Паўмільёна спектакляў і канцэртаў

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Некалькі нумароў таму наш пазаштатны аўтар Аляксандр Пацыенка прапанаваў пазнаёміцца чытачам “К” з працай партызанскіх кінаперасовак і наогул з кінаабслугоўваннем насельніцтва акупіраванайБеларусі, якое здолелі зладзіць нават у ваенных умовах партызаны і падпольшчыкі. Новы артыкул дацэнта Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў прысвечаны “культурнаму фронту”, што сілай творчасці і магутнага патрыятычнага парыву натхняў салдат на Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне.

Каштоўнасці не маюць значэння?

У акупіраваных гарадах i вёсках, разам з масавымi рэпрэсiямi, гiтлераўцы вялi лжывую прапаганду, у рамках чаго шырока выкарыстоўвалі друк, радыё, кiно, вусныя i наглядныя формы. Але насуперак ёй перад мірнымі жыхарамі паўставалі карціны варварскага знішчэння мастацкіх каштоўнасцей і разбурэння культурна-дасугавых устаноў. Фашысты знiшчалi цi прыстасоўвалi да ваенных i гаспадарчых мэт тэатры, кінатэатры, палацы i дамы культуры, клубы, бiблiятэкi, хаты-чытальнi, музеi. Былі разрабаваны і разбураны ў гады вайны Беларускi дзяржаўны музей, Бабруйскi, Вiцебскi i Гомельскi абласныя музеi, Лiтаратурны музей А.Мiцкевiча ў Навагрудку, спалены Дом-музей Ф.Дзяржынскага... Гомельскi ж парк культуры i адпачынку фашысты прыстасавалі пад могiлкi для салдат... Знiштажэнне культурных устаноў было не толькi вынiкам ваенных дзеянняў. Верхаводы фашызму заклікалі ў загадах i iнструкцыях знішчаць культурныя каштоўнасці на акупiраваных тэрыторыях. У загадзе "Аб паводзінах войскаў на Усходзе" генерал-фельдмаршал Вальтэр фон Рэйхенаў пiсаў: "Войскі зацікаўлены ў ліквідацыі пажараў толькі тых будынкаў, якія мусяць быць выкарыстаны для размяшчэння вайсковых часцей. У астатнім знікненне сімвалаў адпавядае задачам вайны на вынішчэнне. Ніякія гістарычныя або мастацкія каштоўнасці на Усходзе не маюць значэння". У вынiку ў рэспублiцы за перыяд акупацыі было знiшчана 550 помнiкаў беларускай архiтэктуры. Гiтлераўцы выкарыстоўвалi культурна-асветніцкія ўстановы нават для масавага знiшчэння савецкiх грамадзян. У вёсцы Будзiшча Гомельскай вобласцi яны сагналi ў калгасны клуб і спалілі 27 жанчын, старых i дзяцей. У клубе Рудабельскага спiртзавода Палескай вобласцi акупанты спалiлi 240 жыхароў... Акупанты пазбавiлi насельнiцтва магчымасцi карыстацца i тымi культурна-дасугавымi ўстановамi, якiя ацалелi. Моладзi забаранілі збiрацца там. А нямногiя клубы, адкрытыя фашыстамі ў гарадах рэспублiкi, выконвалі функцыі цэнтраў гебельсаўскай прапаганды.

Устаноўка: рабаваць, разбураць, знішчаць...

У сувязi з хуткiм адступленнем Чырвонай Армii не было магчымасцi эвакуiраваць многія культурныя каштоўнасцi ў савецкi тыл. У вераснi 1941 г., у сувязі з гэтым, Кубэ паведамляў Розенбергу: "...У Мінску знаходзіўся вялікі, часткова вельмі каштоўны збор прадметаў мастацтва і карцін, якія амаль цалкам вывезены з горада. Па загадзе рэйхфюрэра СС Гімлера большасць карцін <...> была ўпакавана эсэсаўцамі і адпраўлена ў Германію... Гаворка ідзе пра мільённыя каштоўнасці, забраныя ў генеральнай акрузе..." Скарбнiца беларускай культуры - Дзяржаўная карцiнная галерэя - разрабавана цалкам. Гiтлераўцы вывезлi з яе лепшыя карцiны i скульптуры З.Азгура, I.Айвазоўскага, А.Бразера, В.Пярова, I.Рэпiна i многіх іншых. Па няпоўных даных, знікла 250 экспанатаў скульптуры, 1500 - графiкi, 2000 - жывапiсу... У Беларусi знiшчана і вялiкая колькасць кнiг. Многiя тысячы экземпляраў гiтлераўцы спалілі разам з бiблiятэкамi. Знішчаны за гады Вялікай Айчыннай Беларуская дзяржаўная навуковая медыцынская бiблiятэка ў Мiнску, Гомельская абласная бiблiятэка iмя Герцэна i больш за 200 iншых такіх устаноў. У Мiнску фашысты разрабавалi багацейшую навуковую бiблiятэку АН БССР, урадавую iмя М.Горкага, Мiнскую гарадскую публiчную iмя А.Пушкiна, бiблiятэкі Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта, Полiтэхнiчнага iнстытута... Адначасова гiтлераўцы ажыццяўлялi планамерны вываз рэдкiх кнiг. Каштоўныя выданні класiчнай лiтаратуры, даведнiкi, фаліянты па мастацтве, старадрукi, калекцыi рукапiсаў трапілі ў Германiю. Найбольш пацярпела ад рабаванняў Беларуская дзяржаўная бiблiятэка iмя У.Ленiна.

 Амаль паўтысячы творцаў

/i/content/pi/cult/209/2481/15-1.jpg

 З першых дзён вайны беларуская iнтэлiгенцыя актыўна ўключылася ва ўсенародную барацьбу з ворагам. На мабiлiзацыйных пунктах, у шпiталях, воiнскiх часцях выступалi самадзейныя i прафесiйныя мастацкiя калектывы. Змянялi свой рэпертуар тэатры, уносiлiся карэктывы ў канцэртныя праграмы... Вастрыём сатыры i плаката, зместам i эмацыянальным пад'ёмам твораў таксама наносіўся ўдар па ворагу. У гады Вялікай Айчыннай сапраўднымi патрыётамi праявiлi сябе беларускiя артысты. Згадаем, што пра выступленні Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра ў час вайны "К" падрабязна пісала ў № 19 за гэты год. БДТ-2 перад вайной гастраляваў у Карэла-Фiнскай ССР. З пачаткам баявых дзеянняў трупа эвакуіравалася ва Уральск. Дзяржаўны тэатр юнага гледача вайна заспела на гастролях у Баранавiчах. Арганiзавана выехаць адтуль калектыў не меў магчымасцi, i артысты вымушаны былi выбiрацца з горада разрозненымi групамi. У такiм жа становiшчы апынуўся i Дзяржаўны рускi тэатр БССР, якi гастраляваў у Беластоку. Пераадольваючы шматлiкiя цяжкасцi, работнікі гэтых калектываў здолелі выбрацца ў савецкi тыл. Беларускi дзяржаўны ансамбль песнi i танца (мастацкi кiраўнiк - Р.Шырма) у чэрвені 1941га гастраляваў у Арле, адкуль калектыў пераехаў у Маскву i выступаў на прызыўных пунктах ваенкаматаў. Асноўнае ядро творчых работнiкаў беларускай кiнастудыi эвакуiравалася ў Алма-Ату. Артысты, якiя засталiся на акупіраванай фашыстамi тэрыторыi, намагаліся самастойна трапіць на Усход, альбо iшлi ў партызанскiя атрады. Па няпоўных звестках, у лютым 1942 года ў савецкiм тыле працавала больш за 450 беларускiх артыстаў, мастакоў i кампазiтараў.

Эвакуацыя - фронту

Эвакуiраваных дзеячаў культуры i мастацтва ўрад рэспублiкi намагаўся накiраваць на работу па спецыяльнасцi. Больш за 20 артыстаў працавалi ў Казахскiм оперным тэатры. Скажам, кампазiтар М.Аладаў выкладаў у Саратаўскай кансерваторыi, А.Багатыроў - у Свярдлоўскай. Малады кампазiтар Г.Вагнер працаваў спачатку канцэртмайстрам у Таджыкскай фiлармонii, а потым стаў загадчыкам музычнай часткi франтавога тэатра. Першы Беларускi дзяржаўны тэатр за тры гады знаходжання ў Томску даў 870 спектакляў, на якiх пабывала 747 тысяч чалавек. У дадатак дадзена больш за 200 шэфскiх спектакляў i канцэртаў. Дарэчы, у 1943-м калектыў тэатра пералічыў у фонд абароны 300 тысяч рублёў. На грошы, атрыманыя ад дадатковых спектакляў, i на асабiстыя зберажэннi артыстаў быў выраблены самалёт, якi перадалi лётчыкуземляку. Жаданне быць як мага блiжэй да тых, хто змагаецца з ворагам, нарадзiла ў тэатральных калектывах канцэртныя брыгады, перасоўныя трупы з тэхнiчна нескладаным, але насычаным баявым рэпертуарам. У многiх франтавых часцях пабывалi з канцэртамi артысты Беларускага тэатра оперы i балета. Вялiкiм поспехам у франтавiкоў карысталiся выступленнi салiсткi тэатра народнай артысткі СССР Л.Александроўскай. У 1943 годзе ў Маскве ў якасцi франтавога адрадзiўся Рускi драматычны тэатр БССР. За адзiнмесяц ён арганiзаваў 113 канцэртаў. З часткi трупы Гомельскага абласнога драматычнага тэатра была створана канцэртная брыгада, што выступiла перад байцамi 650 разоў. У 1942-м яна была рэарганiзавана ў франтавы тэатр i ў складзе 3-га Беларускага фронту дайшла да Усходняй Прусii. Другi Беларускi дзяржаўны тэатр працаваў ва Уральску. Пасля першых спектакляў вiцябчан газета "Прыуральская праўда" пiсала: "Знаходжанне ва Уральску Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра прадстаўляе з сябе вялiкую падзею ў культурным жыццi горада. Толькi ў кастрычнiку 1941 года спектакль тэатра "Хлопец з нашага горада" паглядзела 6800 чалавек". У гады вайны тэатр выступаў у Маскве i Арэхава-Зуеве, а ўсяго за той час віцебскія артысты далi больш за 800 шэфскiх спектакляў i канцэртаў для чырвонаармейцаў. Нiякай дзяржаўнай датацыi тэатр не атрымлiваў. Больш за тое: ён унёс у фонд абароны краiны больш за 100 тысяч рублёў. Напружаны творчы рытм быў характэрны i для канцэртных арганiзацый. За першыя два з паловай гады вайны Беларускi дзяржаўны ансамбль песнi i танца арганiзаваў 620 канцэртаў, на якiх пабывала 450 тысяч чалавек. Акрамя таго, калектыў наладзіў сотнi шэфскiх канцэртаў у воiнскiх падраздзяленнях. На франтах у гады Вялікай Айчыннай вайны пабывала 3700 мастацкіх калектываў СССР з агульнай колькасцю ўдзельнiкаў больш за 40 тысяч чалавек. Яны далi каля паўмiльёна спектакляў i канцэртаў. У гэтых лiчбах знайшоў сваё адлюстраванне i ўнёсак беларускiх артыстаў.

 Пачатак аднаўлення

 Шмат зрабiла Упраўленне па справах мастацтваў БССР па аднаўленні мастацкiх калектываў, якiя перасталi было iснаваць у гады вайны. Яно пачало наладжваць сувязi з колішнімі артыстамi беларускiх тэатраў i канцэртных арганiзацый. Да красавiка 1943-га ўстаноўлена сувязь з 700 работнiкамi мастацтваў Беларусi. У 1942-м была прынята пастанова па захаванні асноўнага творчага складу тэатра оперы i балета, у наступным годзе - адноўлены Дзяржаўны рускi тэатр БССР, Тэатр музычнай камедыi i Беларуская дзяржаўная фiлармонiя. У сярэдзiне 1943 года зноў распачынае работу Саюз кампазiтараў Беларусi. Дзяржаўнае музычнае выдавецтва выдала за гады вайны 45 твораў беларускiх кампазiтараў. Сярод iх - "Песня беларускiх партызан" Я.Цiкоцкага, "Мы - беларусы" Н.Сакалоўскага (яна потым стала Дзяржаўным гiмнам БССР) i шэраг iншых. Саюз кампазiтараў арганiзоўваў сустрэчы з салдатамі, аказваў дапамогу франтавой мастацкай самадзейнасцi, а ў Маскве рэгулярна ладзіў канцэрты беларускай музыкi. У айчынным кiнамастацтве ваеннай пары на першы план, вядома, выйшла кiнахронiка. Першым кiнафiльмам гэтага часу стаў выдадзены ў 1942 годзе рэжысёрамi Ю.Тарычам i В.Корш-Саблiным "Беларускi кiназборнiк". З другой паловы гэтага года ў Маскве, на базе Цэнтральнай студыi дакументальных фiльмаў, групай беларускiх кiнематаграфiстаў кожны месяц выходзіў кiначасопiс "Савецкая Беларусь". У 1943 годзе там выдалі фiльм-канцэрт "Жывi, родная Беларусь!", а ў 1944-м - дакументальны поўнаметражны фiльм "Вызваленне Савецкай Беларусi". Многiя каштоўныя кадры ваеннай пары былi зняты беларускiмi аператарамi М.Беравым, В.Цеслюком, С.Школьнiкавым, М.Сухавай i А.Рэйзман. Дзесяткi разоў здымаў на фронце, тройчы лятаў у размяшчэнне партызанскiх атрадаў I. Вейняровiч. У жанрах плаката, карыкатуры, сатырычнага малюнка працавалi мастакi I.Ахрэмчык, П.Гаўрыленка, Я.Зайцаў i iншыя. З першых дзён вайны пачалi выходзiць газета-плакат "Раздавiм фашысцкую гадзiну!" i сатырычнае выданне "Партызанская дубiнка". Беларускiя мастакi бралi ўдзел у выстаўках, якiя арганiзоўвалiся творчымi саюзамi савецкіх рэспублiк. Напрыклад, у 1941 годзе яны ўдзельнiчалi ў выстаўцы "Мастакi Куйбышава ў днi Вялiкай Айчыннай вайны", у 1942-м - у аналагічных выстаўках творцаў з Сібіры і Свярдлоўска. Значнай падзеяй сталася Усесаюзная мастацкая выстаўка "Вялiкая Айчынная вайна". Па яе вынiках Заір Азгур быў уганараваны дыпломам І ступенi, cкульптар А.Грубэ атрымаў дыплом ІІ-й. У 1944 годзе ў залах Траццякоўскай галерэi адбылася мастацкая выстаўка, прысвечаная 25-годдзю БССР. Прадстаўленыя на ёй творы паклалi пачатак аднаўленню фондаў Беларускай дзяржаўнай карцiннай галерэi.

Аляксандр ПАЦЫЕНКА, дацэнт БДУКіМ, кандыдат педагагічных навук