізатары - упраўленне культуры Мінаблвыканкама і Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці - сумесна з мясцовымі ўладамі раёна дамовіліся: надалей быць фестывалю, што "карагодзіцца" раз на тры гады, менавіта ў Салігорску. Бо тут ёсць і добра абсталяваны Палац культуры, і вялікая па памерах плошча перад палацам, багата спавітая гарадской зелянінай (чым не "танцпол" пад сонейкам?), і шыкоўная дзіцячая школа мастацтваў, і некалькі вядомых у краіне і за межамі харэаграфічных калектываў. Адным словам, ёсць і "база", і традыцыі, замацаваныя добрай выканальніцкай школай.

Невыпадкова гаспадары фестывалю былі адзначаны двойчы. Салігорская ДШМ стала лаўрэатам ІІІ прэміі сярод падобных навучальных устаноў. Ансамблі ж "Сузор'е" і "Зорачкі" Салігорскага ГПК, з'яднаныя адным кіраўніком - Вадзімам Матанцавым, атрымалі Гран-пры. Старшыню журы - народную артыстку Беларусі, мастацкага кіраўніка знакамітых "Харошак" Валянціну Гаявую - вельмі ўразіла тамтэйшая "Перапёлачка", "пераспяваная" з харошкаўскага рэпертуару: "Вы яе так добра зрабілі - можа, нават лепей, чым я!"

 Увогуле ж двухдзённыя шматгадзінныя прагляды ахапілі як дзіцячыя школы, дзе выкладаецца харэаграфія, так і аматарскія калектывы: лаўрэаты вызначаліся ў абедзвюх намінацыях. Па тым папраўдзе высокім узроўні, што дэманстравалі ўдзельнікі, было відавочна: арганізатары папярэдне добра папрацавалі, аб'ехаўшы ўсе рэгіёны і адабраўшы лепшыя калектывы і нумары.

Дый сам фестывальпраходзіў не толькі пад традыцыйным лозунгам "Сябе паказаць ды на іншых паглядзець". Ён стаў сапраўднай школай павышэння прафесійнага майстэрства для ўсіх удзельнікаў. Ролю своеасаблівага семінара выконвалі слушныя, абсалютна дакладныя метадычныя заўвагі, што рабіла В.Гаявая кіраўнікам калектываў і выкладчыкам харэаграфіі пасля кожнага конкурснага блока. Яшчэ адным майстар-класам стаў сольны канцэрт "Харошак". Валянціна Іванаўна наўмысна склала яго з рознахарактарных нумароў розных гадоў і асабіста прасачыла, каб на яго трапіла не толькі мясцовая публіка, але і непасрэдныя ўдзельнікі фестывалю. Тое, з якім шчырым клопатам В.Гаявая ставілася да юных артыстаў, як імкнулася адзначыць не толькі калектывы, але і лепшых салістаў, як настойліва дбала аб правільнай методыцы пачатковай харэаграфічнай падрыхтоўкі, - усё гэта дадаткова сведчыла пра неабходнасць адраджэння ў нас школы "Харошак" і заснавання пры ёй метадычнага цэнтра. На думкі пра адметную ролю асобы ў развіцці культуры наводзілі і назіранні за працай начальніка аддзела культуры Салігорскага райвыканкама Наталлі Гапановіч, дырэктара Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў Алега Шчэрбава і многіх іншых нястомных рупліўцаў. Тая ж Наталля Захарава - ураджэнка Стаўбцоўшчыны і колішняя выпускніца знакамітага Ленінградскага харэаграфічнага вучылішча, адначасова з працай у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры цягам больш чым 20-ці гадоў ездзіць у Заямнаўскі сельскі ДК, дзе заснавала ансамбль "Гарошынка" і планамерна займаецца з яго ўдзельнікамі, перадаючы свой багаты вопыт. Але ж і вынік які! Усяго тры гады, як Аксана Кірэева пачала выкладаць бальныя танцы ў Заслаўскай ДШМ, - і яе выхаванцы прадэманстравалі папраўдзе міжнародны ўзровень. Дый нядаўняя выпускніца Мінскага каледжа мастацтваў Ірына Гаўруш, выкладаючы ў Свіслацкай ДШМ, з любой дзяўчынкі можа зрабіць "маленькую фею". А навучэнцы Барысаўскай дзіцячай харэаграфічнай школы (І прэмія) так уразілі журы, што тое вырашыла ўключыць іх класканцэрт (ці, як яго яшчэ называюць, "урок") у заключную праграму. Як адзначыла галоўны спецыяліст упраўленнякультуры Мінаблвыканкама Галіна Ляйко, у параўнанні з ранейшымі форумамі ўзраслі не толькі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў і мастацкая каштоўнасць нумароў, але і зацікаўленасць нацыянальнай тэматыкай, разнастайнасць яе распрацоўкі. Ад простай наяўнасці сцэнічных строяў калектывы прыйшлі да строгай адпаведнасці кожнага строю пэўнаму нумару. Больш з'явілася паўнавартасных вялікіх калектываў, складзеных з розных узроставых груп (і не толькі з дзяўчат, але і з хлопцаў). Асабіста я звярнула ўвагу і на шырокі стылёвы разгорт паказаных кампазіцый (ад гэткай "канцэптуальнай чачоткі" ансамбля "Кружаўніца" ПК "БелАЗа" да элементаў найноўшага тэктоніка Салігорскага "Адрэналіна"), і на пастаяннае ўдасканаленне нумароў (таго ж "Гадзінніка" Наталлі Мартыновіч у Слуцкім "Кордэсе" ці мініяцюры "Я скакала, я плясала..." выпускніка БДУКіМ Дзмітрыя Залескага ў Крупіцкай ДШМ, дзе ён выкладае адначасова з арганізацыйнай, пастаноўчай і выканальніцкай дзейнасцю ў сталічным тэатры "D.O.Z.SK.I"). Увогуле ж, складзіце разам 44 калектывы з 16-ці раёнаў вобласці (і гэта, дадамо, толькі "лепшыя з лепшых", ды адно на Міншчыне) - якая атрымаецца "армія" ўлюбёных у танец!

Надзея БУНЦЭВІЧ

 наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Салігорск - Мінск