Чуў сэрца Беларусі

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

Бываюць такія чалавечыя характары, якія не падуладныя часу, а мастацкая спадчына з гадамі толькі выяўляе ў іх тое, што было галоўным, істотным ужо ў юнацтве. Жыццялюбства, светлае, узнёслае ўспрыняцце навакольнага свету — з’яўляліся неад’емнай і галоўнай якасцю характару выдатнага беларускага жывапісца Віталя Цвіркі, мастака нястомнай працавітасці. Гэтую думку цалкам пацвярджае манаграфічная выстаўка твораў Віталя Канстанцінавіча з фондаў БСМ і прыватных калекцый. Яна працуе ў мінскім Палацы мастацтва.

 /i/content/pi/cult/208/2446/Chuu-serca1.jpg

В.Цвірка. “Над Прыпяццю. Рабіны”.

Калі гавораць пра Цвірку, то звычайна, перш за ўсё, прыгадваюць яго пейзажы і акварэлі. І гэта сапраўды так: менавіта яны прынеслі мастаку заслужаную славу не толькі на Беларусі. Але, калі, адкінуўшы звыклыя ўяўленні, грунтоўна “параўнаць ды паглядзець” лепшыя фігуратыўныя кампазіцыі (згадаем “Нескароных” або “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач”), нацюрморты і партрэты, то стане зразумела, што ён — вельмі своеасаблівы майстар і ў гэтых складаных жанрах.
Свет прадстаўленых у сённяшняй экспазіцыі цвіркаўскіх пейзажаў, на першы погляд, — просты: “уваходзячы” ў яго, глядач не “спатыкаецца” аб мудрагелістую назву. У ёй мастак звычайна толькі паведамляе: паказана тое ці іншае, у пэўную пару года ці дня. Магчыма, гэтая празаічнасць назваў — прыхаваная форма палемікі. Бо надта часта можна сустрэць на нашых выстаўках пейзажы, якія названы з прэтэнзіяй на грандыёзныя абагульненні і нейкую “філасофію”, а ўяўляюць з сябе ўсяго толькі сумныя эцюды вялікіх памераў.
Цвірка заўсёды лічыў, што паэзія, вобраз павінны быць у самой карціне, а калі там іх няма, то нават самыя прыгожыя назвы не схаваюць жыццёвай пустаты твора. Менавіта гэтаму ён вучыў сваіх вучняў у тэатральна-мастацкім інстытуце: Л.Шчамялёва, В.Грамыку, Б.Аракчэева, М.Залознага, Б.Няпомняшчага, Ф.Бараноўскага, І.Рэя, Д.Алейніка, М.Казакевіча, Г.Паплаўскага…
Чым больш ходзіш на выстаўцы, чым больш углядаешся ў палотны маэстра, тым ясней, выразней гучыць музыка і моц цвіркаўскіх вобразаў. Спачатку глядач настройваецца на спакойна-сузіральны лад: шырокі свет беларускай прыроды падаецца як бы замкнёным у сабе, не заўсёды напоўненым чалавечымі пачуццямі. Але паступова такое ўражанне знікае, саступаючы месца ўсё больш ясна акрэсленым сувязям паміж прыродай і рухам чалавечых думак, перажыванняў, настрояў. Рэчаіснасць у работах Цвіркі ўбачана ў яе рэальнасці, у яснай гармоніі прапорцый і суадносін, у радасці быцця.
Мы ўваходзім у гэтую рэчаіснасць, мінуючы складаныя, мудрагелістыя гіпербалы і асацыяцыі, уваходзім — і спыняемся, зачараваныя. Таму што нас сустракае сапраўдны Мастак, уся праца якога была падпарадкавана сцвярджэнню актыўнага аптымістычнага пачатку ў навакольным свеце, сцвярджэнню чалавека — ахоўніка свету.
Ці не таму ўсе творы выстаўкі робяць уражанне адкрытай душы іх стваральніка? Ці не таму мастака больш за 60 гадоў так неадольна прыцягвала родная Беларусь, якая увайшла ў ягоны жывапіс сімвалам вялікай чалавечай любві і прыгажосці? Віталь Канстанцінавіч ведаў сабе цану, ведаў, што ён таленавіты і не хаваў гэтага. Памятаю яго жартаўлівую фразу: “…Я магу швабрай так мазануць па палатне, а потым пэндзлікам першага нумара так паставіць пару кропак, што… будзьце ласкавы, карціна гатова!”
 /i/content/pi/cult/208/2446/Chuu-serca2.jpg
 В.Цвірка. “Нацюрморт з хурмой”.


…Увосень 1982 года мы з Леанідам Шчамялёвым наведалі хворага Цвірку ў лечкамісіі. Ён выйшаў у дворык у бальнічнай вопратцы і тапачках, прысеў з намі на лаўку і накінуў на сябе цёмна-зялёны, у буйную клетку, плед. Завязалася нязмушаная размова, потым Леанід Дзмітрыевіч хутка выняў з сумкі альбом, адышоў убок і імгненна зрабіў накід маэстра. Той, спакойна закінуўшы нагу на нагу, перапыніў размову і як прафесійны натуршчык з задавальненнем пазіраваў. У Цвіркі быў цудоўны настрой: яго выпісвалі. З той сустрэчы запомніў адну цвіркаву фразу: “Найбольш каштоўнае тое мастацтва, якое праўдзівейшае за рэчаіснасць...”Праз нейкі час па тым накідзе Шчамялёў стварыў жывапісны партрэт свайго любімага настаўніка — на мой погляд, адзін з лепшых у серыі шчамялёўскіх партрэтных вобразаў дзеячаў беларускай культуры. І так атрымалася, што работа была гатова якраз у сярэдзіне лютага 1983 года, да 70-годдзя Цвіркі! Віталь Канстанцінавіч быў вельмі задаволены гэтым партрэтам...
Пасля гэтага дня маэстра пражыў яшчэ крыху больш за 10 гадоў. Пайшоў з жыцця ён 11 чэрвеня 1993 года.Сённяшняя выстаўка — не толькі знак светлай памяці аб вялікім жывапісцы зямлі беларускай. Яна накіравана і да творчай моладзі, якая ўступае ў самастойнае жыццё, ды, на жаль, не заўсёды ведае выдатных папярэднікаў...
Яшчэ хачу чытачам “К” нагадаць, што газета “Культура” ў свой час першай звярнулася да ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза мастакоў з прапановай арганізаваць на радзіме В.К. Цвіркі (ён нарадзіўся ў вёсцы Радзеева, на Гомельшчыне) Міжнародны пленэр імя мастака.
Такая прапанова была прынята, і першы пленэр славутага пейзажыста быў праведзены ў хуткім часе ў Буда-Кашалёўскім раёне.
І як запавет патомкам да сённяшняга часу чую словы Віталя Канстанцінавіча: “Не разумею жывапісцаў, якія пазбаўляюць сябе галоўнай радасці творчасці — працаваць у полі, у лесе, на рацэ. Амаль усе свае палотны я намаляваў на адкрытым паветры, таму што сам-насам з прыродай я чуў яе сэрца”.
Мабыць, дзякуючы менавіта гэтаму “слыху” Віталь Цвірка прыйшоў да найбольшай якасці форм, стварыў асаблівы, непаўторны нацыянальны вобраз беларускай зямлі, які не мае аналагаў у гісторыі нашага жывапісу, умацаваў думку, што прачытанне навакольнага свету таксама бязмежнае, як бязмежныя чалавечыя пачуцці і любоў да Бацькаўшчыны...

Барыс КРЭПАК