Мэтр... Экспромту

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

У Палацы мастацтва адбылася персанальная выстаўка твораў вядомага мастака-графіка Генадзя Грака, прысвечаная ягонаму 70-годдзю.


 /i/content/pi/cult/208/2447/Metr.jpg

Г.Грак. “Пейзаж з конямі”.

Адзін з першых выпускнікоў Мінскага мастацкага вучылішча, а затым і аддзялення графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, Генадзь Сцяпанавіч належыць да той славутай кагорты прафесійных творцаў, якія распачалі сваю дзейнасць на рубяжы 60-х — 70-х гадоў ХХ стагоддзя, у час агульных грамадска-палітычных пераўтварэнняў. Сучасная беларуская мастацкая школа (у розных адгалінаваннях), фактычна пачала фарміравацца ўжо ў тыя гады. Характэрная з’ява: амаль усе дыпламаваныя тагачасныя графікі актыўна супрацоўнічалі з кніжнымі выдавецтвамі.
Першымі самастойнымі творамі маладога мастака сталі серыі ілюстрацый да кніг У.Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Партызанская рэспубліка” П.Калініна. А потым вядомасць мастаку прынеслі станковыя эстампы з цыклаў “Беларусь партызанская”, “Мой горад Мінск”, “Край Лагойскі”, “Вясковыя дворыкі”, “Па гарадах Беларусі”, дзе кожная кампазіцыя — непаўторная па вырашэнні, своеасаблівы мастацкі жыццяпіс часу.
З вялікай павагай да мудрай, вытанчанай паэтычнай скарбніцы М.Багдановіча, вельмі пранікнёна і пяшчотна мастак працуе над, бадай, лепшымі з сваіх ілюстрацый — кнігай вершаў славутага айчыннага паэта-класіка пад назвай “Мае песні”.
У экспазіцыі была паказана таксама “экспромтная”, так званая малая графіка, дзе ў невялікіх па памерах выявах мастак здолеў сканцэнтравана і абагулена перадаць шматлікія, бліскучыя, віртуозна выкананыя экслібрысы, якія занялі амаль палову выставачнай залы. На сённяшні дзень Г.Грак — мэтр кніжнага знака. Яго экслібрысы з “Пушкініяны” і па матывах “Слова пра паход Ігаравы” пачэсна ўпрыгожваюць расійскі Музей экслібрыса ў Маскве!
Галоўнае, што праз усю творчасць майстар пранёс гарачую любоў да роднай зямлі, мілагучнага роднага мастацкага слова. Яго аднолькава цікавяць гераічнае мінулае і складаныя калізіі сучаснасці, у якіх ён мусіць адшукаць, вынайсці нейкі асноватворны стрыжань, духоўна-эстэтычную раўнавагу, своеасаблівы жыватворны “код” быцця.

А.Р.