Шляхетнасць... хрызантэмы

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Гэтымі веснавымі днямі Гродзенская гарадская выставачная зала прапанавала наведвальнікам сустрэчу з творчасцю мастачкі Валянціны Брысач. Аўтарка з’яўляецца кіраўніком народнага аўтарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт”, арганізатарам штогадовых мастацкіх пленэраў на Аўгустоўскім канале.

 /i/content/pi/cult/209/2485/12-5.jpg
Валянціна Брысач. "Нёман улетку". 

 На творчасць Валянціны Станіславаўны ўплываюць вандроўкі па маляўнічых мясцінах Прынямоння. Мастачку заўжды натхняюць родныя краявіды. На яе карцінах бачыш і адноўлены Аўгустоўскі канал, і веліч былога маёнтка Валовічаў у Свяцку, і "зачараваную" часам Каложскую царкву. Увагу наведвальнікаў выстаўкі прыцягваюць таксама кветкавыя кампазіцыі, на якіх пераліваюцца колеры яркіх макаў і сціплых рамонкаў, гнуткіх бярозак і шляхетных хрызантэм. А калі спыняешся ля твораў "Нёман каля Багатыровічаў" ці "Над Нёманам", ва ўяўленні нібы ажываюць вобразы з раманаў Элізы Ажэшка, якая ў сваіх творах таксама апявала сціплую прыгажосць гэтых мясцін. Сімвалічна, што выстаўка экспануецца у зале, размешчанай на вуліцы імя славутай пісьменніцы.

Аляксандра ДУБРАВІНА

 Гродна