У Егіпет... са сваім сланом

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

Балетная трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі вярнулася з гастролей па Егіпце і Сірыі. 16 дзён, 11 спектакляў, у Егіпце — 6 паказаў “Спартака”, у Сірыі — 5 “Рамэа і Джульета”. “За дужкамі” гэтай немудрагелістай статыстыкі — значны фінансавы прыбытак, што ідзе ў бюджэт нашай дзяржавы. Але чым вымераць прэстыж айчыннага тэатра і ўсёй Беларусі, які напрацоўваецца бліскучымі выступленнямі нашых артыстаў у далёкім замежжы?

 /i/content/pi/cult/208/2454/U-Egipet.jpg

Сцэна са спектакля
“Рамэа і Джульета”.

Не выпадкова і наша размова з
удзельнікамі паездкі тычылася не толькі ўражанняў ад мінулага — недалёкага і больш далёкага, улічваючы, што цяперашні візіт Беларускага балета ў гэтыя краіны быў ужо не першым. Гутарка, што адбылася ў кабінеце галоўнага балетмайстра тэатра, народнага артыста Беларусі Юрыя ТРАЯНА, пачалася з паралелей паміж мінулым і будучым.

— Паездка была камерцыйнай, — распавёў Юрый Траян, — але яна замацавала і сяброўства паміж краінамі, і многія асабістыя стасункі, што ў сферы культуры мае вельмі вялікае значэнне. У Егіпет у свой час наш калектыў упершыню выехаў на Дні культуры Беларусі. Пасля яны запрашалі нас яшчэ і яшчэ.

— А ў Сірыі, калі не памыляюся, асабіста вы пабывалі куды раней — яшчэ калі самі былі салістам тэатра. Вы ўвасаблялі Спартака, народная артыстка Беларусі Людміла Бржазоўская — Фрыгію, а ўсё адбывалася на адкрытым паветры, на фоне старадаўніх руін, дзе калісьці праходзілі сапраўдныя баі гладыятараў.

— Так, — усміхнуўся Юрый Антонавіч, — мы выступалі ў старадаўнім амфітэатры. Але паказвалі тады толькі першы акт балета. Сёлета апынуліся там на экскурсіі. А наступнай вясной, калі ўсё складзецца так, як плануецца, у тым жа амфітэатры наша трупа пакажа ўжо ўвесь гэты балет. Паводле папярэдніх перамоў, нас папрасілі прывезці на наступныя гастролі “Баядэрку”. Але калі прадстаўнікі сірыйскага боку прыехалі за намі ў Егіпет, каб суправаджаць у далейшай паездцы, і ўбачылі апошні спектакль “Спартака”, дык былі так уражаны, што сталі прасіць прывезці яго праз год у Дамаск і, мабыць, яшчэ і ў гэты ж самы амфітэатр. Так што, хутчэй за ўсё, павязём абодва спектаклі.

— Цікава, а слана для другога акта “Баядэркі” ў Егіпце знойдуць жывога, дрэсіраванага?

— Не, мы паабяцалі прывезці свайго. Расказалі, што ён у нас зборна-разборны, лёгкі, перавозіць яго нескладана, — яны вельмі ўзрадаваліся: маўляў, калі яшчэ і са сланом — абавязкова “Баядэрку” прывозьце.

— На чужых сцэнах спектаклі патрабуюць нейкай адаптацыі?

— Увогуле, кожны наступны паказ аднаго і таго ж балета — гэта новы спектакль, бо змяняюцца выканаўцы, артысты пражываюць кожны рух наноў. Што ж да працы тэхнічных службаў, дык ніякіх неспадзяванак не было. Паўсюль працуюць прафесіяналы, сярод супрацоўнікаў у нас ужо з’явіліся знаёмыя, сябры, так што ўсё вырашалася вельмі хутка, мы адчувалі, так бы мовіць, брацкую “моцную руку”.

У Дамаску оперны тэатр — зусім новы, начынены сучасным абсталяваннем. На іх сцэне можна паказваць любы наш спектакль без аніякіх карэктыў. Калісьці і ў іх быў пэўны перыяд “асваення тэхнікі”, “прывыкання” да кіравання ёй. А зараз — усё робіцца імгненна, літаральна на аўтаматызме, без усялякага “экстрыму”, лёгка і проста. Міжволі ўзнікалі параўнанні з нашым тэатрам, якому таксама патрабуецца нейкі час на “адаптацыю”, каб службы добра асвоілі ўсё тэхнічнае абсталяванне.

Дарэчы, нас паклікалі акурат на “першы юбілей”: оперны тэатр у Дамаску святкаваў сваё пяцігоддзе, там выступалі шматлікія сірыйскія нацыянальныя калектывы, а завяршаліся ўрачыстасці нашым спектаклем “Рамэа і Джульета”. Мы хваляваліся, бо публіка на гэты вечар збіралася не звычайная — усё эліта, дыпламатычны корпус...

— ... дый гісторыя веронскіх закаханых, як вядома, — самая сумная на свеце. Здавалася б, не для юбілейных святкаванняў... — Трэба было бачыць, як эмацыйна прымаўся наш спектакль! Усе ўставалі, апладзіравалі, крычалі — нават згаданая эліта. Дый звычайныя гледачы, якія куплялі білеты на чатыры ранейшыя паказы “Рамэа і Джульеты”, натхнялі нашых артыстаў не менш: паўнюткая зала, цудоўная сувязь паміж сцэнай і публікай — у такіх умовах узнікаюць дадатковыя творчыя імпульсы. У Александрыі, праўда, сцэна для нас аказалася крыху малаватай, таму давялося трансфармаваць выканальніцкія склады і афармленне, але гэта не пашкодзіла відовішчу. Такія спектаклі, як “Спартак” і “Рамэа і Джульета”, пастаўленыя Валянцінам Елізар’евым, — гэта наша нацыянальная класіка, якую мы павінны берагчы, знайсці залатую сярэдзіну паміж абсалютным захаваннем харэаграфічнага тэксту і арганічнасцю ўпісання ў яго творчых індывідуальнасцей артыстаў.

 /i/content/pi/cult/208/2454/U-Egipet2.jpg
Сцэна са спектакля “Спартак”.

Да ўсіх гастролей мы рыхтуемся асобна, рэпеціруем, выбіраем лепшыя выканальніцкія склады. Кожная такая паездка становіцца дадатковым стымулам для артыстаў. Але ўсялякую наступную прапанову аналізуем, не пагаджаемся на сумнеўныя паездкі, дзе могуць быць не самыя лепшыя ўмовы для трупы. Усё ж замежныя гастролі — гэта імідж тэатра і імідж краіны, які трэба падтрымліваць на належным узроўні. У гэтым сэнсе, пэўна, для нас нават самае галоўнае не што паказваць (бо ўсе спектаклі нашага рэпертуару прайшлі выпрабаванне айчыннай публікай, вельмі дасведчанай, патрабавальнай), а — як паказваць.

Тут, зразумела, на многае ўплывае момант, настрой, іншыя, незалежныя ад чалавека, падзеі. Але існуе і прафесійная планка, і нашы артысты трымаюць яе папраўдзе вельмі высока. У сябе дома мы ўжо прызвычаіліся да такога ўзроўню. Але калі выязджаем за мяжу і сустракаем такі гарачы прыём, такую прыхільнасць і высокую ацэнку, што даюць нам прадстаўнікі іншых нацыянальных культур, дык міжволі пачынае ўзрастаць і самаацэнка ўласнай творчасці.

— А што запомнілася з тамтэйшай экзотыкі? Ці, як звычайна, у артыстаў адно: рэпетыцыя — спектакль, рэпетыцыя — спектакль?..

— Не, гэтым разам вольнага часу і, адпаведна, экскурсій было больш. Тыя ж піраміды: на іх колькі ні глядзі — уражваюць нязменна! Яны быццам паўстаюць над той мітуснёй, што існуе вакол іх: продаж сувеніраў, настойлівыя прапановы сфатаграфавацца з вярблюдам, нейкімі “жыхарамі пустыні”... І побач — Вечнасць. Пад час мінулага прыезду мы былі ў Каіры ў Нацыянальным музеі. Тыдня не хопіць, каб яго ўвесь абысці! Моладзі трэба паглядзець свет. Калі паездка добра арганізавана, дык непасрэдную працу і сапраўды можна сумясціць з пашырэннем кругагляду. Але лепей хай вам пра гэта раскажуць салісты.

І галоўны балетмайстар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі паклікаў усіх тых, хто выконваў у гастрольных спектаклях цэнтральныя партыі.

— Адчувалася, — распачаў заслужаны артыст Беларусі Канстанцін КУЗНЯЦОЎ, — што да нашага прыезду рыхтаваліся з асаблівай любоўю. Усе арганізацыйныя дэталі былі прадуманы — нават такая дробязь, як мінералка ў грымёрках. Таму было менш мітусні, больш часу на рэпетыцыі і экскурсіі.

— У Сірыі мяне ўразілі старадаўнія праваслаўныя храмы, манастыры, — падзялілася Людміла КУДРАЎЦАВА. — Там адчуваецца нейкая асабліва сакральная атмасфера. Я раней аб гэтым нават не задумвалася, а праваслаўе ў Сірыі, аказваецца, з’явілася на некалькі стагоддзяў раней, чым у нас.

— Нам расказалі, — у размову ўступіў Алег ЯРОМКІН, — што ў Сірыі спрабавалі праводзіць фестываль сучаснай харэаграфіі. Прыехалі калектывы, якія працуюць у стылі мадэрн, але штосьці публіка іх не ўспрыняла. А вось спектаклі Елізар’ева там суправаджаюцца сапраўдным ажыятажам. Бо ў іх ёсць і сучасная адметная пластыка, і сувязь з класічнымі традыцыямі, і глыбокія філасофскія тэмы. Тут кожны рух абавязкова мае сэнсавае тлумачэнне, звязаны з псіхалогіяй героя.

— Вельмі важна было, — дадала Ірына ЯРОМКІНА, — што ўсё названае прагучала менавіта з першых вуснаў. І калі простыя гледачы неслі нам вялізныя букеты кветак, мы разумелі: гэта — знак прызнання майстэрства.

— Хваляваліся трохі за другі акт “Спартака”, — зноў уступіў К.Кузняцоў. — Як успрымуць егіпцяне сцэны рымскіх вакханалій? Але прымалі нас цудоўна. Далёка не заўсёды падобныя камерцыйныя гастролі наведваюць першыя асобы краіны. А на нашы спектаклі яны прыходзілі. Калі сваёй увагай уганароўваюць жонка Прэзідэнта Егіпта, консулы, дыпламаты, дык і самі артысты пачынаюць усведамляць сябе “пасламі культуры” сваёй краіны. Трэба аддаць належнае нашаму дырыжору Мікалаю Калядку: ён зрабіў амаль немагчымае. Бо даволі цяжка з чужым аркестрам, ды яшчэ зусім іншай ментальнасці, дасягнуць неабходнага выніку. Але і тамтэйшыя музыканты прыкладалі шмат намаганняў: мы ў грымёрках пераапранаемся, а яны — граюць, трэніруюцца самастойна, ужо пасля рэпетыцыі.

— У Каіры тэатр — стары, сцэна драўляная, — узгадаў Дзяніс КЛІМУК,— але яны знайшлі выйсце ў добрым пакрыцці, вельмі прыдатным для балета. Так што ўмовы для танцаў там былі проста шыкоўныя: нагам “мякка” і цёпла.

— А вось надвор’е, — гмыкнуў Антон КРАЎЧАНКА, — было не такім цёплым, як мы разлічвалі. Іншымі словамі, у Чырвоным моры паплаваць не давялося. Я калісьці ездзіў туды турыстам, дык яно сталася для мяне самым запамінальным месцам. А ў Сірыі я марыў паглядзець знакаміты замак крыжакоў. На гэты раз, на жаль, не давялося.
— Значыць — трэба ехаць яшчэ!

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Васіля МАЙСЯЁНКА