Інвестыцыі пад імя Шагала, або Пяцьдзесят гектараў для турыстычнага паломніцтва

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

20 мая праект Міжнароднага Шагалаўскага цэнтра ў Віцебску быў прадстаўлены на Мінскай міжнароднай выстаўцы “Нерухомасць і інвестыцыі”. Шпацыруючы ў той самы дзень па ціхай Пакроўскай, патэлефанаваў кіраўніку творчай групы Леаніду Левіну, каб запытаць, ці прыцягвае праект увагу наведвальнікаў. “Цікавасць такая, што ажно перадыхнуць няма як! Да нашага стэнда людзі ідуць несупынна”, — паведаміў голас знакамітага архітэктара на фоне звыклай для такіх выставак гаманы.

/i/content/pi/cult/209/2460/4-1.jpg

Так архітэктары візуалізавалі свае ідэі.  

 Мэта кароткай экскурсіі, якую правялі для мяне галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі і дырэктар Музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая, цалкам зразумелая: уявіць, як будуць выглядаць гэтыя ціхія і непрэзентабельныя пакуль мясціны пасля таго, як грандыёзная задума, натхняльнікам якой стаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, увасобіцца ў жыццё.
— Ужо на чацвёрты дзень пасля свайго прызначэння на цяперашнюю пасаду Аляксандр Мікалаевіч запрасіў мяне ў свой кабінет і прапанаваў узначаліць творчую групу,— распавёў Леанід Левін. — Я пагадзіўся без ваганняў. Бо няўзброеным вокам відаць: мы не аддаём свайму земляку тую пашану, якой ён заслугоўвае. Шагала ў Віцебску сёння, на жаль, вельмі мала.
Неаспрэчна, выбар галоўнага архітэктара быў невыпадковы. Пра гэта сведчаць не столькі рэгаліі Леаніда Левіна, колькі яго “паслужны спіс”: у ім можна сустрэць і ўдалую стылізацыю “пад даўніну” (знакамітае Траецкае прадмесце) і смелыя ўзоры сучаснай архітэктуры. Менавіта гэтыя два пачаткі, здавалася б, супрацьлеглыя, і будуць вызначаць канцэптуальнае вырашэнне прасторы Шагалаўскага цэнтра.
За лічаныя месяцы група архітэктараў з пяці чалавек стварыла праектную прапанову па рэгенерацыі гістарычнага раёна “Задзвінне”, у рэалізацыі якой было вызначана чатыры чаргі. Агульная плошча ўчастка складае 50 гектараў, а сума інвестыцый, патрэбных для ўвасаблення задумы ў жыццё, перавышае 200 млн. долараў. Лічбы ўражваюць!
 

Навошта гэта патрэбна?

Гэтае пытанне ўжо праслізгвае дзенідзе ў СМІ, і гучаць яно будзе яшчэ не аднойчы. Але каб знайсці на яго адказ, трэба проста прыехаць на Пакроўскую і ўбачыць яе на ўласныя вочы.

Абавязковы пункт непісанага пратакола наведвання турыстамі гэтых мясцін - фота ля помніка Шагалу, які стаіць на былой Полацкай плошчы (а цяпер - безыменным лапіку). Фатографу давядзецца праявіць вынаходлівасць, каб у кадр не трапіў непрэзентабельны ангар на заднім плане. Такіх збудаванняў, якія наўрад ці папоўняць спіс помнікаў прамысловага дойлідства, у ваколіцах дома Шагала вельмі шмат: тут і вінзавод, і нейкія склады, і аўтарамонтныя майстэрні... Прыкмячаю, што групка замежных турыстаў ахвотна іх фатаграфуе, - маўляў, экзотыка!

Але агульны ландшафт гэтых мясцін за стагоддзе бадай не змяніўся: на шчасце, на Пакроўскай не паўстала "высотак" або тых аб'ектаў, "выкарчаваць" якія сёння было б праблематычна. Парэпаныя парканы чаргуюцца тут са старасвецкімі камянічкамі, дзе Шагал, мусіць, ведаў кожную цаглінку. Такіх дамоў у гэтым раёне збераглося нямала: і на Пакроўскай, і на суседняй Рэвалюцыйнай. Яе таксама не абміне ніводзін з тых, хто захоча прайсці сцежкамі мастака. Праўда, услед за зграбнымі неатынкаванымі дамкамі паабапал дарогі ідуць руіны: спярша - гістарычна-значныя (ад усіх 70 сінагог дарэвалюцыйнага Віцебска ацалелі толькі рэшткі адной), а потым - разваліны дамоў ужо паваеннага часу, якім даўно пара дапамагчы ператварыцца ў друз.

- Мы будзем захоўваць кожны будынак, важны для асяроддзя і для гісторыі Віцебска, - запэўніў Леанід Левін. - Ніводзін аб'ект, што ўяўляе з сябе гісторыка-культурную каштоўнасць і ўключаны ў Дзяржаўны спіс, не будзе зруйнаваны. Больш за тое: творчая група выступіць з прапановай унесці ў гэты спіс тыя віцебскія камяніцы, якія туды пакуль не трапілі. А сінагога нарэшце дачакаецца рэстаўрацыі.

Тэхніка сёння здольная тварыць цуды. І таму архітэктары могуць не толькі распавесці пра свае задумы, але і паказаць іх - амаль з фатаграфічнай дакладнасцю. І карцінкі ўражваюць: на месцы нейкага непрэзентабельнага буданчыка стаіць шыкоўны гатэль, вуліца выбрукавана паддаўніну і на ёй поўна кавярняў, сувенірных крамак ды іншых неабходных інфраструктурных аб'ектаў. Але самая галоўная дэталь віртуальнай мадэлі, якая адразу кінулася ў вочы праз свой кантраст з рэчаіснасцю, - гэта тое, што на Пакроўскай шматлюдна (хай сабе і з дапамогай "Фоташопу"). Бо сёння там стаіць цішыня. Толькі зрэдчас яна парушаецца рокатам матораў турыстычных аўтобусаў. Адзіны па-сапраўднаму прыцягальны аб'ект тут - гэта дом-музей.

- А ўявіце сабе, як "утульна" тут бывае ўзімку вечаровай парой! - падкідвае дроў у агонь Людміла Хмяльніцкая. - Тады здаецца, быццам гэтая частка горада наогул вымірае.

Пасля наведвання музея турысты сядаюць у свае аўтобусы і ад'язджаюць. Хаця, магчыма, многія і затрымаліся б, каб уволю надыхацца атмасферай шагалаўскага Віцебска. Але рабіць на Пакроўцы папросту няма чаго: ні гатэля, ні кавярні тут не знойдзеш. Ды і на тэрыторыі музея сёння не тое што кавы не вып'еш - няма нават дзе "носік прыпудрыць".

Людміла Хмяльніцкая патлумачыла, што стварыць патрэбную інфраструктуру на цяперашніх музейных плошчах немагчыма: яны поўнасцю заняты экспазіцыяй, і нават для сувенірнай лаўкі месца там не знайшлося. Так, яшчэ пару гадоў таму аддзелам культуры Віцебскага гарвыканкама было прапанавана дапасаваць да музейнага комплексу некалькі "навабудаў", якія нібыта сышлі з шагалаўскіх карцін, размясціўшы там і гатэль, і кавярню, і сувенірную лаўку...

Селядзечная ў "музейным варыянце"

З гэтага і пачнецца стварэнне Шагалаўскага цэнтра. Доміку майстра будзе вернута арганічнае атачэнне: побач паўстануць драўляныя дамкі - па вобразе і падабенстве тых, якія мастак бачыў на ўласныя вочы. На сценах з'явяцца стылізаваныя пад даўніну шыльды: "Карчма", "Гасціны двор"... Зразумела, што эстэтыка будзе спалучацца тут з функцыянальнасцю. Паўстане з нябыту і Ільінская царква, неаднаразова ўвекавечаная на палотнах майстра. Яшчэ адзін важны аб'ект - селядзечная, дзе гандлявала маці Марка. Праўда, яна адродзіцца, хутчэй, ужо ў "музейным" варыянце.

- Шагал вельмі часта маляваў Віцебск, - кажа Леанід Левін. - Але цяпер таго Віцебска ўжо бадай не пабачыш. І таму мы паставілі задачу вярнуцьмузею мастака тое асяроддзе, якое натхняла Шагала, абапіраючыся менавіта на яго творы.

 Прэцэдэнты гэтай мастацкай з'явы мне не вядомы. Жывапісныя творы, у якіх адлюстравана архітэктура, - рэч звыклая. А вось калі архітэктура паўстае на аснове жывапісу...

Школа з крыг лёду

 Архітэктары паставілі перад сабой задачу спалучыць неспалучальнае - "правінцыйную" эстэтыку ХІХ стагоддзя, якую так любіў мастак, і звышсучасныя гмахі, дзе знайшлі б сваё адлюстраванне ідэі авангардыстаў. Трохі ўзбоч ад Пакроўскай запланавана ўзвядзенне будынка, што мае шансы ўвайсці ў гісторыю як самы арыгінальны (але адначасова - і самы спрэчны) узор беларускай архітэктуры свайго часу. Складаная канструкцыя Міжнароднай школы мастацтваў нібы зроблена з вострых крыг лёду. Нават у праекце яна ўражвае!

Але суседства гэтага высокага гмаху з маленькі дамкамі сёння выклікае насцярожанасць у некаторых віцябчан. Ці не створыць ён дысгармонію? І ці будзе рэзкі канстраст паміж старым і новым сапраўды эстэтычным? Зрэшты, архітэктары настойваюць, маўляў, прыкрай эклектыкі ім удасца пазбегнуць. Але, між тым, паўстанне школы сведчыць: Шагалаўскі цэнтр займее не толькі камерцыйны складнік (які відавочны), але таксама і культурнаасветніцкі. Гэтая ўстанова ставіць перад сабой амбітныя планы вярнуць Віцебску статус аднаго з цэнтраў сучаснага мастацтва. Па словах Леаніда Левіна, навучэнцамі школы маюць станавіцца самыя перспектыўныя маладыя мастакі з усяго свету. Можна спадзявацца і на тое, што карыфеі contemporary art будуць лічыць за гонар даць майстарклас на радзіме Шагала. На думку архітэктара, менавіта гэтае імя можа натхніць замежных мецэнатаў на фінансаванне праекта: хто ж не захоча ўпісаць побач з ім і ўласнае?

Пра канкрэтны характар увасаблення гэтай задумы казаць сёння яшчэ зарана: пакуль што мецэнатаў не знайшлося. Але пэўны правобраз у Віцебску яна ўжо мае. Міжнародная летняя школа пры музеі Марка Шагала, калі падлеткі вучацца разняволенай творчасці на аснове сінтэзу розных відаў мастацтва, пройдзе сёлета ўжо трэці раз.

Дзякуючы Шагалу, Віцебск стаў адным з самых прыцягальных гарадоў для замежных турыстаў: многіяз тых, хто прамінае Беларусь транзітам, заязджаюць толькі сюды, абмінаючы нават сталіцу. Але пабываўшы на Пакроўскай, разумееш: турбізнес - гэта толькі адзін са складнікаў праекта Цэнтра. Ён будзе разлічаны не толькі на турыстаў, але і на саміх віцябчан.

Сям'я Шагалаў выбрала вельмі зручнае месца жыхарства - прынамсі, з сучаснага пункта гледжання: у трох кроках ад Пакроўскай - абодва віцебскія вакзалы, ды і ад цэнтра адсюль хвілін пятнаццаць пехатой. Зразумела, такія перспектыўныя тэрыторыі ў любым выпадку павінны мець куды лепшае прымяненне, чым маюць цяпер. І стварэнне Цэнтра павінна "забіць адразу двух зайцоў": паспрыяць не толькі ўшанаванню памяці мастака і стварэнню турыстычнай адметнасці, але і пераўвасабленню "брыдкага качаняці" ў фешэнебельны раён горада. Літаральна за спінай у бронзавага Шагала праектуецца ўваход у вялізны гандлёва-забаўляльны цэнтр, аналагаў якому ў Віцебску пакуль што няма, а на Рэспубліканскай, а потым і на іншых вуліцах, спрэс да Кірава, размесцяцца кварталы элітнага жылля.

Дарэчы, ад жылога сектара гэты раён не будзе пазбаўляцца. Як справядліва адзначыла Людміла Хмяльніцкая, у адваротным выпадку ён стаў бы безжыццёвым. Праўда, ці ўдасца захаваць у прэстыжным раёне той непадробны каларыт унутраных дворыкаў, дзе і сёння, як і сто гадоў таму, на вяроўках сушыцца бялізна? Але што рабіць - без ахвяр не абыходзіцца...

 * * *

Сродкі для ўвасаблення задум у жыццё віцебскія ўлады спадзяюцца знайсці перадусім праз прыцягненне замежных інвестыцый. Вядома, час цяпер для глабальных бізнес-ініцыятыў не надта спрыяльны. Але... стаўленне да праекта ў Віцебску аптымістычнае.

- Уклаўшы аднойчы сродкі ў Шагалаўскі цэнтр, інвестар можа разлічваць на пастаянныя дывідэнды, - кажа Людміла Хмяльніцкая. - Попыт на тую або іншую прадукцыю залежыць ад зменлівай кан'юнктуры рынка, а вось значнасць імя Шагала ніколі не зменшыцца.

Без сумневу, адзін асобна ўзяты інвестар не здолее цалкам "пацягнуць" маштабны праект. Таму ўсім патэнцыйна зацікаўленым прапануецца ўзяць на сябе адну канкрэтную яго частку - згодна з уласнымі магчымасцямі. Хтосьці захоча ахвяраваць на стварэнне Іудзейскага рэлігійнага цэнтра ў адрэстаўраванай сінагозе, хтосьці ўкладзе грошы ў звышсучасны гатэль, які запланаваны насупраць, а хтосьці - у сувенірныя крамы. Паасобку такія інвестыцыі былі б не надта прывабнымі: хто захоча будаваць фешэнебельны гатэль насупраць руін?

Першы крок у ажыццяўленні праекта ўжо зроблены. Паводле Генеральнага плана Віцебска, зусім побач з Шагалаўскім дамком меўся праходзіць вялізны пуцеправод праз Дзвіну. Зразумела, у гістарычным месцы такая магістраль зусім недарэчы. І хаця праектныя работы па яе стварэнні ўжо завяршаліся, Аляксандр Косінец пагадзіўся з прапановай Леаніда Левіна перанесці пуцеправод у іншае месца.

Зрэшты, не толькі гэта сведчыць пра сур'ёзнасць намераў абласных улад. Куды больш красамоўнае сведчанне - тыя пераўвасабленні, што паўсюдна дзеюцца ў гістарычным цэнтры Віцебска, дамінантамі якога з нядаўняга часу сталі дзве адроджаныя барочныя царквы. Гасцей сёлетняга "Славянскага базару" чакае нямала прыемных здзіўленняў...

Барочныя вежы Успенскай царквы - прывабны фон для новых інвестыцый у турінфраструктуру Віцебска. У тым ліку, і чыста з прагматычнага пункта гледжання.

 Ілля СВІРЫН