Да Радзівілаў — праз тэрмінал

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

21 мая ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку “Нясвіж” быў адкрыты спецыяльны інфармацыйны тэрмінал. Як паведаміла “К” намеснік дырэктара музея-запаведніка па навуковай працы Галіна Кандрацьева, дзейнічаць ён пачаў у першым пускавым комплексе палацавага ансамбля.

/i/content/pi/cult/209/2464/2-2.jpg
 Інфармацыйны тэрмінал распрацаваны пры ўдзеле і фінансавай падтрымцы маскоўскага Бюро UNESCO па Беларусі, Расіі, Азербайджане, Арменіі, Малдове, а таксама пры ўдзеле Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO.

Унікальны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс уключае комплекс звестак па гісторыі Нясвіжскага архітэктурна-культурнага ансамбля, роду Радзівілаў, іншыя цікавыя факты, якія не могуць не прывабіць турыстаў і экскурсантаў.

Тэрмінал паспрыяе і захаванню, распаўсюджванню інфармацыі пра беларускую культурна-гістарычную спадчыну, яе ідэнтыфікацыі ў глабальнай медыяпрасторы. Яшчэ адна мэта ноў-хаў - візуальная прэзентацыя архіўных каштоўнасцей і музейных калекцый, папулярызацыя гістарычных мастацкіх традыцый і тэхналогій... Да паслуг карыстальнікаў - сем тэрмінальных раздзелаў. "Горад" паведамляе пра лёс і цікавосткі Нясвіжа. Аб узвядзенні і развіцці нясвіжскай перліны распавядае "Замак". Раздзел "Радзівілы" ўтрымлівае візуальныя і тэкставыя звесткі пра славуты род. "Архіў" запрашае да агляду шматлікіх дакументаў. Заўзятыя кніжнікі не абмінуць "Бібліятэку". Аб экскурсійных аб'ектах Нясвіжа і адукацыйных рэсурсах музея-запаведніка расказвае раздзел "Наведвальнікам". А "Новыя паступленні" паведамяць пра музейныя прадметы з мясцовых музейных фондаў.

А.С.

На здымку: у час урачыстага адкрыцця інфармацыйнага тэрмінала ў Нясвіжскім замку.