Факсіміле духоўнасці на інфармацыйным полі

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

24 мая ў славянскіх краінах адзначаецца Дзень славянскага пісьменства і культуры ў гонар святых Кірылы і Мяфодзія. З 21 па 29 мая з гэтай нагоды ладзяцца штогадовыя, ужо пятнаццатыя па ліку, Міжнародныя чытанні, што носяць імя балгарскіх першаасветнікаў. Па традыцыі, выдавецтва Беларускага экзархата стане актыўным удзельнікам гэтага буйнога форуму, дзе прадставіць свае навінкі і найбольш папулярныя выданні. Між іншым, летась гэтай структуры Беларускага экзархата споўнілася 10 гадоў. У кантэксце духоўнай асветы і меркаваў павесці гутарку з выканаўчым дырэктарам выдавецтва Беларускага экзархата Уладзімірам ГРОЗАВЫМ. Ды пачалі мы з тэмы, падавалася б, зусім процілеглай...

/i/content/pi/cult/209/2457/6-1.jpg
 

Прычынай - караблі

- Уладзімір Усеваладавіч, перш чым гаварыць аб выдавецкіх справах, скажыце колькі слоў пра сябе. Усё ж выдавецтва Беларускага экзархата - асаблівае, і чалавеку, які ўзначальвае яго, на маю думку, мала быць высокаадукаваным, глыбока эрудыраваным...

- Мы з выдавецтвам, так бы мовіць, равеснікі. У тым сэнсе, што я працую ў ім з самага пачатку - з 1998-га года. Але перш чым стаць выдаўцом, мне давялося авалодаць іншай важнай прафесіяй, прытым даволі рэдкай.

- Што ж гэта за прафесія такая?

 - Разведчыка!

 - І раптам працуеце ў такой сферы!

 - Як кажуць, "пути Господни неисповедимы". А пра астатняе магу расказаць шчыра, як на споведзі. Маленства маё прайшло ў вёсцы Камяно на Лагойшчыне ў сям'і лесніка. У чатырнаццацігадовым узросце мяне як выдатніка вучобы накіравалі ва Усесаюзны піянерскі лагер "Артэк". Асабліва ўразілі мяне караблі, што стаялі ў Севастопалі на ваенна-марской базе. Адразу захацелася стаць ваенным мараком. Таму, калі скончыў сярэднюю школу, падаў дакументы ў Ленінградскае вышэйшае марское вучылішча. На жаль, не ўдалося прайсці строгую медыцынскую камісію: у мяне выявілі даўні пералом рукі. Але без арміі я ўжо не ўяўляў свайго жыцця. Вырашыў паступаць у БДУ, даведаўшыся, што на геаграфічным факультэце ёсць ваенная кафедра.

 - А чаму менавіта на геафак?

- Захацелася стаць разведчыкам. Таму разважаў так: геаграфія і разведка - у чымсьці паняцці блізкія. І першае, і другое звязана з рамантыкай. Не сумняваўся і ў тым, што, калі пасля атрымання вышэйшай адукацыі падам рапарт аб жаданні служыць у арміі, медыцынская камісія будзе менш строгай, чым у ваенным вучылішчы. Камісію я сапраўды прайшоў, падаў рапарт аб накіраванні ў Афганістан. Аднак, як кажуць, трапіў туды, куды трапіў.

Блаславенне на выдавецтва

 - Магу пагадзіцца з вамі, што прафесіі географа і разведчыка ў чымсьці блізкія. Але быць разведчыкам - і стаць кнігавыдаўцом, прычым такой спецыфічнай літаратуры?..

- Прычынай усяму - перабудова. Многія тады па-новаму зірнулі на свой радавод. Аказалася, што і ў нашым родзе былі манахі. Прафесію сваю я на той час вельмі любіў і развітвацца з ёю недумаў. А вось мая стрыечная сястра, скончыўшы педагагічнае вучылішча, нечакана паведаміла сваім бацькам, што хоча ісці ў манастыр. Угаворы нічога не далі, і яна стала манахіняй. Дарэчы, я сам яе і адвёз у адзін з манастыроў. А праз некаторы час сям'я наша ехала адпачываць у санаторый. Вырашылі заехаць на хвілін пятнаццаць у Задонскі манастыр, каб перадаць аднаму адрасату пісьмо. Ехалі на хвілін пятнаццаць, а затрымаліся на два тыдні.

- І што вас там затрымала?

 - Мне сказалі: прыйдзе старац і будзе рабіць адчытку. Хто такі старац, што такое адчытка, - я, зразумела, тады не ведаў, але паколькі той, каму нас прасілі перадаць ліст, адсутнічаў, то мы і вырашылі папрысутнічаць пры адчытцы. Тое, што адбывалася пад час яе, мяне настолькі ўразіла, што стаў быццам сам не свой. Можаце ўявіць сабе: разведчык, вышэйшы афіцэр два тыдні працаваў у манастыры! Прычым добраахвотна, ніхто мяне да гэтага не прымушаў.

- А далей?

- Далей быў распад Савецкага Саюза і маё, калі можна так сказаць, духоўнае ўзвышэнне і душэўнае ачышчэнне. Служба ў арміі для мяне страціла ўсялякі сэнс. Трэба было авалодваць нейкай новай прафесіяй. І тут я ўпершыню зразумеў: два тыдні, праведзеныя ў Задонскім манастыры, не прайшлі марна. Захацелася прысвяціць сябе службе Госпаду. Я стаў эканомам Спаса-Узнясенскага храма ў Фаніпалі. Дакладней, самога храма яшчэ не было. Мы пачалі яго ўзвядзенне з нуля. Збіралі ахвяраванні, у тым ліку і будаўнічымі матэрыяламі, шукалі рабочых. Але, нарэшце, храм быў здадзены і асвечаны. Потым мне давялося пабываць у Пскоўска-Пячэрскім манастыры, дзе пазнаёміўся са старцам, духоўнікам, архімандрытам Янам Крэсцьянкіным, на жаль, сёння ўжо нябожчыкам. Унікальны быў чалавек, цяжкага лёсу: пятнаццаць гадоў правёў у сталінскіх лагерах. Ён і сказаў, што мне трэба працаваць у выдавецтве, чаму я вельмі здзівіўся. А ў адказ пачуў: "Ты не смейся, выдавецкая справа вельмі важная. Лічы, што яна - апостальская праца". Бласлаўляючы мяне на гэтую працу, вынес іконкі анёла-ахоўніка: "Кожнаму з тваіх дзетак". Я паглядзеў: пяць іконак, а дзяцей у мяне толькі двое. "Бацюшка, - кажу, - тры іконкі - лішнія", а ён у адказ: "У Бога нічога лішняга няма". Праз некалькі месяцаў мыз жонкай павянчаліся, і сапраўды: Усявышні даў нам яшчэ трох дзетак.

Праекты адзінкавыя і серыйныя

- Выдавецтва Беларускага экзархата не было б, каб прыкладна пятнаццаць гадоў таму ў Мінску, па вуліцы Прытыцкага, не распачалося будаўніцтва храма у гонар іконы "Усіх тужлівых Радасць". Тады на гэтым месцы з'явілася звычайная армейская палатка, якую я ўстанаўліваў сваім рукамі. З часам выдавецтва пераехала ў адзін з будынкаў, што знаходзіцца на тэрыторыі храма.

- Калі ласка, пазнаёмце хаця б з некаторымі выданнямі.

- Да святкавання 1020-годдзя Хрышчэння Русі выдалі чатырохтомнік песняспеваў, над якім працавалі больш за пяць гадоў. Такі праект ажыццёўлены ўпершыню ў практыцы праваслаўнага кнігавыдання. Выходзяць і асобныя зборнікі акафістаў. А вось яшчэ адна унікальная кніга - "Хрышчэнне Русі", напісаная вядомым рускім гісторыкам Канстанцінам БястужавымРуміным. Апошнім разам яна выдавалася яшчэ ў 1865 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Мы на падставе таго выдання зрабілі новае, у сучаснай арфаграфіі, багата праілюстраваўшы яго. Дарэчы, мастацкаму афармленню пастаянна надаём вялікую ўвагу, клапоцячыся аб тым, каб кніга адначасова станавілася і творам мастацтва. Працуем і над серыйнымі выданнямі. У іх шэрагу - і адрасаваная дзецям бібліятэчка, якая расказвае аб праваслаўных святых. Яшчэ адна серыя называецца "Слава Айчыны": яна прысвечана гераічным падзеям слаўнага мінулага братніх славянскіх народаў. "Першынцам" у ёй стала кніга Аляксандра Вялько "Бітва ля Лясной" - пра тую самую бітву, што адбылася на Беларусі са шведамі, якую Пётр І назваў "маці Палтаўскай баталіі". Не магу не сказаць і пра тое, што вялікую ўвагу мы надаём выпуску рэлігійнай і філасофскай спадчыны. Ды хіба ўсе кнігі назавеш! Толькі сёлета пабачаць свет амаль 150 найменняў.

- А якія бліжэйшыя планы ў выдавецкай дзейнасці?

 - Завяршаецца унікальны выдавецкі праект, які ажыццяўляем сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, - выпуск факсімільнага выдання знакамітага Слуцкага Евангелля. На сённяшні дзень у свеце захоўваецца толькі адзін асобнік гэтага унікальнага помніка, які адносіцца да ХVІ стагоддзя. Ён быў перададзены вернікамі Высокапраасвяшчэннейшаму Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту. Зразумела, што падобных праектаў - адзінкі, тым больш, яны робяць гонар нашаму выдавецтву. Самая ж вялікая праблема і адначасова самая вялікая наша задача - "даць" вобраз сучаснага станоўчага героя. Сёння, як вядома, інфармацыйнае поле запаўняюць розныя "супермены", прапагандуецца насілле, а тыя, хто з'яўляюцца сапраўднымі сынамі сваёй зямлі, хто годна працягвае справу сваіх бацькоў, бывае, абыдзены ўвагай. Спадзяюся, што такія героі таксама прыйдуць на старонкі нашых кніг.

 У цэнтры - сям'я

- Наколькі вядома, структура ваша не абмяжоўваецца толькі выдавецкай дзейнасцю.

- На сёння выдавецтва Беларускага экзархата- буйны асветніцкі цэнтр Праваслаўнай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь. Ужо шмат гадоў мы з'яўляемся адным з арганізатараў і экспанентаў духоўна-асветных выставаккірмашоў "Беларусь праваслаўная". Добрай традыцыяй стала супрацоўніцтва з Рэспубліканскім фестывалем сучаснай хрысціянскай культуры "Дабравест". Апроч таго, наша выдавецтва - пастаянны арганізатар і ўдзельнік Міжнародных адукацыйных Свята-Панцеляймонаўскіх чытанняў. Канкрэтным укладам у развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавай і Царквой стала праграма "Сям'я - лучнасцю і любоўю выратуемся", арганізаваная ў ліпені 2007 года ў Слуцку сумесна з адміністрацыяй Мінскага аблвыканкама і Слуцкага райвыканкама. Сёлета яна ладзілася ў Жодзіне, потым - у Старых Дарогах, а таксама адбудзецца ў Салігорску.

- Думаецца, правядзенне менавіта такой канферэнцыі стала невыпадковым...

- Моцная, здаровая, жыццядайная сям'я неабходна менавіта цяпер, калі асаблівая ўвага грамадства скіравана на дэмаграфічную сітуацыю. Дарэчы, у супрацоўнікаў нашага выдавецтва, калі браць у сярэднім, атрымліваецца больш як па тры дзіцяці на сям'ю. Важны, думаецца, і такі момант: трэба ў выхаванне вярнуць мужчынскі пачатак - і ў сям'і, і ў школе.

- У сувязі з гэтым на сённяшнім этапе набывае важнае значэнне ўдасканаленне ўзаемаадносін Царквы і дзяржавы.

- Як вядома, паміж нашай дзяржавай і Праваслаўнай Царквой падпісана магістральнае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, культуры, інфармацыі. У ім ёсць пункты, што абавязваюць выкарыстоўваць духоўныя скарбы для выхавання і навучання. Таму ў нас цеснае супрацоўніцтва з бібліятэкамі- як школьнымі, так і публічнымі, а таксама з рознымі ўстановамі і ведамствамі. Дарэчы, я з'яўляюся старшынёй Рэспубліканскага дзяржаўнага аб'яднання бацькоў і настаўнікаў за адраджэнне праваслаўнай адукацыі. Чалавек, які выхоўваецца на праваслаўнай традыцыі, што ўвабрала ў сябе духоўныя каштоўнасці продкаў, валодае сумленнем, а гэта той "стрыжнёвы" фактар у яго душы, што дазваляе яму з адказнасцю ставіцца і да вучобы, і да жыцця ў цэлым, і да блізкіх. Калі ўзнікаюць цяжкасці, нейкія тупіковыя моманты, ён разумее: цяжкасці даюцца нам самім Богам. Спадзяюся, у вяртанні да Бога тых, хто прагне духоўнага ачышчэння, і дапамагаюць кнігі выдавецтва Беларускага экзархата.

Алесь МАРЦІНОВІЧ