Паміж праўдай і шчасцем

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

14 мая на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбылася прэм’ера спектакля “Праўда — добра, а шчасце — лепш” Аляксандра Астроўскага. Ажыццявіў яе ў межах Года Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аркадзь Кац.

 /i/content/pi/cult/208/2449/Pamizh-praudaj.jpg

Зрэшты, для пастаянных наведвальнікаў Рускага тэатра імя заслужанага дзеяча мастацтваў Расійскай Федэрацыі Аркадзя Каца стала амаль што “хатнім”: у рэпертуары горкаўцаў літаральна штогод з’яўляюцца яго пастаноўкі, якія карыстаюцца нязменным поспехам. “Сунічная паляна” І.Бергмана, “Ідэальны муж” А.Уайльда і шэраг іншых трывала замацаваліся ў сучасным спісе пастановак. І таму на новую прэм’еру да горкаўцаў прыйшлі “падрыхтаваныя” гледачы, для каго імя гэтага рэжысёра ў афішы трывала асацыіруецца з класічнай тэатральнай школай, высокай сцэнічнай культурай і спакойнай, нетаропкай і неагрэсіўнай, манерай размовы з гледачом. “Праўда — добра, а шчасце — лепш” гэтыя спадзяванні спраўдзіла: прысутныя ў зале змаглі атрымаць асалоду і ад жывога і дасціпнага слова Астроўскага, і ад някідкай, але падрабязнай ігры акцёраў.
Дакладна “адшліфаваны” акцёрскі ансамбль — вось тое, што прыцягвае ўвагу ў новай пастаноўцы. Нетаропкасць сцэнічнага існавання дае магчымасць разгледзець кожнага з персанажаў: пранырлівую “прасцячку” Філіцату (Вольга Клебановіч), ганарлівую Маўру Тарасаўну (Бэла Масумян), нечакана лірычнага і мяккага Гразнова (Расціслаў Янкоўскі), тонкага ў сваёй характарнасці Мухаярава (Аляксандр Ждановіч), пафасна-трапяткую маладую пару — Паліксену і Платона (Вераніка Пляшкевіч і Васіль Грачухін). Дзякуючы іх ігры разумееш, што такое глядацкі спектакль, калі нічога на сцэне не замінае ўспрыняццю дзеі і тэатральнай камунікацыі: граматна данесены аўтарскі тэкст, спакойная плынь сцэнічнага дзейства, адсутнасць тэатральнага “экстрыму” ў выглядзе рэжысёрскіх выкрунтасаў, якія прэтэндуюць на глыбакадумнасць і высокамастацкасць, а на самой справе з’яўляюцца класічным “горам ад розуму”.
Літаральна пару месяцаў таму пасля паказу Рускім тэатрам у Маскве ў межах “Залатой маскі” спектакля “Сунічная паляна” адзін сталічны крытык параўнаў Аркадзя Каца з “земскім урачом” у рэжысуры. Памятаецца, гэткая эскапада выклікала ў нашых тэатралаў бурную рэакцыю абурэння і пратэсту. Аднак па праглядзе “Праўды…” я ўсё больш схілялася да таго, што пэўная доля рацыяналізму ў тым выказванні ўсё-такі была. Не магла не згадаць іншага “земскага ўрача” ад тэатра — Антона Чэхава. Злавіла сябе на тым, што абодва яны ведаюць той самы “сакрэт”, які ляжыць на паверхні, але так рэдка даецца ў рукі тым, хто на яго замахваецца. Абодва (Чэхаў — у літаратуры, Кац — у рэжысуры) цвёрда ўсвядомілі той факт, што людзей нельга падзяляць на добрых ці дрэнных, станоўчых ці адмоўных, вартых пераймання ці, наадварот, выпраўлення. Іх варта любіць і дараваць ім маленькія і вялікія слабасці, умець бачыць іх, але не намагацца перавыхоўваць, акцэнтаваць увагу на пэўных асаблівасцях характару і паводзін, ды не перакоўваць наноў. І быць спагадлівым да ўсіх без выключэння. Іншымі словамі — прымаць жыццё ў ягонай шматаблічнасці. Вось менавіта таму і атрымліваецца, што ў спектаклях Каца (і “Праўда — добра, а шчасце — лепш” — не выключэнне) проста немагчыма падзяліць персанажаў на станоўчых і адмоўных: у кожнага з іх ёсць свая ўнутраная абаяльнасць, свая праўда і сваё ўяўленне пра шчасце. Не дзіва, што яблыкі ў гэтым свеце саспяваюць у адну пару з цвіценнем бэзу…

Таццяна КОМАНАВА
Фота Віктара ЗАЙКОЎСКАГА

На здымку: сцэна са спектакля “Праўда — добра, а шчасце — лепш”.
Сіла Гразноў — Расціслаў Янкоўскі, Маўра Барабошава — Бэла Масумян