Сапраўднае не трэба далёка шукаць, або Аверс і рэверс агра-экатурызму

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

Адразу дзве адметныя падзеі – адкрыццё вясенне-летняга турыстычнага сезону, а таксама прэзентацыя карты “Сельскія сядзібы Мінскай вобласці” – адбыліся разам. Прычым, не ў зусім звычайным месцы: не ў гарадской зале, а ў вясковым доме, што месціцца непадалёк ад сталіцы, побач з вадасховішчам Пціч. Акцыя прайшла ў межах прысвечанага развіццю вясковага турызму семінара, арганізаванага Упраўленнем па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінскага аблвыканкама пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі. Шматлікіх гасцей і калег прымаў у сваёй сядзібе “Зарачаны” старшыня грамадскага Савета па развіцці агра- і экатурызму Мінскай вобласці Андрэй Ніжнік.

Агра-экатурызм пачаў развівацца ў Беларусі нядаўна, з 2002 года. За лічаныя гады ён ахапіў усю краіну. Толькі на Міншчыне за гэты перыяд з’явілася 42 сядзібы, а па ўсёй рэспубліцы— каля 300. Тыя, хто актыўна займаецца вясковым турызмам, аб’ядналіся. Першае грамадскае згуртаванне — Савет па развіцці агра- і экатурызму — было арганізавана ў студзені 2006 года ў сталічнай вобласці. Агра-экатурызм — справа для беларусаў новая, і таму ў гэтай сферы — пастаянны навучальны працэс: адбываецца абмен вопытам, праходзяць семінары і канферэнцыі, сустрэчы з гаспадарамі сядзіб, абмяркоўваюцца праблемы, арганізоўваюцца паездкі ў іншыя еўрапейскія краіны, дзе агра-экатурызм даўно заняў лідзіруючую пазіцыю.

У Еўропе вясковы турызм стаў папулярным нашмат раней, чым у нас, — у 70-я гады ХХ стагоддзя, калі абвастрылася праблема экалогіі ў буйных гарадах. У жыхароў мегаполісаў узнікла патрэба бываць на прыродзе. І сёння на еўрапейскім кантыненце агра-экатурызм развіваецца шпаркімі тэмпамі. Найбольшых поспехаў дасягнула Італія: паслугі ў сферы агратурызму ў гэтай краіне прадастаўляюць больш за 10 тысяч гаспадарак. Запатрабаванасць у падобным адпачынку ў Італіі, Францыі, Ірландыі, ды і ўвогуле па ўсёй Еўропе, канцэптуальна ператварыла гэты аспект турызму ў асноўны від дзейнасці вясковых жыхароў. 

Этыкет вясковага турызму
Агратурызм не толькі дазваляе чалавеку жыць у камфортных умовах побач з прыродай, але і спрыяе развіццю мясцовай інфраструктуры, у прыватнасці, будаўніцтву дарог, наладжванню добрых транспартных зносін, адкрыццю крамаў, музеяў, галерэй, клубаў, кавярняў, рэстаранаў, аўтазаправачных станцый. Прыбыткі, атрыманыя ад агратурызму, істотна павялічваюць попыт на тавары айчыннай вытворчасці, сувенірную прадукцыю, бытавыя паслугі і тым самым дапамагаюць сацыя-культурнаму і эканамічнаму развіццю рэгіёнаў. Усё гэта, у сваю чаргу, выхоўвае своеасаблівы этыкет індустрыі гасціннасці. Перш за ўсё, кожны госць мае права адчуваць хатні камфорт і ўвагу з боку гаспадароў. Для турыста ў сядзібе цікавае і новае асяроддзе, адрознае ад гарадскога, і магчымасць дакрануцца да вясковага быту, пазнаёміцца з сельскагаспадарчай вытворчасцю, ладам жыцця і працай вяскоўцаў, пачаставацца свежай хатняй ежай, паназіраць за хатнімі жывёламі. Не менш цікава гарадскому жыхару пачуць з вуснаў гаспадароў сямейныя гісторыі, мясцовыя легенды і паданні, паблукаць па палях і лясах, пачуць спевы птушак і гоман пушчаў. 

Дзе хаваюцца “падводныя камяні”
У Рэспубліцы Беларусь прынята Нацыянальная праграма развіцця турызму, іншыя важныя заканадаўчыя дакументы, існуе моцная дзяржаўная падтрымка жадаючых прымаць гасцей на вёсцы. Адным словам — бярыся і наладжвай агра-экатурызм. Але тут ёсць момант, на якім варта засяродзіць увагу: калі няма імкнення мець стасункі з людзьмі, няма дару камунікабельнасці — цяжка разлічваць на поспех. Вясковы турызм патрабуе поўнай аддачы, гэты занятак трэба любіць.

Калі Андрэй Ніжнік і яго сям’я распачыналі сваю справу, яны ўзважылі ўсё. Першнаперш, задаліся пытаннем: ці спадабаецца турыстам месца, дзе знаходзіцца іх сядзіба? Адказ быў станоўчы — турыстычная прывабнасць тэрыторыі ёсць: сядзіба месціцца ў вёсцы Зарачаны, непадалёку ад Мінска; у гэтым рэгіёне, побач з ракой Менкай, знаходзіцца адметны знакаміты гістарычны аб’ект — першы Менск, гарадзішча, пабудаванае нашымі далёкімі продкамі ў Х— ХІ стагоддзях.

Працуючы на вёсцы, А.Ніжнік на ўласным вопыце ўпэўніўся, што сумяшчаць працу ў сядзібе з якой-небудзь іншай немагчыма. Таго, хто хоча займацца вясковым турызмам і думае аб тым, што будзе працаваць яшчэ дзесьці, чакае няўдача. Гаспадар сядзібы павінен знаходзіцца з людзьмі і днём, і ўначы. І, нават калі ў яго няма гасцей, ён павінен рыхтавацца да наступнай кампаніі — штосьці перарабіць, дапрацаваць, дагледзець. Працы хапае амаль на тыдзень, нават тады, калі чаканы госць прыязджае адпачыць толькі на суботу і нядзелю. 

Чаго чакаюць госці
Турысты, якія наведваюцца на вёску, шукаюць таго, чаго ім не стае ў горадзе,— чыстага паветра, некранутай прыроды. Натуральная прыгажосць навакольнага асяроддзя — адно з галоўных багаццяў. Яго трэба берагчы, бо ніхто не захоча адпачываць у забруджаным асяроддзі.Ахова навакольнага асяроддзя — першачарговая задача гаспадароў сядзіб, рэгіянальнага насельніцтва і ўлад.

Гасцям “Зарачанаў” прадастаўляюцца тры пакоі. З іх на навакольныя мясціны адкрываецца цудоўны від. Побач з домам — лес, рэчка. Абжыліся тут буслы. Каб прывабіць птушак, Андрэй уладкаваў на даху гняздо. І буслы не прымусілі чакаць, завіталі ў зладжаны для іх “дом”. Летась чатыры птушаняці вылецелі з гнязда. Сёлета буслы прыляцелі зноў.

Ёсць у “Зарачанах” і іншая славутасць. На двары расце вялікая ліпа, якой будзе пад 200 гадоў. На ёй гаспадары ўсталявалі арэлі.

— Вёска Зарачаны — родныя мясціны маёй жонкі, — распавядае Андрэй Ніжнік.— Тут жывуць яе сваякі, адсюль яе бабуля, маці вучылася ў мясцовай школе. Мы з жонкай некалькі гадоў таму вырашылі заняцца вясковым турызмам. Да нас у Зарачаны і раней часта завітвалі шматлікія сябры. Таму, пачынаючы, мы меркавалі, што нейкі вопыт маем. Канчатковаму рашэнню займацца ўсур’ёз вясковым турызмам паспрыяў і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года аб мерах па развіцці агра-экатурызму ў Рэспубліцы Беларусь. Сумненняў у правільнасці выбару ў нас не было.

Пасля прыняцця шэрагу важных нарматыўных дакументаў шмат што спрасцілася. Зараз патрабуецца заплаціць адну базавую велічыню, каб стаць на ўлік у падатковыя органы па месцы жыхарства. І, калі ласка, — можаш працаваць, прымаць турыстаў. На чатыры гады людзі, якія займаюцца вясковым турызмам, практычна вызвалены ад падаткаў. Усе захады, якія зрабіла дзяржава, дапамагаюць працаваць актыўна і не засяроджвацца на дробязях. 

Максімальнае выкарыстанне рэсурсаў пры абмежаваных інвестыцыях
Дом сям’і Ніжнікаў у Зарачанах быў напачатку драўляны. Гаспадар яго перабудаваў, абклаў цэглай, на другім паверсе зрабіў прыгожы балкон. Першы паверх будынка заняла прасторная гасцёўня з камінам, мяккімі канапамі, фартэпіяна. Яе сумясцілі з кухняй, дзе можна размясціцьсвяточны стол на 18 — 20 чалавек. Зараз у доме прымаюць гасцей з камфортам.

Гарадскім жыхарам не падабаецца жыць у старых вясковых дамах, дзе бывае холадна і вільготна. Таму побытавыя ўмовы, лічыць Андрэй Ніжнік, павінны быць цывілізаваныя: разам з халоднай абавязкова павінна быць і гарачая вада, патрэбна, каб у добрым стане захоўвалася б электраправодка (бо ў старых пабудовах, бывае, яна не вытрымлівае нагрузкі электрачайніка), каб усе зручнасці знаходзіліся ў памяшканні.

— Шмат людзей на вёсцы, — кажа гаспадар “Заручанаў”, — зараз перабудоўваюць свае дамы. Думаю, праз гады чатыры ў Беларусі будзе не горш, чым у суседніх Польшчы і Літве. Да нас з-за мяжы прыедзе яшчэ больш аматараў вясковага турызму. Палякам і літоўцам вялікую фінансавую дапамогу аказвае Еўрапейскі Саюз: там гаспадары сядзіб атрымоўваюць крэдыты пад невялікія працэнты. Існуюць іншыя прэферэнцыі. Наша дзяржава таксама не ў малой ступені спрыяе развіццю вясковага турызму. Усё больш сялян пачынае прывабліваць ідэя рабіць прыгожымі свае дамы і падворкі, уладкоўваць свой быт. Па прыродзе сваёй вясковыя жыхары даволі кансерватыўныя людзі і не такія спрытныя і прадпрымальныя, як гарадскія. Селяніна трэба падтрымліваць. На гэта і накіраваны дзяржаўныя захады. Калі ў нас добра прыжывецца агратурызм, дык вёска ад гэтага шмат выйграе, яна будзе прыгажэць і зробіцца заможнай. Я мяркую па нашых Зарачанах. Гледзячы на імкненне маёй сям’і зрабіць больш утульнымі дом, падворак, і суседзі намагаюцца ўпрыгожыць свае сядзібы. У нашу вёску прыязджаюць людзі з іншых месцаў Беларусі, з розных краін свету, і аднавяскоўцам хочацца яшчэ лепш уладкавацца, паказаць усю прыгажосць і адметнасць родных мясцін.

У жыцці людзей, якія займаюцца развіццём агратурызму, здараюцца і парадаксальныя выпадкі. Зробіць, скажам, хтосьці ў акрузе добрую справу — выкапае стаў, запусціць туды рыбу, кветкі пасадзіць побач, а яму чыноўнікі кажуць: гэта рабіць не дазволена!.. Калі такую ж справу зрабіць у Літве, дык там аматарам прыроды могуць нават выдаткаваць за добрую справу значныя грошы.

Гасцей у сядзібе “Зарачаны” сустракаюць, абслугоўваюць, дапамагаюць цікава бавіць час усяго тры чалавекі — сам Андрэй Ніжнік, яго жонка і дачка, якая зараз вучыцца ў інстытуце, набывае спецыяльнасць, звязаную з турызмам. Бацька ўпэўнены, што будучая прафесія дачкі вельмі перспектыўная.

Тры гады ідзе праца над добраўпарадкаваннем сядзібы. І ўвесь гэты час у ёй штосьці дабудоўваецца, пераробліваецца. Дызайнам таксамазаймаюцца самі гаспадары.

— Мы не запрашаем будаўнікоў і прадстаўнікоў іншых будаўнічых спецыяльнасцей, азеляніцеляў,— зазначае Ніжнік,— бо гэта абыходзіцца нятанна. Усё, што зарабляецца намі, ідзе на развіццё. У мінулым я— будаўнік-аддзелачнік. Гэтая акалічнасць надта дапамагае ў цяперашняй маёй працы. Усю аддзелку ў сваім доме раблю сам. Сёлета моцныя вятры падарвалі дах. Калі б я не здольны быў нічога ўласнаручна зрабіць, дык гэта вылілася б у праблему. Апроч таго, вельмі дапамагаюць сябры — маральна і матэрыяльна. 

Прысмакі па-вяскоўску

— А якія стравы вы прапануеце гасцям? Хто ў вас галоўны кухар?

— У меню, якое мы прапаноўваем, уваходзіць, вядома ж, бульба — традыцыйная беларуская ежа, тушанка, звараная ў рускай печы, каўбаскі па-вяскоўску, дранікі, калдуны, капуста, агуркі, іншая вырашчаная намі гародніна. Раніцай прапануем тоўстыя, прыгатаваныя на сале, блінчыкі з яйкамі, з тварагом; гарбату, завараную на травах. А гатуе ўсе гэтыя смачныя стравы мая жонка. Харчаванне ў нас трохразовае. Калі надыходзіць час кавапаўзы, прапануем гасцям каву, гарбату на выбар, што ім даспадобы.

— Колькі ў вас за год адпачывае аматараў вясковага турызму?

— Дзесьці чалавек 150. Зімой прыязджае меней людзей. Адпачываюць у нас як беларусы, так і замежныя госці. Былі амерыканцы, японцы, кітайцы, італьянцы, французы, в’етнамцы. Звычайна замежнікі звязваюцца з намі праз турыстычныя фірмы.

— Сёлета месцы ў вас забраніраваны?

— Так, забраніраваны. У асноўным людзі прыязджаюць адпачыць на 2-3 дні. Сёлета вясковы турызм вельмі запатрабаваны. Трэба заўважыць, добра працуе рэклама. З намі шчыльна супрацоўнічае Упраўленне па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінскага аблвыканкама. Яго спецыялісты выпускаюць буклеты, карты, іншую рэкламную прадукцыю, знаходзяць прафесіяналаў, якія гэта робяць на высокім узроўні.

Даводзіцца ўвесь час вучыцца. Я і іншыя гаспадары сядзіб выязджаем на семінары ў Польшчу, Германію, Літву, іншыя краіны. Калі ты прыязджаеш туды, дык убачанае — розныя арэлі, каруселі, усялякія плыты, тумбы, газончыкі — па прыездзе на радзіму пачынаеш увасабляць на сваім падворку. І канца і краю гэтаму няма. Нядаўна, вярнуўшыся з Польшчы, мы адразу прыбралі ўсё кустоўе чорнай парэчкі, якому ўжо 20 гадоў, і зрабілі газончык, дзе ўладкавалі драўлянага каня і паставілі калёсы з дровамі. На першы погляд можа падацца, што гэта дробязь. Але ж з дробязей складаецца ўсё наша жыццё. За прывабнасцю і дагледжанасцю дома і падворка — вялікая паўсядзённая праца.

— Вы яшчэ і садоўнік, і агароднік, і ландшафтны архітэктар...

— Так, я стаў неблагім батанікам. Займаюся садам і агародам. Дарэчы, нашаму саду — 15 гадоў. Нашы яблынькі прыносяць вельмі смачныя яблыкі розных гатункаў, якімі з задавальненнем частуюцца госці. Трэба сказаць, што не толькі я і мая сям’я — усе, хто займаецца агратурызмам, майстры на ўсе рукі — і будаўнікі, і цесляры, садаводы і агароднікі... І ў гэтым — залог нашага поспеху, на гэтым стаіць і трымаецца вясковы турызм. 

Важкая падтрымка

Карта “Вясковыя сядзібы Мінскай вобласці”, выдадзеная пры садзейнічанні Упраўлення па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінаблвыканкама ў рэчышчы Нацыянальнай і абласной праграм развіцця ўязнога турызму і плана мерапрыемстваў, разлічаных на 2006 — 2007 і 2008 — 2010 гады, выйшла накладам у 3000 асобнікаў і адразу прыцягнула ўвагу аматараў прыроды і вясковага адпачынку.

— У карту ўключаны сядзібы,— тлумачыць намеснік начальніка Упраўлення па фізічнай культуры, спорце і турызме Мінаблвыканкама Алена Брок, — гаспадары якіх найбольш актыўна працуюць. У ёй дадзена інфармацыя аб 36 сядзібах: “Зарачанах”, “Віліі”, “Нарачанцы”, “Панскім кутку”, “Гайне”, “Конным фальварку”, “Старым млыне” і іншых; апісваецца, у якім месцы знаходзіцца дом, якія паслугі прадастаўляюцца, даецца нумар кантактнага тэлефона. Карта выйшла на рускай мове. У перспектыве плануем выдаць яе на беларускай, англійскай, нямецкай, французскай, італьянскай мовах. Пры нашым Упраўленні актыўна працуе грамадскі савет па развіцці агратурызму. Мы збіраем членаў арганізацыі, абмяркоўваем праблемы, садзейнічаем правядзенню семінараў, канферэнцый, наладжванню паездак у Польшчу, Літву, іншыя краіны для абмену вопытам, дапамагаем ва ўдзеле ў турыстычных выстаўках.

Адначасова з картай выйшла ў свет метадычная брашура “Вясковаму турызму — шырокая прастора”, якая ўтрымлівае рэкамендацыі, адрасаваныя тым, хто мае намер заняцца агратурызмам. У хуткім часе ў Мядзельскім раёне таксама выйдзе карта, дзе будуць пазначаны сядзібы, змешчаныя ў дадзеным рэгіёне.

На думку Алены Брок, людзі, якія займаюцца вясковым турызмам, — вельмі цікавыя і апантаныя асобы.Да прыкладу, гаспадары “Зарачанаў” прапаноўваюць гасцям анімацыйныя праграмы, усялякія турысцкія мерапрыемствы; нядаўна набылі більярдны стол. Яны не стаяць на месцы, увесь час прыдумляюць штосьці новае, незвычайнае, цікавае. Увогуле, вясковы турызм — рух перспектыўны: усё больш і больш людзей уключаецца ў справу. Хтосьці не абмяжоўваецца сядзібай, а наважваецца пабудаваць цэлы агратурыстычны комплекс, бо пад гэта зараз выдзяляецца зямля. Нацыянальная праграма развіцця турызму садзейнічае адраджэнню сяла, стварае дадатковыя працоўныя месцы, людзі ў рэгіёнах зацікаўлены жыць і працаваць у родным кутку.

Сядзібы ўключаюцца ў турыстычныя маршруты. Створана так званае сядзібнае кола. Агульны працяг маршруту — 250 кіламетраў. Той, хто зацікавіцца ім, мае магчымасць праехацца па розных месцах, азнаёміцца з сядзібамі і там, дзе спадабалася, можа спыніцца. Дзесьці гаспадары прапануюць пакатацца на конях, дзесьці — пазбіраць грыбы і ягады ў лесе, што паблізу, паплаваць на рацэ на лодках. Прычым, такі адпачынак — даступны. Некаторыя гаспадары сядзіб у Мядзелі прапаноўваюць аплату да трох умоўных адзінак за суткі. Не толькі сярод беларусаў стаў папулярным вясковы турызм — у Беларусь усё больш наведваецца замежных турыстаў.Вясковы турызм у Мінскай вобласці ўсё шырэй выкарыстоўвае арсенал і культурных паслуг. Найбольш цікавы ў гэтым плане — вопыт профільных устаноў, адзначае намеснік начальніка аддзела ўстаноў культуры і мастацтваў Упраўлення культуры Мінаблвыканкама Валянціна Макарава, дамоў, цэнтраў народнай творчасці, фальклору, рамёстваў. Значная роля ў развіцці турыстычнага патэнцыялу належыць Паўночна-Заходняму рэгіёну, які прылягае да Нарачанскага краю. Яго ўстановы праводзяць традыцыйныя святы: “Купалле”, “Каляды”, “Гуканне вясны”, “Дажынкі”, рэгіянальныя святы, развіваюць культуру кірмашоў, у якіх удзельнічаюць шматлікія фальклорныя калектывы і выканаўцы. Гэтыя мерапрыемствы наведвае звычайна шмат людзей, у тым ліку і аматары турызму. Важнай формай прыцягнення турыстаў з’яўляюцца фальклорныя фестывалі, на якіх можна дакрануцца да багаццяў народнай культуры, пабачыць нацыянальныя строі, народныя танцы, пачуць аўтэнтычныя спевы.

У турыстычныя маршруты ўключаюцца і помнікі архітэктуры, якімі багатая Міншчына. Аматараў падарожжаў знаёмяць з культурнымі каштоўнасцямі нашага народа. У гэтым плане нямала робіцца, але шмат што яшчэ трэба ўдасканаліць. 

Вясковы турызм і аўтэнтычнасць

Вядомы навуковец, доктар архітэктуры і гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, аўтар кнігі “Гісторыка-культурныя ландшафты на Беларусі”, якая выйшла нядаўна, і цэласнай канцэпцыі развіцця турызму ў нашай краіне Аляксандр ЛАКОТКА лічыць, што вясковы турызм— надзвычай важны накірунак, бо ён спрыяе не толькі адраджэнню сяла, а і адраджэнню, рэгенерацыі розных куткоў Беларусі, яе лакальных раёнаў.

— Беларусь — маляўнічая, шматколеравая, прываблівая, эмацыйная краіна, якая ўяўляе сабой стракаты і, разам з тым, прыгожы кветнік, у якім бачны і прыродна-ландшафтныя акалічнасці, і архітэктурныя адметнасці, і помнікі матэрыяльнай культуры — забудова малых і вялікіх вёсак, мястэчак, і помнікі духоўнай культуры — нацыянальны фальклор. У Беларусі існуюць мясціны, дзе захаваліся рэліктавыя абрады еўрапейскай культуры. Спрадвеку для беларусаў ганаровай была праца ў роднай сядзібе, у родным двары, у роднай вёсцы. Званне — вясковец, тутэйшы— было ганаровым. Гэта было характэрна не толькі для беларусаў, а і для іншых еўрапейскіх народаў. Варта прыгадаць тэрмін “дойч”, што з нямецкага перакладаецца як “тутэйшы”. Ва ўсім, пра што ідзе гаворка, хаваюцца карані — і дэмаграфічнай стабільнасці, і выхавання нацыянальнай самасвядомасці, і беражлівага стаўлення да роднай прыроды і роднага краю, да прашчураў, дзядоў, бацькоў. На гэтым грунтуецца вялікая цікавасць замежных гасцей да Беларусі, якая напаўняе самы важны ў эканамічным плане складнік турыстычнай галіны — уязны турызм.Зрэшты, уязны турызм скіраваны на тое, каб чалавек з-за мяжы не пранёсся за 2-3 дні праз Беларусь па нейкім транзітным калідоры ці турыстычным мерыдыяне, а наведаў Нарачанскі край або Краіну Сакуноў, што ў Старадарожскім раёне (беларусы Старадарожчыны маюць гаворку з характэрным, унікальным “саканнем”), пажыў, скажам, сярод сакуноў, каб яму паказалі мясцовыя адметнасці. А ўсё гэта магчыма менавіта тады, калі самі вяскоўцы, тутэйшыя, ведаюць свой край, берагуць яго, даглядаюць. У нас стала модным прымаць гасцей у сядзібе, двары, якія нібыта зроблены пад турызм, але не заўсёды адпавядаюць сапраўднасці. Пакуль у большай ступені такія сядзібы носяць эклектычны характар.

У якасці штрыха хацеў бы прывесці такі прыклад. Некалі, падарожнічаючы па берагах Сожа, разам з экспедыцыяй заехаў у Мсціслаўскім раёне ў вёску з назвай Людагожа. Вёска размешчана ў прыгажэйшай мясціне, на высокай тэрасе па-над Сожам, з яе адкрываюцца цудоўныя віды на супрацьлеглы бераг, за якім бачная Смаленская зямля. Мясцовыя нам казалі: за гэтымі лясамі — стажкі, якія рускія косяць і даглядаюць. Калі мы запыталіся: “Якія ў вас адносіны з суседзямі?”, пачулі ў адказ: “Адносіны вельмі добрыя, суседзі нас лічаць гожымі людзьмі, таму і вёска наша называецца Людагожа”... Тут шмат шчырага, шмат існага. Вясковы турызм павінен грунтавацца менавіта на гэтым. Трэба ведаць міфалогію, міфалагемы, назву кожнай сцежкі, кожнага гаю. На Старадарожчыне ёсць Святыгай, на Дрыбіншчыне — Цёмны лес, на Навагрудчыне — Графскі гай. Існуе шмат патаемных вёсачак, якія захоўваюць у сваіх назвах спрадвечныя адносіны да прыроды. Напрыклад, вёска Гадзішча: у яе таму такая назва, што там, у балотах Налібоцкай пушчы, вадзілася і водзіцца шмат змей, вужоў. Гэта было нават нейкае міфалагічнае асяроддзе. Кожны куточак нашых вясковых абшараў напоўнены цэлым сновам духаў, міфалагічных вобразаў. Дзе б ты не быў, заўсёды табе шмат пакажуць і распавядуць. І ты ўпэўнішся, што перад табой — не проста відарыс, не проста пейзаж. Падарожжа турыста не будзе нудным у сэнсе таго, што трэба ехаць ад аднаго помніка да другога моўчкі, проста пазіраючы ў вакно, калі табе прапануюць праехаць на вясковым вазку, зайсці ў нейкую хату, пазнаёміцца з мясцовым ладам жыцця. Табе яшчэ пакажуць дзесяткі адметных мясцін, дзе можна і адпачыць, і сабраць грыбоў, і пачаставацца ягадамі. І нейкае патаемнае, схаванае ў гушчары дрэва агледзець, і нейкія лісіныя норы, гоны бабровыя пабачыць... Усё гэта складае сутнасцьі сапраўдны змест вясковага турызму. Калі ён будзе навукова грунтавацца і развівацца з улікам натуральнай, праўдзівай прыродна-ландшафтнай і гісторыка-культурнай сапраўднасці, тады ён не будзе эклектычным. Ён будзе ўспрымацца як з’ява якасная, каштоўная, з павагай, і не будзе выклікаць недаверу. Бо часам турыста можа напаткаць падманная крыклівасць, якую маюць эклектычныя з’явы, яму могуць прапанаваць нейкі надуманы сюжэт. А людзі ж выпраўляюцца за тысячы кіламетраў, каб пабачыць менавіта аўтэнтыку, сапраўднае.

У кніжцы “Гісторыка-культурныя ландшафты на Беларусі” я зазначаю, што ў сённяшнім свеце асноўным прадуктам турызму з’яўляюцца веды. Бо адпачынак, проста баўленне часу і турызм — сёння ўжо не адно і тое ж. Некалі гэта, магчыма, было адно і тое ж, калі турызм быў спажывецкі па сваёй сутнасці. Сёння турызм не спажываецца. Асноўнае, што патрабуе сённяшні турызм — веды.Звярніце ўвагу, колькі, дзякуючы турызму, створана ў свеце унікальных паркаў: у Афрыцы, у Паўднёвай Амерыцы, у краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, у Скандынавіі. Дарэчы, у скандынаўскіх краінах менавіта развіццё турызму спрыяла адраджэнню і стабілізацыі гісторыка-культурных рэгіёнаў, у тых жа Фінляндыі, Швецыі, Нарвегіі і Даніі, якія маюць вельмі складаныя ландшафтна-кліматычныя ўмовы, дзе жыць нязручна і некамфортна і па-сённяшніх мерках. Дзякуючы турызму, скіраванаму на сапраўднасць, а не на падманныя рэчы, развіўся ўязны турызм. Там прапануюць набыць у якасці сувеніра не нейкі, скажам, кубак, зроблены згліны ўчора, а прапануюць пазнаёміцца з натуральным побытам людзей, якія жывуць у натуральных умовах. Скіраванасць на аўтэнтыку спрыяла адраджэнню Лапландыі — радзімы, як мы ведаем, Санта-Клауса, адраджэнню такіх рэгіёнаў, як Зеландыя, Ютландыя ў Даніі, Шлезвіг у Швецыі.

Арганізацыя нацыянальных паркаў у Кеніі, Судане і іншых краінах спрыяе захаванню прырода-экалагічных умоў і унікальнай, так бы мовіць, абарыгеннай культуры. Так, зараз турызм скіраваны на веды. І чалавек з іншай еўрапейскай краіны, прыехаўшы ў Беларусь, захоча ў першую чаргу атрымаць веды, атрымаць нешта сапраўднае. Пачуць сапраўдную, унікальную народную песню ці паданне, убачыць сапраўдныя ўзоры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацтва, строю, убачыць сапраўдны, можа, не заўсёды адрэстаўраваны, вадзяны млын ці былую карчму, пазнаёміцца з тым, што ўяўляла сабой забудова гістарычнай вёскі, і пабываць на местачковай кірмашовай плошчы. Не цікава бачыць сцэнарныя, ці сцэнаграфічныя, зробленыя з удзелам рэжысуры, рэчы. За гэтым можна і не ехаць далёка, гэта можна і побач знайсці. Шляхам рэканструкцыі вясковага жыцця пад даўніну пайшлі Германія, іншыя еўрапейскія краіны, дзе аўтэнтычная вёска, фальклор пачалі спыняць сваё існаванне яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. У нас гэтае багацце захавалася. Таму вельмі важна ў нашым вясковым турызме развіваць і паказваць аўтэнтычнае, натуральнае, сапраўднае. І ісці ўсё-ткі шляхам, абраным скандынаўскімі краінамі.

Наталля БАЗІЛОЎСКАЯ