Хто на новенькага?

№ 21 (889) 22.05.2009 - 29.05.2009 г

Пастаўленае пытанне і героі першай паласы — не выпадковыя. 27 мая на базе Тэатра беларускай драматургіі пройдзе выязная калегія Міністэрства культуры нашай краіны, дзе першым пунктам будзе разглядацца праца з творчай моладдзю ў рэспубліканскіх драматычных тэатрах, што пацвярджае актуальнасць абранай праблемы. І сёлетнія выпускнікі тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (на здымку) — з тых, хто неўзабаве па размеркаванні папоўніць шэрагі айчынных сцэнічных калектываў. Урэшце, тэму моладзі, якая шукае сябе ў прафусіі, мы працягваем у матэрыялах гэтага нумара.

Як зрабіць з аматара-пачаткоўца кінематаграфіста

 
/i/content/pi/cult/209/2456/5-1.jpg
Першымі кінарэжысёрамі, зразумела, былі непрафесіяналы: фатографы, артысты, нават людзі іншых, несумежных, прафесій. Але з часам, каб трапіць у цудоўны свет кіно, стала патрабавацца прайсці адпаведны адбор, скончыць вышэйшую навучальную ўстанову, атрымаць дазвол называцца прафесіяналам ад старшых калег. Сёння ж мы нібыта вярнуліся... у часы братоў Люмьераў: вынаходніцтва танных лічбавых відэакамер, імклівае развіццё кампьютэрнай тэхнікі дазваляюць ствараць сваё кіно ці не кожнаму ахвотнаму. "Сам сабе рэжысёр" - гэтае вызначэнне стала агульнаўжывальным. А з развіццём Інтэрнета кожны можа стаць яшчэ і пракатчыкам-дыстрыб'ютарам: самі здымаем, самі паказваем адзін аднаму. Але як жа быць з мастацкім узроўнем самаробных твораў? Ці не знікне мяжа прафесійнага і аматарскага кіно? Наогул, як "адрэагуе" на новую культурную сітуацыю "найвялікшае з мастацтваў"? Пытанняў пакуль значна больш, чым адказаў. Зразумела адно: шматлікія маладыя таленты атрымалі рэальны шанц "прагучаць" са сваімі аматарскімі работамі і - хто ведае? - стаць сапраўднымі рэжысёрамі і аператарамі, быць запатрабаванымі грамадствам. Толькі перш чым назваць сябе прафесіяналамі і атрымаць першыя замовы і ганарары, давядзецца шмат што зрабіць і шмат чаму навучыцца. Дарэчы, уменне здымаць можа быць тут не самым галоўным...

 

Пляцоўка для будучых геніяў

На Беларусі ахвотных стаць кінарэжысёрамі не менш, чым у якой іншай развітай краіне свету. Дастаткова паглядзець у праграму ІІІ Адкрытага студэнцкага фестывалю кіно і відэа "Кінагрань-2009", заснавальнікамі якога з'яўляюцца Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Беларускі дзяржаўны універсітэт. Яго пляцоўкамі сталіся мінскія кінатэатры "Цэнтральны" і "Цэнтр-відэа". Адметна, што нарадзілася "Кінагрань" як агляд фільмаў аматараў і пачаткоўцаў. Яна стала пераемнікам невялікага фестывалю кінашкол і аматарскіх гурткоў, які некалькі разоў праводзіўся ў Мінску Беларускім саюзам кінематаграфістаў. З часам ідэя засталася той жа, маштабы - змяніліся: з гэтага года "Кінагрань" стала міжнароднай, яе паказы праводзіліся ў двух конкурсах.

 Беларускія ўдзельнікі-пачаткоўцы, у асноўным, былі аб'яднаны ў конкурснай праграме незалежнага і аматарскага кіно. Стужкі студэнтаў кінашкол з-за мяжы і лепшыя айчынныя работы апынуліся ў праграме "Маладыя прафесіяналы". Абмяркоўвалі фільмы таксама прафесіяналы, толькі ўжо са стажам: журы ўзначальвалі дзеючыя рэжысёры дакументальнага кіно Міхаіл Жданоўскі і Аляксандр Карпаў, у склад уваходзілі вядомыя беларускія рэжысёры, кіназнаўцы, а таксама расійскі крытык Сяргей Кудраўцаў.

 Адборачная камісія літаральна танула ў дысках з мастацкімі, дакументальнымі, анімацыйнымі, эксперыментальнымі стужкамі і музычным відэа, дасланымі на конкурс. Бандэролі з фільмамі прыйшлі ў Мінск з усіх кантынентаў, за выключэннем Аўстраліі. Не менш шырокай аказалася і жанравая разнастайнасць. Уражвалі дэманстрацыйныя дыскі еўрапейскіх кінашкол з дзесяткамі мастацкіх і дакументальных кароткаметражных стужак. Але, разам з тым, было прыемна адчуць: некаторыя стужкі беларускіх аўтараў, хай сабе і знятыя на значна меншыя бюджэты і не на сапраўдную кінаплёнку, а на лічбавую камеру, па ўзроўні сваёй задумы выглядаюць не горш за вучэбныя працы прэстыжных замежных брэндаў накшталт ВГИКа. І няхай Гран-пры атрымаў фільм "Агапэ" Слабадана Максімавіча са Славеніі, сярод пераможцаў конкурсу "Маладыяпрафесіяналы" аказаліся і беларусы. Музычнае відэа "Тры анёлы" Юліі Рудзіцкай прызнана найлепшым у сваёй катэгорыі. Ды і агульны ўзровень міжнароднага конкурсу быў надзвычай высокі, пакідаючы выдатнае ўражанне ад фестывалю.

Думаецца, павучыцца ў маладых энтузіястаў, якія займаліся арганізацыйнай працай, могуць калегі і з больш "дарослых" кінафорумаў. Фестываль доўжыўся пяць дзён і абышоўся без пышных цырымоній. Ды на "Кінаграні" галоўнае (што абавязкова павінна прысутнічаць на любым фестывалі) - спрыяльная атмасфера для зносін удзельнікаў. Дарэчы, госці і журналісты адзначылі таксама вельмі цікавую публіку ў залах, якую, мусіць, збірае не кожнае кінамерапрыемства ў сталіцы.

Як стаць прафесіяналам?

Трэцяя "Кінагрань" стала добрай стартавай пляцоўкай менавіта для тых, хто жадае потым працаваць у кінаіндустрыі. З гэтым згодзен і адзін з членаў журы, рэжысёр Аляксандр Карпаў. Дарэчы, мастацкі кіраўнік РУП "Беларускі відэацэнтр" якраз і займаецца тым, што дапамагае кінааматарам атрымаць больш высокі прафесійны статус. На факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён вядзе рэжысёрскі курс. За два гады руплівай працы слухачы маюць магчымасць атрымаць веды, неабходныя для далейшай кар'еры на тэлебачанні або кінастудыі.

- Цяпер існуе меркаванне: маўляў, калі чалавек узяў у рукі камеру, зняў, напрыклад, вяселле, потым зманціраваў, "падклаў" музыку, то гэта ўжо кіно, - гаворыць Аляксандр Аляксандравіч. - Я ў такіх выпадках заўсёды нагадваю: алфавітам карыстаюцца абсалютна ўсе людзі, але толькі ў Льва Талстога літары склаліся ў "Вайну і мір". Так і ў кіно: прафесіянал - гэта той, хто з дапамогай выявы не проста перадае інфармацыю, а стварае мастацтва.

Каб стаць прафесіяналамі ў галіне кінаі тэлерэжысуры, на курсе Аляксандра Карпава займаецца 16 чалавек. Некаторыя з іх, як адзін з арганізатараў "Кінаграні" - Андрэй Куціла, напрыклад, ужо атрымалі за сваю творчасць прызы і паўдзельнічалі ў прэстыжных фестывалях.

- Я лічу, што двухгадовая форма адукацыі для рэжысёраў - самая аптымальная на сённяшні момант, - працягвае АляксандрКарпаў. - Каб здымаць кіно, спрабаваць сказаць у ім нешта сваё, трэба мець дастатковы жыццёвы вопыт. Што можа сказаць свету шаснаццацігадовы выпускнік школы? На працягу пяці гадоў класічнай формы навучання ён будзе гэты вопыт толькі атрымліваць. Нездарма так шмат вядомых дзеячаў савецкага і расійскага кіно выйшла з двухгадовых Вышэйшых курсаў. На нашы ж заняткі прыходзяць дарослыя людзі, якім ёсць што сказаць, але ім трэба навучыцца спецыфічнай кінамове. І такая самая двухгадовая сістэма існуе ў Нью-Йорку, Варшаве і шмат дзе яшчэ.

Майстар мае рацыю. Па прыклады далёка хадзіць не трэба: многія беларускія майстры вялікага экрана спачатку атрымалі нейкую іншую адукацыю. Славуты аўтар "Белых Рос" Ігар Дабралюбаў, напрыклад, скончыў факультэт журналістыкі. Сённяшні ж лідэр айчыннай дакументалістыкі Віктар Аслюк не проста мае дыплом педагога: перад тым, як прыйсці ў Акадэмію мастацтваў, ён адпрацаваў у звычайнай сярэдняй школе сем гадоў.

Сапраўды, кінарэжысура - такое складанае поле дзейнасці, дзе не абысціся механічнымі навыкамі. Вядома выказванне аднаго французскага рэжысёра: "Я прадумаў будучы фільм цалкам у галаве. Засталося толькі яго зняць". Знешні бок кінапрацэсу - тэхніка, абставіны здымак - самы лёгкі. Гэтую думку пацвярджае і Аляксандр Карпаў:

- Навучанне рэжысёрскай прафесіі не толькі ў тым, каб правільна ставіць камеру ці манціраваць стужку. Галоўная задача - ператварыць жыццё ў філасофію кіно. Дзеля гэтага мы і даём нашым навучэнцам веды па драматургіі, гісторыі кіно, мастацтва ў цэлым. Я вельмі задаволены сваімі апошнімі вучнямі. Гэта вельмі таленавітыя хлопцы і дзяўчаты. Але ў кінамоладзі мне не падабаецца пэўная яе неадукаванасць. Бывае, глядзіш фільм пачаткоўца і разумееш: яго рэжысёр упэўнены - кіно да яго не існавала. У кожным другім фільме - "вынаходніцтва веласіпеда". Я ім кажу: "Вазьміце паглядзіце карціны, якія здымалі хаця б дваццаць гадоў таму!" Але менавіта гэта і прываблівае ў аматарскіх стужках: шчырасць, чысты погляд на рэчаіснасць. Таму я з радасцю адгукнуўся на запрашэнне ўзначаліць конкурс аматараў на "Кінаграні". Бывае, у стужках пачаткоўцаў сустрэнеш такі ракурс на звычайныя рэчы, якога няма ў работах славутых майстроў. З іншага боку, студэнты могуць спрацаваць па калісьці ўбачаным шаблоне, і ніякай цікавасці такія дэбюты не выклікаюць.

З аматараў глядзець у...

У праграме "Кінаграні" аб сабе заявілі 129 кароткаметражных стужак, зробленых цягам мінулага і на пачатку гэтага года, з якіх амаль палова - беларускія. Калі ўлічваць, што галоўнай умовай адбору фільмаў на форум быў узрост аўтараў (да 31 года) і дэбютны характар работ, відавочнай становіцца колькасць патэнцыйных Феліні і Спілбергаў, што жывуць у нашай краіне. Як бачым, маем адукацыйныя ўстановы, дзе яны могуць атрымаць належную адукацыю.

Але, для таго, каб усе бакі іх таленту раскрыліся, а самі яны атрымалі надзейнае месца працы, наша кінамастацтва не павінна спыняцца ў сваім развіцці. У гэтым упэўнены і Аляксандр Карпаў, які хвалюецца за працаўладкаванне сваіх выпускнікоў. Арганізацый, што здымаюць кіно, на Беларусі не так і шмат. Застаецца тэлебачанне, але, яно, як вядома, не заўсёды дае прастору для аўтарскай кінадумкі. Дарэчы, большасць замежных удзельнікаў "Кінаграні" таксама знойдуць сябе не ў вялікім кіно, а ў тэлебачанні, музычным ды камп'ютэрным відэа.

Было б жаданне!

Сярод удзельнікаў конкурсу "Маладыя прафесіяналы" сваім мастацкім узроўнем вылучаўся фільм "Шлях у рай зачынены" Сяргея Каласоўскага. Прозвішча гэтага маладога аўтара можна сустрэць у цітрах да апошніх карцін студыі "Летапіс" у якасці мантажора. Нічога дзіўнага не было б, каб не ведаць, што ніякай спецыяльнай адукацыі ў мінчаніна няма. Інжынер Сяргей Каласоўскі заўсёды цікавіўся кінематографам. Чатыры гады таму ён прыйшоў у Музей гісторыі беларускага кіно з прапановай зладзіць клуб для аматараў кінамастацтва. Фарміраванне гэтае ў музеі ўжо было, і Сяргей прымаў актыўны ўдзел у яго пасяджэннях. Спачатку абмяркоўваў прагледжаныя шэдэўры, а пасля сам узяў у рукі камеру. Потым самастойна асвоіў мантаж і, як вынік, цяпер - у штаце "Беларусьфільма".

"Шлях у рай зачынены" - прафесійна зробленая праца з прафесійнымі акцёрамі і агучваннем. Мяркуем, гэта не апошні фільм Каласоўскага. Як ён сам - не апошні чалавек, які прыйдзе працаваць у нацыянальны кінематограф пасля зацікаўленых праглядаў стужак у кінаклубах. Апошніх, дарэчы, у Мінску з кожным годам становіцца ўсё больш.

Антон СІДАРЭНКА