“Аддайце статус!”, або Карагод праблем вокал «Карагода»

№ 22 (890) 30.05.2009 - 05.06.2009 г

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ў нашай краіне нададзены56 аб’ектам нематэрыяльнай спадчыны. З іх 50 — гербы гарадоў і 6 — фальклорна-этнаграфічныя аб’екты. Намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта падпісаў ахоўныя абавязацельствы на два з апошніх, і яны ўзяты цяпер пад абарону дзяржавы. Зараз у нашай краіне вызначаюцца тыя аб’u1077 екты нематэрыяльнайспадчыны, якія будуць пададзены ў рэпрэзентатыўны спіс, што складаецца ў UNESCO. Нават просты пералік ужо будзе сведчыць, які мы на-род і чым вылучаемся ў свеце. Паступова са свайго спісу Беларусь бу-дзе падаваць у UNESCO дакументы на аб’екты, чыё захаванне патра-буе міжнароднай падтрымкі. Але складанне гэтага пераліку ідзе марудна з-за неразумення, што і якім чынам трэба ў яго ўключаць. Магчыма, акрэсленае кола пра-блем, звязаных з гэтым працэсам, дапаможа культработнікам на месцах сфарміраваць мысленне ў накірунку захаванняспрадвечнай народнай культуры, каб на аснове гэта-га будаваць паўсядзённую работу.

Нададзены абраду, а не гурту!

 Фальклорна-этнаграфічны гурт вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна пад кіраўніцтвам Кацярыны Панчэня захаваў у жывой традыцыі абрад на свята Юр'я (6 мая), які паўсюдна на Тураўшчыне называецца "Карагод" і з'яўляецца этнічнай адметнасцю жыхароў гэтага рэгіёна. У гэты дзень адбываецца выхад з абрадавай дзеяй у поле, дзе пасеяна азімае жыта ці пшаніца. Мясцовая асаблівасць у тым, што гэтую дзею праводзяць жанчыны і дзяўчаты, следам за якімі ідуць хлопцы, а асноўную атрыбутыку нясуць сталыя мужчыны, што заслужылі павагу сярод людзей. Пры гэтым адбываюцца ўзроставыя ініцыяцыі: дзяўчат, якія дасягнулі палавой спеласці, жанчыны далучаюць да свайго кола. Раней пасля абраду на Юр'я гэтыя дзяўчаты павінны былі пастаянна насіць фартухі, якія з'яўляюцца адным з атрыбутаў абраду: у поле нясуць на граблях зялёны (сімвалізуе жыта ў полі, а таксама дзяўчат, што падрастаюць), з поля - чырвоны (знак сонца і радасці, знак кроўнай роднасці жанчын аднаго роду)...

Сёлета Жыткавіцкі райвыканкам устанавіў у вёсцы Пагост памятны знак, прысвечаны абраду. Гэта першы ў нашай краіне знак, прысвечаны аб'екту нематэрыяльнай спадчыны. Так, калі апісваеш абрадавую дзею, усё быццам гладка і прыгожа. На самой справе, адкрыццё знака, як і правядзенне абраду, апынулася сёлета пад пагрозай. Пра гэта я як куратар аб'екта паведаміла ў Каардынацыйны савет па нематэрыяльнай спадчыне Гомельскай вобласці, а затым і ў Жыткавіцкі райвыканкам. Назіраю абрад шмат гадоў, зняла як аўтар сцэнарыя 2 фільмы ў некалькіх вёсках ля Турава, у тым ліку ў Пагосце.

 У чым жа справа? Лідэр пагашчанскага гурта Кацярына Панчэня летась звольнілася з пасады дырэктара клуба па выслузе гадоў, а ў маладой дырэктаркі не атрымалася знайсці кантакт са старэйшымі вяскоўцамі, з тымі, хто захоўвае вясковую спадчыну.

Большасць удзельнікаў гурта стала збірацца ў Панчэні дома, а пры клубе быў створаны новы калектыў, які ўзяў званне "народны". Пасады кіраўніка і акампаніятара, як вядома, аплачваюцца. А калі Панчэня "выбыла" з установы культуры, то трэба забраць і назву гурта, і найменне "народны", бо ўсё гэта павінна быць пры клубе, у тым ліку і статус... Вось і вырашылі замяніць існуючы гурт іншым, новаствораным. Мне доўга давялося тлумачыць маладому дырэктару клуба, што статус каштоўнасці нададзены абраду, а не гурту, што нематэрыяльная спадчына перадаецца вербальна і паступова пераймаецца ад яе носьбітаў... Важная і наяўнасць адпаведных законаў у нашай краіне. А ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры нашай краіны захоўваюцца дакументы на носьбітаў традыцыі, якім ніхто не мае права забараняць або перашкаджаць спраўляць абрад. Дык ці ж варта ствараць канфлікт у вёсцы?

 Памятаю сённяшнюю кіраўніцу клуба дзяўчынкай, якая хадзіла ў карагодзе на Юр'е побач з мамай - удзельніцай гурта. І раптам яна аказалася па іншы бок "барыкад" ад колішняга кіраўніка калектыву. Напярэдадні свята ўдзельнікі новастворанага фарміравання папярэджвалі жанчын з гурта пад кіраўніцтвам Кацярыны Панчэні, каб тыя не выходзілі ў карагод, а дзецям забаранілі прымаць у ім удзел, інакш - не пусцяць у клуб. "Аддайце статус!", "Пастаўце гэты крыж (Знак у гонар абраду. - Р.Г.) ля хаты Панчэні і прыбіце шыльду там жа!" - заяўлялі культасветработнікі в. Пагост.

Назаўтра яны не прыйшлі браць удзел у карагодзе разам з гуртом Кацярыны Панчэні і сустракаць гасцей з Любанскага раёна...

Вяскоўцы не выйдуць, каб сустрэць і абдарыць

14 кіраўнікоў сельскіх клубаў Любаншчыны прыехалі паглядзець на першы аб'ект нематэрыяльнай спадчыны, узяты пад ахову дзяржавы. І былі расчулены да слёз убачаным, ацаніўшы гэты абрад, што дайшоў да нашага часу з глыбокай старажытнасці. Прыехалі прадстаўнікі прэсы, якія здымалі абрад, райвыканкама, і ў прыватнасці, начальнік аддзела культуры, дырэктар метадычнага цэнтра. У Любанскім раёне няма абрадаў у жывой традыцыі, але ёсць гурты ў 3-х вёсках, якія захоўваюць спадчыну і добры ўзровень выканальніцкага майстэрства. Спадчына гэтых трох вёсак узята пад ахову дзяржавы і з'яўляецца чацвёртым па ліку аб'ектам нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў нашай краіне. У адной з вёсак у памяці жыхароў захоўваецца абрад "Карагод", падобны на адноўлены пагашчанскі. Таму і завіталі сёлета любанцы да пагашчан у госці.

Увогуле, Любаншчына - гэта прыклад паважлівых адносін да культуры прашчураў, таго, як можна будаваць усю работу ў раёне на аснове спадчыны. Жыткавіцкі раён, наадварот, мае шмат абрадаў у жывой традыцыі, унікальных, найкаштоўнейшых, але не прыкладае намаганняў для іх аднаўлення і замацавання менавіта на ўзроўні мясцовай улады.

Прыкладам, гурт вёскі Пагост захаваў не толькі "Карагод", але і такія унікальныя звычаі Тураўшчыны, як "Жаніцьба коміна", "Гу, вясна!", "Саракі", "Шчодрык", "Абворванне вёскі" і выраб ручніка-абыдзённіка (абрад ахоўнай магіі), іншыя святы і звычаі, разнастайныя вусныя формы фальклору, гульні і танцы, жаночыя рамёствы. Таму і лічу: гурт трэба берагчы, а не падмяняць "новаўтварэннем". Тым больш, што вясковыя гурты іншых вёсак на Тураўшчыне, ведаючы тутэйшыя традыцыі, захоўваючы добры ўзровень выканальніцтва, арыентаваны, аднак, на сцэнічнае іх увасабленне, альбо адышлі ад сістэмы мясцовых культасветустаноў. І абрад "Карагод" маглі б праводзіць. "Толькі вяскоўцы не выйдуць, каб сустрэць і абдарыць", - тлумачылі мне вясковыя культработнікі ў наваколлі Турава. Людзі адвучаны ад спрадвечных традыцый. Натуральна, гэтыя традыцыі не вернуцца адразу. Патрэбна карпатлівая, паступовая культурная праца з насельніцтвам, перш за ўсё - у асяроддзі дзяцей і моладзі. Нядаўна да работы ў Жыткавіцкім аддзеле культуры прыступіў новы начальнік. Спадзяюся, ён зможа зразумець значэнне традыцыйнай культуры Тураўшчыны, якая можа і павінна быць уключана ў мясцовыя турыстычныя маршруты. У школах абавязкова трэба арыентаваць дзяцей на засваенне спадчыны, пакуль яшчэ жывыя яе носьбіты.

Павінна быць перманентная відэафіксацыя

 Абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы" на Ушэсце - архаічная, аграрна-магічная дзея з мэтай адвесці "грамавую стралу" ад вёскі ("Ад пажараў, каб маланка не ўбіла", - як тлумачаць носьбіты традыцыі) - некалі быў шырока распаўсюджаны на Пасожжы і сумежных тэрыторыях рассялення радзімічаў. Разам з тым, гэта выхад у поле, дзе пасеяна азімае жыта. Згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі мясцовых жыхароў, Бог ходзіць па зямлі ад Вялікадня да Ушэсця. Раней увесь гэты перыяд "u1074 вадзілі стралу": ішлі лінейным карагодам, пачынаючы абрад з асноўнай песні, якая дала яму назву, - "Як пушчу стралу, дай удоль сяла...".

Абраду, які захоўвае фальклорна-этнаграфічны гурт вёскі Казацкія Балсуны, што на Веткаўшчыне, у 2006 годзе нададзены статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

Многія паселішчы раёна абязлюдзелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Мясцовыя спеўныя гурты "пастарэлі", усё менш становіцца спявачак, здольных выйсці на Ушэсце, каб справіць абрад, выканаць стрэльныя песні, якія патрабуюць выключнага майстэрства. І гэта - найвялікшая праблема: амаль што няма каму і ад каго пераняць гэтую спадчыну. Тым не менш, ад таленавітых спявачак Веткаўшчыны можна навучыцца спяваць. Апошняе яскрава пацвярджае шматгадовы вопыт Рускага фальклорнага цэнтра ў Маскве, а таксама плён працы выкладчыц БДУКіМ Ларысы Рыжковай і Таццяны Пладуновай - іх навучэнкі спяваюць блізка да традыцыі. Кожны год у вёскі Веткаўскага раёна, а найперш - у вёску Стаўбун да Марыі Зуевай прыязджаюць маскоўскія студэнты, якія становяцца разам са спявачкамі ў "стралу", бо развучваюць гадамі гэтую традыцыю. Прыязджаюць і беларускія спецыялісты ў галіне традыцыйнай культуры, і аматары фальклору, і прадстаўнікі прэсы. На жаль, нашы студэнты з Універсітэта культуры і мастацтваў, Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францыска Скарыны не наведваюцца, як масквічы, да бабуль менавіта на свята, каб паспяваць з імі і тым самым падтрымаць абрад. А практыка для будучых кіраўнікоў фальклорных гуртоў была б значная. Акрамя аб'ектыўных, існуюць і суб'ектыўныя праблемы захавання абраду. Ужо даўно ў вёсцы Стаўбун адбыўся раскол мясцовага фальклорна-этнаграфічнага гурта: клубны гурт - сам па сабе, а іншыя носьбіты спадчыны - самі па сабе. З крыўдай гаворыць пра гэта Марыя Лаўрэнцьеўна. І працягвае захоўваць абрад у Стаўбуне. Яна сама - носьбіт неацэннай каштоўнасці, адна з захавальніц традыцый сваёй вёскі. Аднак не толькі культработнікі ставяцца да абраду раўніва (маўляў, усё павінна быць выключна пад іх кіраўніцтвам і з іх удзелам!), але і мясцовы святар заняў уласную пазіцыю. Куратар абраду "Ваджэнне і пахаванне стралы", супрацоўнік Веткаўскага музея народнай творчасці Генадзь Лапацін два гады таму паведаміў у Мінск ва ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь: правядзенню абрада перашкаджае мясцовы святар, які не спавядае тых жанчын, што хадзілі "хаваць стралу". З бацюшкам пагутарылі, але ці вырашаны на гэтым канфлікт - невядома. Безумоўна, неабходна штогадовая відэафіксацыя абраду, і лепей зняць яго прафесійна, бо фільм 1996 года "Як пушчу стралу..." Беларускага тэлебачання ўсё ж не адлюстроўвае ўвесь звычай разам з падрыхтоўкай да яго (спецыяльныя стравы, строі і іншае). Трэба было б зняць і тую частку пазаабрадавай дзеі, якая адбываецца ў вёсцы пасля вяртання з поля. А гэта шматлікія карагоды, танцы. Хоць бы такім чынам сабраць усіх носьбітаў абраду, якія засталіся.

Цалкам абрад "Ваджэнне і пахаванне стралы" не апісаны: не вызначаны арэал яго гістарычнага і сучаснага бытавання, які ахоплівае і этнічную тэрыторыю беларусаў у памежных раёнах Расіі, няма асобнай кнігі або дысертацыі, прысвечанай абраду, і г. д. Праблемы, звязаныя з яго захаваннем, не абмяркоўваюцца і не вырашаюцца. Не вядзецца актыўная праца ў названым кірунку рэспубліканскім і Гомельскім абласным каардынацыйнымі Саветамі па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Але ў Год роднай зямлі менавіта гэтым абрадам трэба было б надаць самую вялікую ўвагу.

На зберажэнне нематэрыяльнай спадчыны і барацьбу з сусветнай глабалізацыяй і накіравана Канвенцыя UNESCO, да якой напрыканцы 2004 года Указам Прэзідэнта краіны далучылася Рэспубліка Беларусь. Але выкананне яе патрабаванняў - тэма асобнай гутаркі.

 Рэгіна ГАМЗОВІЧ, журналістка, даследчык беларускай традыцыйнай культуры