Адкуль у вёсцы дзядзінец

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

У сучасных беларускіх метэарэаліях праца па даследаванні нетраў зямлі ідзе цягам ледзь не ўсяго года. І тым не менш, менавіта вясной адкрываецца новы сезон у археолагаў. Адна з найбольш значных распрацовак — працяг працы ў Светлагорскім раёне, на месцы знойдзенага горада Казіміра, які існаваў з 1643 па 1655 год і меў, між іншым, магдэбургскае права.

/i/content/pi/cult/209/2462/14-4.jpg
 

Карэспандэнт "К" вырашыў завітаць разам з вядомым археолагам, доктарам гістарычных навук і прафесарам гісторыі Сяргеем Рассадзіным у гэтыя надзвычай прыгожыя і багатыя на падзеі мінулага мясціны.

Пра былую веліч горада сёння нагадвае хіба толькі назва вёскі - Каралеўская Слабада ды ўсталяваны сёлета мясцовымі ўладамі помнік-валун, на якім у бліжэйшы час мусіць з'явіцца мемарыяльная шыльда. На першы погляд - звычайная вёска, аднак, пад'ехаўшы да цэнтра былога горада, пачынаеш разумець эстэтычныя густы і прагматычнае мысленне нашых продкаў: такія краявіды, а дакладней - ракурсы назірання за імі, наўрад ці дзе яшчэ можна знайсці.

У XVII стагоддзі, акрамя рыбнай лоўлі ў Бярэзіне, мясцовыя жыхары зараблялі сабе на жыццё гандлем і, канешне ж, рамесніцтвам, у прыватнасці - ганчарствам. Не выпадкова асноўныя знаходкі мінулых экспедыцый - гэта керамічныя вырабы, рэшткі якіх сустрэліся і пад час нашай паездкі. У гісторыкаў ёсць нават такая аксіёма: калі для селяніна вясна - час пасяўной, то для археолага - гэта перыяд актыўнага збору артэфактаў. Справа ў тым, што на ўзараных палетках адносна лёгка вызначаюцца такія прадметы. Вось і гэтым разам мы вярталіся не з пустымі рукамі. Да таго ж, знойдзеныя пры аглядзе тэрыторыі вясковых агародаў рэшткі старадаўніх прадметаў сведчаць: вакол гарадской царквы, месца якой і па сёння называюць "дзядзінцам" (а па тэрміналогіі Х- ХІІІ стст. "детинецъ - цэнтральнае месца горада), віравала звычайнае, але раптам спыненае, жыццё. Знойдзеныя рэшткі адносна дробныя, але і па іх можна прасачыць гісторыю горада, а пасля - і вёскі. Хаця ў гэтай мясцовасці і не сустракаюцца каштоўныя залатыя ці сярэбраныя прадметы (горад быў разбураны і разрабаваны пад час вайны сярэдзіны XVII ст.), за тое макотры, міскі, шкляны посуд, іншыя побытавыя рэчы ўкладваюцца ў тыя тыпалогіі, што тычацца менавіта згаданага часу.

Па словах Сяргея Рассадзіна, яшчэ пад час ранейшых раскопак, калі былі знойдзены рэшткі старажытнай ратушы, з'явілася меркаванне, што непадалёк мусіў быць і гарадскі храм. Дзякуючы знаёмству археолагаў з мясцовым святаром - айцом Дзімітрыем, які зацікавіўся ідэяй даследавання і добраўпарадкавання месца хрысціянскай святыні, вырашылі, што сёлета раскопкі ў Каралеўскай Слабадзе ажыццяўляюцца менавіта над царквой сумарным аб'ёмам больш за 100 квадратных метраў з адной умовай: месца за алтаром, дзе звычайна былі пахаванні, не будзе раскопвацца. Зараз археолагам неабходна толькі дачакацца архіпастырскага блаславення Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта на правядзенне раскопак хрысціянскай святыні, якое практычна ўжо атрымана.

Вядома ж, адказнасць - вялікая, ды і псіхалагічна складана працаваць над рэшткамі зруйнаванага ў 1940-х гадах храма, чыя дзейнасць вядомая з ХІХ стагоддзя. Ёсць меркаванне, што ён быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі на месцы раней існуючай царквы перыяду існавання горада Казіміра.

І вось якой паўстае Дабравешчанская царква (а менавіта гэтую назву яна мела ў "Описании церквей и приходов Минской епархии 1879 года"): "Время застройки приходской Благовещенской церкви неизвестно. Обновлена в 1869 году на средства правительства, отпущенные в количестве 2800 рублей. Здание было деревянное, на каменном фундаменте, в виде продолговатого креста, с тремя глухими куполами. Колокольня находилась отдельно. Кровля гонтовая и вместе с куполами окрашена в коричневый цвет. Окна в один ярус, дверей двое. Вообще, корпус здания был крепок. Внутренняя вместимость составляла 21 сажень и была квадратного расположения, дощатый потолок подшили тесом. Печей не было. Погост обнесен деревянной оградой. На колокольне 4 колокола. Самый большой в 3 пуда".

Нягледзячы на тое, што ўсё колькі-небудзь каштоўнае з гэтай царквы вынеслі, яшчэ калі яе зачынялі, на думку Сяргея Яўгенавіча, сёлета атрымаецца выявіць дастаткова цікавыя для навукі знаходкі. Галоўнае - неабходна гэтаму месцу надаць годны выгляд: наперш, прыбраць смецце і высекчы хмызняку наваколлі храма, абазначыць дакладныя контуры царквы, каб кожны, хто трапіць у гэтае месца, змог адчуць намоленае людзьмі цягам стагоддзяў месца.

Канстанцін АНТАНОВІЧ

На здымках: першыя знаходкі сёлетніх даследаванняў; рэшткі жаночага духоўнага вучылішча.

P.S. Пакуль вядзецца плённае даследаванне старажытнага горада, у добраўпарадкаваных Парычах, яго своеасаблівым пераемніку, які мае нават герб, аналагічны гербу Казіміра, літаральна на вачах вандаламі зніштажаюцца закінутыя будынкі жаночай духоўнай семінарыі ХІХ стагоддзя, заснаванай жонкай дзекабрыста Міхаіла Іванавіча Пушчына - Марыяй Якаўлеўнай. Ёсць, на жаль, тыя, хто гатовы за невялікія грошы навыбіваць цаглін добрай якасці для новага выкарыстання...

К.А.