Гульня ў акцэнты на “шчыгрынавай скуры”

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Каля 40 жывапісных палотнаў прадставіў лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва Васіль Касцючэнка на сваёй персанальнай выстаўцы “Цяпло колеру” ў Нацыянальным мастацкім музеі.

 

Васіль Касцючэнка - жывапісец з адметным поглядам на акаляючы свет, з выразнай, толькі яму ўласцівай, манерай пісьма. Жывапіс для яго - гэта спосаб даследавання свету, пошук архетыпаў, выяўленне першаасноў быцця. Колер, святло, рытм - гэта і ёсць першаасновы, тое, без чаго не існуе свет і на чым будуе свае кампазіцыі Касцючэнка. Вельмі складаныя, але так улюбёныя ім спалучэнні зялёнага і чырвонага вандруюць па палотнах у неверагоднай колькасці адценняў і варыяцый. Часам яны становяцца абсалютнай дамінантай, запаўняючы ўсю прастору палатна, бывае - збіраюцца, сцягваюцца, быццам "шчыгрынавая скура", у невялікія плямы, якія ў некаторых кампазіцыях выконваюць функцыю акцэнтаў, а ў іншых - дапаможную, фонавую.

Складаны, напружаны рытм сваіх палотнаў жывапісец будуе, у асноўным, за кошт гульні з рознымі масамі колеру. Аголенасць, нават пэўная экзальтацыя пачуццяў аўтара трансфармуецца на прасторы карціны ў экспрэсіўную, пульсуючую пластыку. Але пры выразна акрэсленай і ўсёпранікальнай пачуццёвасці ў жывапісе Касцючэнкі падаецца зусім не другасным інтэлектуальны пачатак, які выяўляецца ў добра прадуманай, гарманічна адладжанай пабудове прасторы палатна - фармальнай і сімвалічнай.

 /i/content/pi/cult/209/2474/7-2.jpg
 В. Кастючэнка. "Папараць-кветка"

 Стыль мастака даволі лаканічны, кампазіцыі яго не перагружаны дэталямі. Гэта дапамагае "чытаць" работы майстра адразу, выяўляючы іх цэласнасць і адзінства. Карціна для яго - гэта перш за ўсё гарманічна пабудаваная плоскасць. Падкрэслены дэкаратывізм, абагульнены, нават грубаваты малюнак, павышаная ўвага да формы і аслабленая ў дачыненні да сюжэтнасці - такія рысы творчага метаду характарызуюць Васіля Касцючэнку як мастака з сучасным бачаннем свету, адметнай стылістыкай і выяўленчай мовай.

Фёдар ЯСТРАБ