П.Асоўскі. "Дабравест". |
Сярод тых, хто выступіў на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным мастацкім музеі, - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, Герой Беларусі, народны мастак СССР і Беларусі Міхаіл Савіцкі, дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў, прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў нашай краіне.
Пётр Асоўскі ў сваім слове выказаў сардэчную падзяку за цёплы прыём, які быў аказаны яму і яго выстаўцы мінчанамі і арганізатарамі цудоўнай экспазіцыі.
"Рамантыка славянскіх земляў" прысвечана вялікаму святу, якое мы адзначым 3 ліпеня. І ў гэтым галоўны сэнс мастацкай акцыі рускага жывапісца, для якога наша краіна заўсёды была блізкай і дарагой сэрцу. І як яшчэ адно таму пацвярджэнне - падарунак мастака нашаму музею: Асоўскі перадаў карціну "Дабравест", створаную акурат сёлета.
...Першай работай Пятра Асоўскага, якую я, тады яшчэ малады чалавек, убачыў у Маскве на пачатку 1960-х, стала карціна "Тры пакаленні". Гэта быў час "буры і націску" новага мастацкага напрамку, якое потым увайшло ў гісторыю савецкага мастацтваяк "суровы стыль". Карціна тая ўразіла мяне тым, што мастак паказаў цяжкія будні вясковага жыцця адной сям'і з такой надзвычай праніклівай назіральнасцю, - звыклая тады ў жывапісе тэзісна-тэматычная, плакатная ілюстратыўнасць была адсунута на другі план.
П.Асоўскі. "Дарога да храма". |
Хто тады, у часы хрушчоўскай "адлігі", мог падумаць, што падобныя творы, як і палотны П.Ніканава, Г.Коржава, А. і П. Смоліных, М.Андронава, Т.Салахава, І.Зарыня, Э.Ілтнера, В.Іванова, В.Папкова, нашых М.Савіцкага, Л.Шчамялёва, М.Данцыга, В.Грамыкі, пакладуць пачатак новаму этапу ў савецкім выяўленчым мастацтве, "где жар живой, правдивой речи, а не вранья холодный дым" (А.Твардоўскі).
З таго часу мінула шмат гадоў. Былы "сурыкавец"-шасцідзесятнік Пётр Асоўскі стаў народным мастаком СССР, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, правадзейным членам Расійскай акадэміі мастацтваў, кавалерам Залатой медалі італьянскай Акадэміі мастацтваў, і г. д. І - галоўнае - песняром славянскага свету: ад "духоўнай радзімы" - Пскоўшчыны і "малой Радзімы" - Украіны да "краіны высокіх сініх гор і зялёных далін" - Славакіі, земляў "рамантычных замкаў і сярэднявечных гарадоў" - Чэхіі і Польшчы, "светлых фарбаў дня, змроку фантастычных вечароў і глыбокай чысціні паўднёвага неба" - Балгарыі. І - мемарыяльны пейзаж "Курган Перамогі": гэта ўжо наша Беларусь...
Добра сказаў пра свайго таварыша выдатны мастак Гелій Коржаў: "Пятра Асоўскага хвалююць пачуцці і думкі сённяшняга дня, ён знайшоў для іх форму і мову. Усё глыбей развіваюцца крыніцы, што былі закладзены ў маладосці. Калі я гляджу на яго творы, то адчуваю энергію мастака, які здолеў захаваць юнацкі запал і смеласць, умацаваўшы іх вопытам і ведамі..."
А напрыканцы размовы пра сутнасць выстаўкі П.Асоўскага скажу наступнае. Так, экспазіцыя ўражвае. Уражвае сваёй валявой энергіяй жыццеадчування, праяўленнем настойлівага праўдашукання, нецярпімага да любой хлусні і несправядлівасці. Мастак у сваіх палотнах, прысвечаных паэтыцы славянскіх земляў, дасягнуў асаблівай сканцэнтраванасці свайго жывапісу, паглыблення ў простае і відавочнае, што на паверку аказваецца найскладаным, непазнаным і валодае велізарнай разнастайнай выразнасцю.
Жывапіс Пятра Асоўскага - гэта не толькі "выява", "вобразатвор", але і самапазнанне, якое звязана з пошукамі новых духоўна-мастацкіх гарызонтаў...
Барыс КРЭПАК