В.Цвірка. “Над Прыпяццю. Рабіны”. |
Свет прадстаўленых у сённяшняй экспазіцыі цвіркаўскіх пейзажаў, на першы погляд, — просты: “уваходзячы” ў яго, глядач не “спатыкаецца” аб мудрагелістую назву. У ёй мастак звычайна толькі паведамляе: паказана тое ці іншае, у пэўную пару года ці дня. Магчыма, гэтая празаічнасць назваў — прыхаваная форма палемікі. Бо надта часта можна сустрэць на нашых выстаўках пейзажы, якія названы з прэтэнзіяй на грандыёзныя абагульненні і нейкую “філасофію”, а ўяўляюць з сябе ўсяго толькі сумныя эцюды вялікіх памераў.
Цвірка заўсёды лічыў, што паэзія, вобраз павінны быць у самой карціне, а калі там іх няма, то нават самыя прыгожыя назвы не схаваюць жыццёвай пустаты твора. Менавіта гэтаму ён вучыў сваіх вучняў у тэатральна-мастацкім інстытуце: Л.Шчамялёва, В.Грамыку, Б.Аракчэева, М.Залознага, Б.Няпомняшчага, Ф.Бараноўскага, І.Рэя, Д.Алейніка, М.Казакевіча, Г.Паплаўскага…
Чым больш ходзіш на выстаўцы, чым больш углядаешся ў палотны маэстра, тым ясней, выразней гучыць музыка і моц цвіркаўскіх вобразаў. Спачатку глядач настройваецца на спакойна-сузіральны лад: шырокі свет беларускай прыроды падаецца як бы замкнёным у сабе, не заўсёды напоўненым чалавечымі пачуццямі. Але паступова такое ўражанне знікае, саступаючы месца ўсё больш ясна акрэсленым сувязям паміж прыродай і рухам чалавечых думак, перажыванняў, настрояў. Рэчаіснасць у работах Цвіркі ўбачана ў яе рэальнасці, у яснай гармоніі прапорцый і суадносін, у радасці быцця.
Мы ўваходзім у гэтую рэчаіснасць, мінуючы складаныя, мудрагелістыя гіпербалы і асацыяцыі, уваходзім — і спыняемся, зачараваныя. Таму што нас сустракае сапраўдны Мастак, уся праца якога была падпарадкавана сцвярджэнню актыўнага аптымістычнага пачатку ў навакольным свеце, сцвярджэнню чалавека — ахоўніка свету.
Ці не таму ўсе творы выстаўкі робяць уражанне адкрытай душы іх стваральніка? Ці не таму мастака больш за 60 гадоў так неадольна прыцягвала родная Беларусь, якая увайшла ў ягоны жывапіс сімвалам вялікай чалавечай любві і прыгажосці? Віталь Канстанцінавіч ведаў сабе цану, ведаў, што ён таленавіты і не хаваў гэтага. Памятаю яго жартаўлівую фразу: “…Я магу швабрай так мазануць па палатне, а потым пэндзлікам першага нумара так паставіць пару кропак, што… будзьце ласкавы, карціна гатова!”
В.Цвірка. “Нацюрморт з хурмой”. |
…Увосень 1982 года мы з Леанідам Шчамялёвым наведалі хворага Цвірку ў лечкамісіі. Ён выйшаў у дворык у бальнічнай вопратцы і тапачках, прысеў з намі на лаўку і накінуў на сябе цёмна-зялёны, у буйную клетку, плед. Завязалася нязмушаная размова, потым Леанід Дзмітрыевіч хутка выняў з сумкі альбом, адышоў убок і імгненна зрабіў накід маэстра. Той, спакойна закінуўшы нагу на нагу, перапыніў размову і як прафесійны натуршчык з задавальненнем пазіраваў. У Цвіркі быў цудоўны настрой: яго выпісвалі. З той сустрэчы запомніў адну цвіркаву фразу: “Найбольш каштоўнае тое мастацтва, якое праўдзівейшае за рэчаіснасць...”Праз нейкі час па тым накідзе Шчамялёў стварыў жывапісны партрэт свайго любімага настаўніка — на мой погляд, адзін з лепшых у серыі шчамялёўскіх партрэтных вобразаў дзеячаў беларускай культуры. І так атрымалася, што работа была гатова якраз у сярэдзіне лютага 1983 года, да 70-годдзя Цвіркі! Віталь Канстанцінавіч быў вельмі задаволены гэтым партрэтам...
Пасля гэтага дня маэстра пражыў яшчэ крыху больш за 10 гадоў. Пайшоў з жыцця ён 11 чэрвеня 1993 года.Сённяшняя выстаўка — не толькі знак светлай памяці аб вялікім жывапісцы зямлі беларускай. Яна накіравана і да творчай моладзі, якая ўступае ў самастойнае жыццё, ды, на жаль, не заўсёды ведае выдатных папярэднікаў...
Яшчэ хачу чытачам “К” нагадаць, што газета “Культура” ў свой час першай звярнулася да ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларускага саюза мастакоў з прапановай арганізаваць на радзіме В.К. Цвіркі (ён нарадзіўся ў вёсцы Радзеева, на Гомельшчыне) Міжнародны пленэр імя мастака.
Такая прапанова была прынята, і першы пленэр славутага пейзажыста быў праведзены ў хуткім часе ў Буда-Кашалёўскім раёне.
І як запавет патомкам да сённяшняга часу чую словы Віталя Канстанцінавіча: “Не разумею жывапісцаў, якія пазбаўляюць сябе галоўнай радасці творчасці — працаваць у полі, у лесе, на рацэ. Амаль усе свае палотны я намаляваў на адкрытым паветры, таму што сам-насам з прыродай я чуў яе сэрца”.
Мабыць, дзякуючы менавіта гэтаму “слыху” Віталь Цвірка прыйшоў да найбольшай якасці форм, стварыў асаблівы, непаўторны нацыянальны вобраз беларускай зямлі, які не мае аналагаў у гісторыі нашага жывапісу, умацаваў думку, што прачытанне навакольнага свету таксама бязмежнае, як бязмежныя чалавечыя пачуцці і любоў да Бацькаўшчыны...
Барыс КРЭПАК