Комплексны падыход да гісторыі

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Тэма захавання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі ўзнімалася пад час пасяджэння “круглага стала” ў Прэс-цэнтры Дома прэсы з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, упраўленняў культуры Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама.

Найбольш актыўна абмяркоўваліся пытанні фінансавання аб'ектаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей. У прыватнасці, загадчыца сектара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір зазначыла, што да 2010 года за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца ажыццявіць фінансаванне рэстаўрацыйных работ помнікаў архітэктуры з іх далейшым уключэннем у сферу актыўнай турыстычнай дзейнасці.

Сёлета ў межах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы плануецца аднаўленне палацавага комплексу ў Косаве, сядзібы ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна, комплексу былога езуіцкага калегіума ў вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, на што выдаткавана больш за тры мільярды рублёў. Апрача таго, па словах Наталлі Хвір, у рэспубліцы актыўна вядзецца падрыхтоўка да складання дасье на ўключэнне шэрагу аб'ектаў у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Вялікая ўвага нададзена нематэрыяльным каштоўнасцям, якіх на сённяшні дзень у краіне налічваецца 56.

Пад час абмеркавання актуальных пытанняў закранаўся аспект супрацоўніцтва і з прыватнымі інвестарамі. Як паведаміла супрацоўніца Міністэрства культуры, усе вобласці краіны ўжо вызначыліся з шэрагам аб'ектаў, якія могуць быць набыты як айчыннымі, так і замежнымі грамадзянамі для наступнай рэстаўрацыі і выкарыстання ў сферы агратурызму, а да 1 жніўня гэты спіс мусіць быць даступны грамадскасці.

Шэраг мерапрыемстваў запланаваны да Года роднай зямлі. У прыватнасці, сёлета вялікая ўвага надаецца дагляду за брацкімі магіламі воінаў Вялікай Айчыннай вайны. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Мінскага гарвыканкама Наталлі Радчанка, з 91 памятнага знака, помніка і месца баявой славы гадоў Вялікай Айчыннай вайны, пахаванняў воінаў і партызан 26 аб'ектаў горада патрабуюць узнаўлення альбо замены шыльд з унясеннем вядомых імёнаў воінаў, частковай або поўнай замены мармуровых пліт на мемарыялах, добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. За кошт сродкаў гарадскога бюджэту гэтымі пытаннямі актыўна займаюцца мясцовыя камунальныя службы.

Апрача гэтага, у Мінску ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Комплексная праграма па рэканструкцыі, рэстаўрацыі, узнаўленні і добраўпарадкаванні гістарычнага цэнтра горада на 2004 - 2010 гады. Як паведаміла Наталля Радчанка, за 2008 год на гэтыя мэты было асвоена 105,83 млрд. рублёў, а за першы квартал гэтага - ужо 21,5 млрд.

Кастусь АНТАНОВІЧ