Прэрыя для караля... пінг-понгу

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Апошнім веснавым месяцам культурная праграма пасольстваў замежных краін у Беларусі аказалася сканцэнтраваная на кінематографе.

/i/content/pi/cult/209/2479/9-2.jpg

 З 18 па 22 мая ў сталічным кінатэатры "Перамога" Пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі прадставіла фестываль дакументальнага кіно. У яго праграму увайшлі фільмы на самыя розныя тэмы: ад пытанняў аховы навакольнага асяроддзя да міжасобасных адносін. Гледачы ўбачылі такія стужкі, як "Першыя крокі ў кіно" - пра чатырохгадовую дзяўчынку, якая марыць стаць рэжысёрам; "Страчаныя ландшафты Амерыкі: высакатраўная прэрыя" - пра ландшафтна-тэрытарыяльныя і экалагічныя змены, што адбыліся з часоў з'яўлення на амерыканскім кантыненце першых перасяленцаў; "Аутызм: мюзікл", дзе паказаны дзеці-аутысты, што цягам паўгода рыхтавалі музычную пастаноўку. У цэнтры ўвагі "Спадарожнікаманіі" аказаліся штучныя спадарожнікі Зямлі, а ў карціне "Нота за нотай: вытворчасць раяляў Steinway L1037" - знакамітая марка музычных інструментаў. Яшчэ адну стужку фестывальнай праграмы - фільм "Праект Кашмір", у полі зроку якога - больш як пяцідзесяцігадовы канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам, прадставілі спецыяльна запрошаныя ў Мінск кінематаграфісты Сандра Руч і Гіта Патэл. Між іншым, 21 мая госці сталіцы выступілі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

З 26 па 29 мая Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь запрашае на Дні ізраільскага кіно, якія пройдуць у кінатэатры "Цэнтральны". Гледачы змогуць паглядзець ваенную драму "Бафор" - пра падзеі 2000 года на поўдні Лівана ў апошнія дні ізраільскай акупацыі (карціна была адзначана прызам за лепшую рэжысуру на Берлінале ў 2007 г. і намінавана як лепшы замежны фільм на прэмію "Оскар" у 2008 г.), трагікамедыю "Трагедыі Ніны" - пра клопаты маладой жанчыны і ўменне пераадольваць жыццёвыя нягоды, а таксама стужку "Сябры Яны". Героямі апошняй становяцца перасяленцы з былога СССР, у тым ліку і сама Яна, якой даводзіцца рабіць першыя крокі ў новай, зусім невядомай ёй краіне. А 28 мая адбудзецца Дзень дакументальнага кіно. У "Цэнтральным" пакажуць стужкі "Вось так бывае", "Джэні і Джэні", "Блэк-аут" і "Першая алімпіяда маёй маці".

 А вось у якасці веснавой дамінанты Дзён культуры Швецыі, якія праходзяць з 20 мая па 17 чэрвеня, абраны ажно тры накірункі: кінематограф, музыка і літаратура. У прыватнасці, у рамках Фестывалю сучаснага шведскага кіно ў Мінску і Магілёве будуць паказаны чатыры мастацкія фільмы: "Вечныя імгненні Марыі Ларсан", "Воўк", "Кароль пінг-понгу" і "Па вышэйшай волі".

Ул. інф.

На здымку: кадр з фільма "Сябры Яны".