|
Унікальны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс уключае комплекс звестак па гісторыі Нясвіжскага архітэктурна-культурнага ансамбля, роду Радзівілаў, іншыя цікавыя факты, якія не могуць не прывабіць турыстаў і экскурсантаў.
Тэрмінал паспрыяе і захаванню, распаўсюджванню інфармацыі пра беларускую культурна-гістарычную спадчыну, яе ідэнтыфікацыі ў глабальнай медыяпрасторы. Яшчэ адна мэта ноў-хаў - візуальная прэзентацыя архіўных каштоўнасцей і музейных калекцый, папулярызацыя гістарычных мастацкіх традыцый і тэхналогій... Да паслуг карыстальнікаў - сем тэрмінальных раздзелаў. "Горад" паведамляе пра лёс і цікавосткі Нясвіжа. Аб узвядзенні і развіцці нясвіжскай перліны распавядае "Замак". Раздзел "Радзівілы" ўтрымлівае візуальныя і тэкставыя звесткі пра славуты род. "Архіў" запрашае да агляду шматлікіх дакументаў. Заўзятыя кніжнікі не абмінуць "Бібліятэку". Аб экскурсійных аб'ектах Нясвіжа і адукацыйных рэсурсах музея-запаведніка расказвае раздзел "Наведвальнікам". А "Новыя паступленні" паведамяць пра музейныя прадметы з мясцовых музейных фондаў.
А.С.
На здымку: у час урачыстага адкрыцця інфармацыйнага тэрмінала ў Нясвіжскім замку.