Спяваць з аркестрам – узнагарода

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

У рамках ІХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна — 2007” адбыўся заключны тур Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Спаборніцтва, усе ўдзельнікі якога спявалі ў суправаджэнні Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам рэспублікі, прафесарам Міхаілам Фінбергам, не магло не сабраць паўнюткую залу “балельшчыкаў”. Як высветлілася, маладзечанцы хваляваліся нездарма: іх зямлячка Алеся Кульша, якую яны яшчэ падчас выканання літаральна засыпалі кветкамі, стала ўладальніцай Гран-пры. Першае месца заняла Настасся Пагаржэльская з Бабруйска, другое — Ірына Вярковіч з Фаніпаля, трэцяе — Павел Перавошчыкаў з Гомеля (усе астатнія прызнаны дыпламантамі). Узнагароджвацца яны будуць 16 чэрвеня непасрэдна на фестывалі. А галоўнай узнагародай для чатырох лаўрэатаў стане магчымасць выступіць на фестывальнай сцэне.

На справе ж Гран-пры (і ўсе астатнія прызы, і не толькі гэтага конкурсу) павінен належаць... Палацу культуры Маладзечна, дзе праходзіла спаборніцтва і дзе ўвогуле ледзь не кожны канцэрт (а іх за год бывае каля 400) здольныя ператварыць у падзею. Адной гасціннасці для гэтага мала — патрэбны яшчэ шчырая зацікаўленасць, апантанасць і творчая фантазія, чаго маладзечанцам не займаць.

Не паспелі госці пераступіць парог Палаца, як іх акружылі амаль мацярынскім клопатам. Такі ж клопат адчуваюць усе 34 самадзейныя калектывы (з іх 17 — дзіцячыя), што знайшлі прапіску ў клубнай частцы Палаца. Канцэртная ж частка славіцца не толькі разнастайнай афішай (многія зоркі, выступіўшы ў Мінску, працягваюць свае гастролі ў Маладзечне), але і разнастайнымі выстаўкамі. Вось і зараз у адным фае экспанаваліся работы маладзечанца Міколы Аўчыннікава, у якіх ён наблізіў жывапіс да “квазі-вітражоў”, а ў другім — працы навучэнцаў дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення Маладзечанскага музычнага вучылішча, кожная з якіх утойвала сваю разыначку.

Годны пераймання і палацаўскі вопыт па выданні друкаванай прадукцыі. Да кожнага канцэрта рыхтуюцца адметныя афішы, флаеры, праграмкі, буклеты, запрашэнні — усё на беларускай мове, з партрэтамі ўдзельнікаў, штораз з новым дызайнам, прадыктаваным асаблівасцямі самой канцэртнай праграмы. Ужо трэці год выходзіць і ўнутрыпалацаўская (таксама беларускамоўная) газета “Авацыя” — з рэцэнзіямі, анонсамі, спецвыпускамі (штосьці падобнае я бачыла хіба ў Вялікім тэатры Масквы, толькі там “вялікатэатральныя” газета і часопіс распаўсюджваюцца платна, а тут — найперш, як падарункі гасцям і дадатковая рэклама). Многае робіцца яднаннем сіл як саміх 150 супрацоўнікаў, так і шматлікіх “памагатых” (спонсарамі многіх цікавых праектаў выступаюць вытворчыя прадпрыемствы).

Што ж да конкурсу, дык акрамя лаўрэатаў, якіх вызначыла журы, запомніліся і іншыя выступленні. Самай перспектыўнай спявачкай падалася, безумоўна, Аляксандра Сярожнікава — навучэнка Мінскага каледжа мастацтваў. У апрацоўцы беларускай народнай песні “Заспявай, салоўка” яна прадэманстравала не толькі моцны, амаль “сценапрабіўны” народны вакал неабсяжнага дыяпазону, але і выдатныя джазавыя здольнасці. Тыя, хто ўжо не першы раз чуў гэтую спявачку (нагадаю, яна была лаўрэатам леташняга конкурсу ў Стоўбцах “Міншчына спявае з аркестрам”), маглі б адзначыць і яе імклівы творчы рост. Трэба спадзявацца, з цягам часу яе “байцоўскі” джазавы вакал узбагаціцца і больш тонкімі тэмбравымі адценнямі, “у тон” спеўнай праграме будуць падбірацца сцэнічныя строі. Калі б існаваў прыз кшталту “За гарманічнасць песні, спеваў і знешняга аблічча”, яго магла б атрымаць палачанка Святлана Казьміна. Маргарыта Халатава з Бабруйска, крыху зрушыўшы тэмп, магла б прэтэндаваць на прыз за новае (але зусім не дыяметральна супрацьлеглае), вельмі “пластычнае” прачытанне “Па-над белым пухам вішняў”. А ў конкурсе спеўных “двайнікоў” перамагла б Настасся Пагаржэльская — другая Ірына Дарафеева ў песні “Рэчанька” (яна скарыла і “ціхімі” спевамі — на агульным крыклівым фоне). Увогуле ж дзяўчаты былі куды мацнейшыя за хлопцаў, што адлюстроўвала і статыстыка: на 3-х хлопцаў прыходзілася ажно 18 дзяўчат.

Пэўна, конкурс і надалей будзе ўдасканальвацца. Больш публічнымі маглі б стаць папярэднія рэгіянальныя адборы, больш свабодным — падыход да колькасці прадстаўнікоў ад той ці іншай вобласці (чаму абавязкова ад кожнай па тры чалавекі?), больш шырокай — праграма (адной песні для высокага нацыянальнага ўзроўню, можа, і малавата). Будзе развівацца конкурс — значыць, будзе развівацца і спеўная эстрадная культура. 

Фота Юрыя ІВАНОВА