Код да Баха: магілёўская прапіска

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Магілёўская гарадская капэла даўно ўжо стала заўсёднікам амаль усіх музычных святаў, што праходзяць у абласным цэнтры. Але ёсць у калектыву і свой “фірменны знак” — Фестываль музыкі І.С. Баха, які ўжо пяць гадоў запар прымяркоўваецца да дня нараджэння вялікага генія.

 
/i/content/pi/cult/209/2477/8-4.jpg
 Дырыжыруе Сяргей Лішчэнка.   
Без Баха ўявіць музычную культуру ўвогуле немагчыма - не толькі ў сусветных маштабах, але і на ўзроўні пачатковага навучання: праз выкананне яго твораў "праходзіць" кожны музыкант, незалежна ад спецыяльнасці. Праўда, дасягнуць глыбінь разумення яго таямніц дадзена не кожнаму. Добра ўсведамляючы гэта, мастацкі кіраўнік капэлы Сяргей Лішчэнка звяртаецца да творчасці І.С. Баха пастаянна: каб кожны з удзельнікаў калектыву знайшоў, нарэшце, "свайго" Баха. Яны перайгралі-пераспявалі ледзь не ўсе бахаўскія аркестравыя, харавыя творы. Чатырыгады таму ўзнялі нават бахаўскія "Страсці па Матфеі" - у Беларусі твор прагучаў упершыню.

- Бах для мяне - кумір, - усміхаецца Сяргей Юр'евіч. - Ён невычэрпны, у яго творах штораз знаходзіш штосьці новае. Я шмат займаўся вывучэннем нямецкага барока, асаблівасцей тагачаснага выканання, штрыхавой тэхнікі - гэта дапамагае знайсці "код да Баха".

 Невыпадкова на рэпетыцыях дырыжор звяртае ўвагу на асэнсаванасць выканання, тэмбравую і штрыхавую зладжанасць, бахаўскую пульсацыю (для С.Лішчэнкі, як я заўважыла, увогуле больш важкім складнікам выканання з'яўляецца менавіта пульсацыя, а не проста тэмп).

 - Яшчэ большую актуальнасць, - працягвае С.Лішчэнка, - набыла творчасць Баха для ўсіх магіляўчан, калі наш горад стаў пабрацімам нямецкага Айзенаха - радзімы кампазітара. Летась у фестывалі ўдзельнічалі тамтэйшыя музыканты, і Магілёву быў падораны бюст Баха - ён усталяваны ля нашага музычнага вучылішча.

За 20-годдзе свайго існавання капэла таксама стала "амаль навучальнай" установай (праўда, без выдачы дыпломаў), бо салісты-вакалісты "гадуюцца" непасрэдна ў калектыве - з адораных вакальнымі данымі інструменталістаў. А разам з Магілёўскім абласным мастацкім музеем імя П.Масленікава капэла выхоўвае "прафесійных", калі можна так сказаць, слухачоў: дзякуючы пастаянным сумесным праектам, у музеі сфарміравалася свая суполка наведвальнікаў-меламанаў, а сам ён стаў адной з вядучых камерных залаў горада.

 - Капэла ў нас літаральна "прапісалася", - расказвае дырэктар музея Аляксандр Хахракоў (дарэчы, колішні выпускнік Магілёўскага музычнага вучылішча па класах баяна і дырыжыравання народным аркестрам). - У нас добрая акустыка, для слухачоў мы набылі ўтульныя крэслы, для музыкантаў - асвятленне да пультаў, і музыка тут гучыць, нават калі ідзе змена экспазіцыі. Хочам яшчэ набыць арган і адкрыць у музеі арганную залу, а ў перспектыве - стварыць адпаведную школу, падрыхтаваць плеяду магілёўскіх арганістаў.

 Фота аўтара