Карэя ў Мастацкім і чайная цырымонія

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

19 мая кіраўнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага музея этнаграфіі Рэспублікі Карэя падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Як паведаміла "К" загадчык аддзела замежнага мастацтва Алена Сянькевіч, дакумент быў падпісаны дырэктарам Дзяржаўнага музея этнаграфіі Рэспублікі Карэя Сін Кван Сопам і дырэктарам нашага Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым. Пагадненне прадугледжвае абмен супрацоўнікамі, сумесныя палявыя і навукова-тэарэтычныя даследаванні, працу па выставачных і адукацыйных праектах, а таксама абмен навуковай інфармацыяй і публікацыямі.

А напярэдадні, 18 мая, у Мінску адкрылася выстаўка "Традыцыйнае мастацтва Карэі", якая была арганізавана па ініцыятыве Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь і Нацыянальнага мастацкага музея пры непасрэдным удзеле Дзяржаўнага музея этнаграфіі азіяцкай краіны.

На выстаўцы, якая прадоўжыцца да канца ліпеня, прадстаўлены каля 30 твораў жывапісу, скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.Экспанаты перададзены ў падарунак Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі Дзяржаўным музеем этнаграфіі Рэспублікі Карэя. Гэта копіі з класічных твораў карэйскага мастацтва, а таксама работы сучасных народных майстроў. Падораныя рэчы, як паведаміла Алена Сянькевіч, пасля закрыцця выстаўкі мяркуюць змясціць у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея ў зале Усходу.

Дарэчы, 19 мая ў Доме дружбы была наладжана сапраўдная чайная цырымонія па-карэйску.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ