Музею Пташука быць!
Народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук нарадзіўся ў вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна. Тут прайшло яго цяжкае пасляваеннае дзяцінства, тут ён зняў адзін з галоўных сваіх фільмаў - "Вазьму твой боль": тонкую псіхалагічную экранізацыю вядомага твора Івана Шамякіна. Калі амаль праз пяць гадоў надышла чарга "Знака бяды", пытанне аб месцы здымак, канешне ж, не паўставала: невялічкі хутар непадалёк ад Баранавічаў, зямля тагачаснай гаспадаркі "Вольна-Чарніхова".
Праз семь гадоў пасля трагічнага сыходу беларускага рэжысёра, тыя, хто працаваў з Пташуком, хто не быў знаёмы з ім асабіста, але шануе ягоную памяць, сабраліся на гасціннай Баранавіцкай зямлі.
Базавая школа ў Ніжнім Чарніхове знаходзіцца непадалёк ад месца здымак "Знака бяды". У сонечны майскі дзень кіраўніцтва раёна, калегі аўтара карціны па кінематографе, мясцовыя энтузіясты пераразаюць чырвоную стужачку ў мемарыяльным пакоі Міхаіла Пташука. Небагатая і пакуль сціплая экспазіцыя размясцілася на другім паверсе невялікай і па-хатняму ўтульнай вясковай школы. Дакументы, фотаздымкі, выразкі з газет і часопісаў... Пэўна, няма нічога унікальнага і сэнсацыйнага, таго, чаго нельга было б знайсці ў архівах кінастудыі і бібліятэчных падшыўках. Але... Гэта першы музей, прысвечаны персаналіі беларускага рэжысёра. Больш за тое: адкрыты ў месцы здымак яго галоўнага фільма. Бо ніхто не будзе адмаўляць той факт, што "Знак бяды" не проста старонка ў творчай біяграфіі Пташука, а- сапраўдная вяршыня яго творчасці, своеасаблівая малітва за ўвесь беларускі народ.
- Нашай зямлі вельмі пашанцавала, што Міхаіл Пташук здымаў тут свае пранізлівыя стужкі, - гаворыць старшыня Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Язубец. - Аднак музей Пташука - напамін не толькі пра здымкі: гэта яшчэ адно слова пра той жах, які перажылі нашы бацькі пад час вайны. Тое, што экспазіцыя размясцілася ў школе, глыбока сімвалічна. Рэжысёр не проста рабіў стужкі пра вайну - сваімі карцінамі ён дабіваўся, каб людзі памяталі пра яе, каб ваенныя жахі больш ніколі не паўтарыліся. Таму, спадзяюся, тое, што мы цяпер бачым, - толькі пачатковы этап у стварэнні вялікага музея.
На гэта спадзяецца і ініцыятар стварэння ўстановы - дырэктар ніжнечарніхоўскай базавай школы Алег Легун. Самае галоўнае, каб справа не спынілася на паўдарозе. Нават пры своечасовай дапамозе кіраўніцтва раёна і эксперыментальнай базы "Вольна", каб музей упэўнена замацаваўся сярод культурных каштоўнасцей і быў уключаны ў спіс турыстычных маршрутаў, патрабуецца яшчэ вялікая праца...
Паплечнікі і энтузіясты
Калі пасля адкрыцця музея ў Ніжнім Чарніхове аўтобус з запрошанымі прыбыў у Вольна, у тамтэйшы Дом культуры, стала зразумела: словы кіраўніцтва - не проста словы. Нягледзячы на выхадны дзень, мясцовыя жыхары прыйшлі на мерапрыемства, прысвечанае памяці вялікага земляка. Вочы, твары, прычым найбольш - маладыя, для якіх і здымаў Пташук.... Перад паказам "Знака бяды" - кароткая сустрэча з тымі, хто прымаў удзел у здымках. На сцэне - аператар Таццяна Логінава, выканаўца галоўнай ролі Генадзь Гарбук, "твар" беларускага ваеннага кіно - акцёр Іван Мацкевіч, Марыя Захарэвіч, якая агучвала гераіню Ніны Русланавай у беларускамоўным варыянце карціны. Побач - адзін з самых актыўных аператараў сучаснага кіно, які працаваў з Пташуком над фільмам "У жніўні 44га", Уладзімір Спарышкоў, тэатральны рэжысёр Валерый Анісенка - даўні блізкі сябар Міхаіла Мікалаевіча.
Дарэчы, самы першы паказ "Знака бяды" адбыўся менавіта тут, у Вольне, у мясцовым Доме культуры, калісьці вельмі прыгожа аздобленым вядомым маскоўскім архітэктарам. Здаецца, нічога не змянілася з 1986 года. Нічога, акрамя таго, што Пташук не на сцэне, а глядзіць на землякоў з экрана...
- Ніколі не думаў, што Мішу Пташука і здымкі нашай стужкі давядзецца ўспамінаць ў такой абстаноўцы. - Генадзь Гарбук быў расчулены цёплым прыёмам. - Той час быў самы шчаслівы ў маім жыцці. Вялікі дзякуй тым, хто захоўвае аб ім памяць! Ведаеце, у экспазіцыі лонданскага музея кінамастацтва "Знак бяды" згаданы сярод дзесяці лепшых стужак пра вайну. Таму тое, што і ў Беларусі з'явіўся музей гэтай карціны, яе рэжысёра, - вельмі добрая навіна.
Яшчэ адзін сімвал - той самы хутар, дзе і адбываліся здымкі. Дакладней, месца, на якім хутар стаяў. Журналісты вельмі любяць пісаць: маўляў, у кіно ўсё - несапраўднае, зробленае спецыяльна для здымак. Хутар для "Знака бяды" спалілі ў кадры па-сапраўднаму, разам з пабудаванымі побач дэкарацыямі. Пад час кароткай дарогі да месца здымак усе ўспаміналі, як гаспадары, у якіх купілі хутар перад здымкамі, пасля схамянуліся і нават пагражалі падаць у суд на рэжысёра, калі даведаліся, што іх родная хаціна будзе спалена ў фінале. Але, як успамінаў Пташук, пасля прэм'еры зразумелі: іх хату спалілі дзеля таго, каб на Беларусі такія вогнішчы больш не палалі...
Дарога да месца былога хутара ідзе па полі, і ў пэўны момант аўтобус буксуе ў глыбокім пяску. Народныя артысты выходзяць дапамагчы, штурхаюць машыну наперад, да знакамітых трох дубоў, якія, як і раней, стаяць побач з былой сядзібай... Менавіта ўздоўж гэтых дубоў на хутар да Петрака і Сцепаніды рухаліся машыны з паліцэйскімі, немцамі, а раней - вазы з калгаснымі актывістамі... А вось і знакамітая гара, Галгофа, на якую Пятрок (Генадзь Гарбук) цягнуў цяжкі драўляны крыж. Ніякага крыжа цяпер тут, зразумела, няма, і адразу нараджаецца прапанова яго аднавіць. Як адбудаваць і сам хутар: хлеў, калодзеж, гаспадарскі дом. Ад іх засталіся вуголле і пячныя камяні.
Леў Аліферка ўсё жыццё працаваў на сяле, але прымаў удзел у здымках адразу дзвюх кінастужак. У 1980-м быў старшынёй калгаса якраз у родных для Пташука Федзюках і дапамагаў рэжысёру рабіць "Вазьму твой боль". Таму калі Пташук шукаў натуру для "Знака бяды", то звыклазвярнуўся да Льва Анатольевіча. І той, тады ўжо кіраўнік "Вольна-Чарніхова", не задумваючыся, адразу прапанаваў вось гэты хутар. Нават фота захавалася: позняя восень 1985 года, ляжыць снег, Пташук і Аліферка стаяць на месцы будучых здымак. Там, дзе цяпер пабывалі і мы.
Зразумела, не абышлося без успамінаў. Аператар Таццяна Логінава і акцёры Генадзь Гарбук і Іван Мацкевіч аднаўляюць абставіны здымачнага перыяду. Расказваюць, як цяжка даводзілася і акцёрам, і рэжысёру з аператарам. Як пасыпалі поле суперфасфатам, каб растаяў нечаканы снег. Як выканаўца ролі Сцепаніды - вядомая актрыса Ніна Русланава цягнула ў кадры бомбу, што, дарэчы, важыла зусім як сапраўдная: каб усё было натуральным, яе абалонку напоўнілі зямлёю. Успомнілі і вясковую жанчыну, якая ў кадры даіла карову: усё ж рукі ў быкаўскай Сцепаніды - зусім не такія, як у актрысы.
Пра самую адказную сцэну - пажару - было што сказаць і аператару. Аказваецца, калі хату падпалілі, у вогнішча кінулася котка: не здолела вытрымаць знішчэння роднага кута. Котку затрымалі, і сенсацыйныя кадры не былі зняты. Але стужка атрымалася і без іх.
У чаканні турыстаў
Ад Ніжняга Чарніхова, Вольна да былога месца здымак - усяго некалькі хвілін на машыне. Здаецца, вось вам і гатовы турыстычны маршрут, балазе і знаходзіцца ён якраз на трасе Мінск - Брэст. Тое, што паглядзець у тых мясцінах ёсць многа чаго, расказаў усё той жа Леў Аліферка, які ў свой час шмат аддаў развіццю гэтага краю. Цікава, што і цяпер эксперыментальная база "Вольна" - самая вялікая гаспадарка ў краіне: тут ёсць і жывёлагадоўчы комплекс на 10 тысяч галоў, і ўласны спіртзавод. У свой час гэтае сельгаспрадпрыемства было створана пры аб'яднанні адразу сямі панскіх маёнткаў. Гісторыя таго ж Вольна налічвае амаль 400 гадоў!
У XIX стагоддзі ў ім жыў вядомы архітэктар Рафаіл Слізень. А Ніжняе Чарніхова было маёмасцю нямецкага землеўладальніка Гарцінга. На жаль, гістарычных пабудоў тут захавалася няшмат. Вельмі цікавая царква ў Вольне, да якой прылягае парк з каштоўнымі раслінамі, што памешчыкі звезлі з розных краін свету. У Гарцінга было іншае "хобі": ён быў калекцыянерам... піва. У 1980-я, калі пачалі перабудову рэшткаў яго маёнтка, тознайшлі цэлае скляпенне з бутэлькамі рознага калібру. Адшукалася ў калекцыі Гарцінга і прадукцыя мінскіх бровараў. Аліферка нават патэлефанаваў на адзін з іх і пацікавіўся, ці ёсць такая бутэлька ў музеі прадпрыемства. Аказалася, што няма.
Так, пра тутэйшыя мясціны можна расказваць шмат і доўга. Галоўнае, каб людзі памяталі і прапагандавалі сваю гісторыю. У Ніжнім Чарніхове і Вольне такія людзі ёсць. А значыць, госці ў іх не перавядуцца.
Антон СІДАРЭНКА
На здымках: народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук выступае на цырымоніі адкрыцця музея; кадр з фільма "Знак бяды"; на гэтым месцы здымалі сцэну ўзыходжання Петрака на мясцовую Галгофу.
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА Фота Антона СІДАРЭНКІ Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА