“Дырыжоры“ і не толькі...

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

У мінскім клубе імя Ф.Дзяржынскага адбыўся святочны вечар, прысвечаны 50годдзю дзіцячай музычнай школы № 4.

 /i/content/pi/cult/209/2476/8-3.jpg

 З нагоды юбілею ў зале сабраліся навучэнцы і выкладчыкі ўстановы, яе выпускнікі. Па словах дырэктара ДМШ № 4 Наталлі Ляжнёвай, пяцьдзесят высокапрафесійных выкладчыкаў і канцэртмайстраў даюць выхаванцам пачатковую адукацыю, далучаюць дзяцей да лепшых узораў нацыянальнай і замежнай музыкі. Асаблівая ўвага надаецца калектыўнаму музіцыраванню. Добра вядомы харавы калектыў, якім кіруе заслужаны работнік культуры краіны Інеса Вінаградава. У 1994 годзе камерны хор "Мы- дырыжоры" атрымаў ганаровае званне "ўзорны" і штогод пацвярджае яго, выступаючы ў канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі.

За паўстагоддзя існавання школа выпусціла больш чым 3000 навучэнцаў. Каля 200 з іх сталі прафесійнымі музыкантамі і працуюць выкладчыкамі і канцэртмайстрамі ў розных установах культуры і мастацтва Беларусі. Сярод іх - загадчык кафедры гісторыі музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства Э.Алейнікава, дацэнт Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў У.Угольнік, салістка Нацыянальнага аркестра народных інструментаў імя І.Жыновіча, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ю.Высоцкая, выкладчык кафедры тэорыі музыкі БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства А.Снытко... Некаторыя з былых выпускнікоў звязалі прафесійную дзейнасць з роднай школай. Сярод іх-Т.Халадзенкава, Л.Нікончык, Ю.Высоцкая, Д.Орсік, П.Ліхавец...

Вечарына распачалася творам "Здравіца" ў выкананні скрыпачоў старэйшых класаў. Сваё майстэрства паказалі выпускнік школы, лаўрэат міжнароднага конкурсу, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі В.Літвін, які выканаў "Канцэртную п'есу", выхаванец вучылішча імя М.Глінкі І.Кіклевіч. А напярэдадні падзеі ў самой школе адбыўся "круглы стол", прысвечаны гісторыі ўстановы і пераемнасці традыцыі музычнага выхавання.

Н.К.

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымку: выпускнік ДМШ № 4, тэлевядучы Яўген Лашкоўскі разам з юным навучэнцам школы.