Пэндзаль плюс інфармацыйнае бязмежжа

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

На трывалым гістарычным падмурку мастацтва Магілёўскай вобласці набыло сваю адметнасць напрыканцы XX стагоддзя. Шэраг мерапрыемстваў міжнароднага і рэспубліканскага значэння, якія праводзяцца сёння, — захаванне і папулярызацыя прафесійнага мастацтва. Сведчаннем гэтаму стала новая выстаўка “Сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны”, якая адкрылася 22 мая ў дзень творчай справаздачы вобласціў Мінску. Гэтая экспазіцыя выявіла шэраг тэндэнцый у работах майстроў пэндзля нашага краю.

 /i/content/pi/cult/210/2495/11-1.jpg

У.Шпартаў. "Касцёл Станіслава".

Штогод, пачынаючы з 1996-га, праходзіць Міжнародны пленэр па жывапісе "Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве". Праведзена пяць міжнародных пленэраў па кераміцы "Арт-Жыжаль", пленэры па скульптуры. Дзякуючы такім акцыям, існуе магчымасць не толькі зберагчы і данесці да нашчадкаў вялікую мастацкую спадчыну, але і прадставіць творы сучаснікаў - таленавітых мастакоў прыдняпроўскага краю.

Актыўную творчую дзейнасць працягваюць мастакі старэйшага і сярэдняга пакаленняў: С.Абрамаў, У.Шпартаў, Б.Первунінскіх, А.Концуб, В.Калтыгін, Ф.Кісялёў, М.Ліханенка, У.Рубцоў, Г.Конанава, В.Юркова, М.Несцярук, А.Ясюкайць. Разам з імі займаюць сталае месца ў мастацкім жыцці творцы, што ўпершыню заявілі пра сябе на пачатку 1990-х гадоў: Л.Журавовіч, А.Вераб'ёў, І.Бяспалаў, Т.Сотнікава, Ц.Абрамаў, І.Кустава, А.Ткачоў, А. Еўдакіменка. Пашыраецца дыяпазон тэм і сюжэтаў, што вырашаюцца творцамі. Сусветны мастацкі працэс усё больш актыўна ўздзейнічае на развіццё нацыянальнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/210/2495/11-3.jpg
 Г.Конанава. "Партрэт жанчыны ў чырвоным капелюшы".

 Асацыятыўная форма вобразнай інтэрпрэтацыі становіцца асновай у творчай практыцы мастакоў Магілёўшчыны. У творах усё часцей адсутнічае перспектыўная пабудова, ускладняецца пластычнасць мовы, нарастаюць метафарычнасць і сімвалічная ўмоўнасць, з'яўляюцца знакавыя формы. Пры ўсёй шматварыянтнасці эмацыянальна-псіхалагічных сітуацый у творах відаць ухіл да супастаўлення інтэлектуальных і маральных пачаткаў. Адчуваючы драму наканаваных сацыяльных змен, мастакі часта замыкаюцца ў рамках свайго ўнутранага свету, што вядзе да закрытасці і відавочнай інтымізацыі вобразнай структуры. Назіраецца адыход ад пэўнай рэчаіснасці вобраза, але расце імкненне выявіць глыбінны, схаваны сэнс людзей і рэчаў нетрадыцыйнымі сродкамі. У той жа час, бачна імкненне мастакоў да філасофскага абагульнення, зварот да міфаў. Мастакі імкнуцца не проста адлюстроўваць рэальны, дакументальны факт, а ставіць пэўную сацыяльна-філасофскую праблему, даць ёй мастацкую інтэрпрэтацыю. Асацыятыўная форма адлюстравання заўважна выцясняе натуральна-рэалістычную.Большасць творцаў імкнецца да псіхалагічнага аналізу. Такім чынам, інтуітыўнае судакрананне мастака з інфармацыйным бязмежжам Сусвету нараджае вобразы і сімвалы і стварае культуралагічны кантэкст свайго часу.

/i/content/pi/cult/210/2495/11-4.jpg
 В.Юркова. "Нарач". (З серыі "Легенды азёрнага краю".)  

 Рэгіяналізм - пачуццё любові да малой радзімы, шчырае імкненне мастака да адлюстравання паэтычнай прыгажосці сваіх мясцін, глыбокая цікавасць да страчанага побыту, абрадаў і звычаяў. Менавіта рэгіяналізм прыўнёс у беларускае выяўленчае мастацтва яркую эмацыянальную афарбоўку, асабліва ў жанры пейзажа. Яго стваральнікі імкнуцца выявіць эмоцыі, данесці да гледача свае ідэі. Акцэнт у такога кшталту творах робіцца на каларыце, які, як правіла, рафінаваны па колеры і тонка нюансаваны. Пошук мастацкай формы для перадачы змястоўнага пачатку ўяўляе найбольшую складанасць у творчым працэсе. Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны будзе ў далейшым развівацца па шляху аднаўлення і пошуку новых вобразных рашэнняў, што адлюстроўваюць праблемы, якія існуюць у жыцці. Выстаўка "Сучаснае выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны", што прайшла ў Мінску ў рамках творчай справаздачы Магілёўшчыны ў сталіцы, прымеркаванай да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыла для наведвальнікаў і прыхільнікаў выяўленчай культуры яркія старонкі беларускай духоўнай спадчыны.

Святлана СТРОГІНА,

намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога музея імя П.В. Масленікава