“Цагляная прыгажуня” на Замкавай

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Мусіць, маюць рацыю тыя, хто мяркуе, што гісторыя носіць цыклічны характар. 29 мая 1898 года пад гукі аркестра на вуліцы Замкавай прайшло ўрачыстае адкрыццё Гродзенскага пажарнага таварыства. Мінула роўна 110 гадоў, і там жа, пасля рэканструкцыі дома № 19, адкрылася старэйшае гарадское пажарнае дэпо.

/i/content/pi/cult/209/2463/14-1.jpg
 

Старадаўняя Гародня неаднойчы руйнавалася рознымі па сіле пажарамі. Таму за парадкам у гэтай галіне ў горадзе заўжды пільна сачылі. У другой палове ХІХ стагоддзя пажарны двор размясціўся ў цэнтры Гродна, непадалёк ад каралеўскіх замкаў, на месцы будынкаў былых каралеўскіх стайняў. Месца было выбрана гарадскімі ўладамі невыпадкова: побач з Замкавай пралягала вуліца Малая Траецкая са шчыльнай драўлянай забудовай, дзе ў XVIII - XIX стст. адбылося некалькі буйных пажараў, што на чвэрць спустошылі архітэктуру старажытнага горада.

Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя, бадай, самым набалелым пытаннем для гарадскіх улад і пажарнай каманды заставалася пабудова высокай пляцоўкі для нагляду за "вогненнай" бяспекай у Гродне. Яно неаднаразова выносілася на разгляд Гродзенскай гарадской думы. Улетку 1870 года быў праведзены тэндэр на "устройство пожарной деревянной каланчи на казарме пожарной команды". Па рашэнні Думы, будоўляй дазорнай вежы павінен быў заняцца "купецкі сын" Гальперн. Сума, якая выдзялялася на яе будоўлю, складала 313 рублёў 49 капеек, а Гальперн гарантаваў узвесці вежу за 266 рублёў і 25 капеек, - атрымлівалася неблагая эканомія грошай. Звестак, ці гэтым купцом была пабудавана пажарная вежа, не знойдзена. Аднак выснову аб яе існаванні на гродзенскім пажарным двары паміж 1885 і 1898 гг. можна зрабіць, зыходзячыз шэрагу архіўных дакументаў і фотаздымка Яна Балзункевіча: на фота выразна бачна драўляная пабудова з дакладна акрэсленымі ярусамі, якія звужаюцца ўгору.

10 чэрвеня 1885 года ў Гродне адбылося сапраўднае стыхійнае бедства. Па сведчаннях відавочцаў, "...пажар ператварыў Гродна ў выгаралую афрыканскую пустыню". Пасля чэрвеньскіх падзей пільную ўвагу прыцягнуў дрэнны стан вежы, якая знаходзілася ў канцы Замкавай вуліцы ў вельмі нізкім месцы, адкуль была бачна толькі частка горада. З гэтай прычыны каманда не заўжды своечасова магла заўважыць пажар.

Толькі ў 1902 годзе на Замкавай, 19, побач з рэмізай, з'явілася 32-метровая вежа. "Цагляная прыгажуня", узнёсшыся на 6 ярусаў над горадам, несла на сабе выразны адбітак эклектызму. У сярэдзіне яе зрабілі вінтавую лесвіцу са 120 прыступкамі, якая пачыналася на другім ярусе будынка. На самым версе размяшчалася кругавая аглядная пляцоўка пад шатровым навесам, абнесеная ажурнай каванай агароджай. З гэтай пляцоўкі за спакоем у горадзе кругласутачна сачыў вартавы. Пры з'яўленні пажару на каланчу вывешвалі ўмоўныя знакі: днём - скураныя шары, чырвоны колер якіх сведчыў аб пажары, сіні - аб пажарнай небяспецы, а ноччу пад час пажару - ліхтары. У выпадку пажару вартавы на вежы пачынаў біць у звон, гук якога з'яўляўся сігналам для каманды. Калі пажар быў моцны, пачыналі біць набат усе касцельныя і царкоўныя званы горада.

 /i/content/pi/cult/209/2463/14-2.jpg

 

У пачатку ХХ стагоддзя плошча, занятая пажарным дваром, складала 1886 кв. м. Да вежы з левага боку прымыкаў аднапавярховы будынак, дзе размяшчаліся казарма і кухня. З правага боку - вышэйшая і больш шырокая ў аб'ёме, з шасцю варотамі, аднапавярховая пабудова пажарнай рэмізы. Апошняя стаяла ўпоперак існуючай сёння дарогі і закрывала сабою праезд паміж сучаснымі вуліцамі Давыда Гарадзенскага і Вялікай Траецкай. Побач з казармай, з боку каралеўскіх замкаў, існавала невялікая аднапавярховая кузня. Сваю старую рэмізу гродзенская вежа страціла пасля Другой сусветнай вайны, а па тэрыторыі колішняга пажарнага двара праклалі адрэзак вуліцы. У 1965 - 1970 гадах да часткова ацалелага будынка старой казармы дабудавалі новы гараж, які ў 2006 годзе цалкам пайшоў пад знос. На ягоныммесцы ўзнікла сучасная пажарная аварыйна-выратавальная частка пад усё тым жа, нязменным за доўгія гады, нумарам адзін.

 /i/content/pi/cult/209/2463/14-3.jpg

 Гродзенская пажарная вежа вытрымала выпрабаванне часам. Ёй споўнілася 107 гадоў. Сёння вежа з'яўляецца старэйшай сярод сваіх "супляменніц" на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і Польшчы. Прызначэнне яе з цягам часу змянілася. Цяпер пабудова прымае турыстаў і нясе "культурную варту" ў старым цэнтры горада: у ёй працуе галерэя "Арт-Каланча". Праз 120 прыступак на 32-метровай вышыні вежы воку адкрываюцца цудоўныя краявіды горада і яго ваколіц. Падзорная труба, уладкаваная на вонкавай агляднай пляцоўцы, дазваляе разгледзець нават самыя дробныя архітэктурныя дэталі на франтонах старых будынкаў.

Ірына КАЧАН,

старшы інспектар Цэнтра навучання і прапаганды пры ўстанове "Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС" На здымках: славутая пажарная вежа; так выглядаў дазорца на вышыні 32 метры ў пачатку ХХ ст.; экспанаты музея ў вежы.