“Еўрабачанне”: спаборніцтва вобразаў, а не рэальных людзей

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

На жаль, Беларусь ужо не першы раз не трапіла ў лік фіналістаў на “Еўрабачанні”. Але “разбор палётаў” (ці, дакладней, “пралётаў”) сёлета яўна зашкальваў у плане эмоцый і лексічных сродкаў. Публіка не адставала ад непасрэдных удзельнікаў падзей. Каментарыі па гэтай тэме на інтэрнет-форумах налічваліся сотнямі, а пазіцыя іх аўтараў нярэдка была дыяметральна супрацьлеглай. Безумоўна, гэтая тэма актыўна абмяркоўвалася і ў рэдакцыі “К”. Прапануем фрагмент дыскусіі, якая адбылася паміж журналістамі, што ўжо не першы год пішуць на тэму “Еўрабачання”: Надзеяй БУНЦЭВІЧ, Дар’яй АМЯЛЬКОВІЧ і Іллём СВІРЫНЫМ.

І.С.: Перш-наперш, варта нагадаць, што вынік удзелу ў любым конкурсе мае некалькі складнікаў, і далёка не ўсе яны залежаць ад самога выканаўцы і яго каманды. Магчыма, галасавыя даныя Ялфімава — гэты ці не галоўны яго козыр — былі б ацэнены куды лепш, каб адразу пасля Пятра на сцэну не выйшла оперная спявачка са Швецыі. Да таго ж, за нас не мог галасаваць ніхто з суседзяў. З іншага боку... Ролю лёсу і “аб’ектыўных” фактараў не трэба перабольшваць. І ў гэтым сэнсе я не магу не пагадзіцца з выказваннем намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Мартыненкі: галоўная прычына паражэння ў тым, што спявак не здолеў захапіць аўдыторыю сваёй харызмай. Менавіта на гэтай прычыне і варта засяродзіць увагу.

Н.Б.: Пётр Ялфімаў, між іншым, таксама спявак з “опернай” падрыхтоўкай: ён скончыў нашу Акадэмію музыкі. Да яго вакалу прэтэнзій няма і быць не можа. Але калі ўзнікла гэтае параўнанне, дык у прадстаўніцы Швецыі сама песня была больш “утульнай”, больш “мяккай і пухнатай”. Уявіце сабе тэлегледачоў у вечаровы час: хочацца, каб цябе ці чымсьці моцна здзівілі, ці проста “прылашчылі”, ці падарылі штосьці вельмі прыгожае, — скажам, “Снег” з Ісландыі, які, што вельмі важна, не мае аніякага дачынення да “колкай” Снежнай каралевы.

Д.А.: Пётр, без сумневу, спявак прафесійны, яго магутнаму вакалу могуць пазайздросціць многія беларускія, і не толькі, выканаўцы. Але ж “Еўрабачанне” сёння — гэта конкурс не толькі песень і вакальных здольнасцей, ды нават не толькі відовішчаў. Па вялікім рахунку, гэта конкурс ідэй: як сярэднестатыстычную, рытмічную, прыемную для слыху кампазіцыю паднесці гледачу так, каб ён расчуліўся? Спявак у гэтым салодкім “падмане” — усяго толькі складнік: да яго знешнасці і адоранасці далучаецца тое, што прынята разумець пад словам “нумар”: гук, святло, спецэфекты, рэжысура… Згадайма тых самых “Лордзі”: не было б жудасных “масак” — не было б і перамогі. Тое ж самае тычыцца і нумара Дзімы Білана з яго спартыўна-кансерватыўнай “падтрымкай”, ды і бліскучым спевам Марыі Шарыфавіч вельмі пасавалі даўганогія дзяўчаты. Усе сродкі пераканання публікі трэба задзейнічаць напоўніцу. Ці атрымалася гэта пад час выступлення Пятра? Не думаю.

І.С.: Але ж важна і тое, каб нумар “пасаваў” выканаўцу — як сцэнічны касцюм...

Д.А.: Мне падалося, што ў сваім белым касцюме Пятро выглядаў на сцэне вельмі акадэмічна. Што да нумара... Ён атачаў выканаўцу: менавіта атачаў, бо спявак быў нібы адасоблены ад усяго, што адбывалася на сцэне. Гледачу не было прапанавана нейкае незвычайнае арыгінальнае відовішча, свежы запамінальны “месэдж”. Так, за выкананне сорамна не было, але якія адчуванні засталіся ў выніку? Усяго толькі — чарговы нумар, адзін з васемнаццаці...

І.С.: Пазіцыя Ялфімава мяне ад самага пачатку насцярожвала: маўляў, я — хлопец прыгожы і таленавіты, дасканаліцца мне асабліва няма куды, і таму калі я выйду і спяю ад шчырага сэрца — уся Еўропа будзе ля маіх ног. Лічу такую самаўпэўненасць вельмі небяспечнай: яна перашкаджае крэатыўнай працы і цвярозай ацэнцы сваіх магчымасцей. Дый прастора для дасканалення заўсёды ёсць, асабліва ў выпадку з такім сур’ёзным спаборніцтвам. Кожны з нас памятае, як напружана рыхтаваліся да “Еўрабачання”, скажам, Агурбаш або Калдун. Параўнайце выступленне апошняга пад час фіналу “Еўрафэсту” і на самім конкурсе — і вы адчуеце плён сур’ёзнай, карпатлівай працы: прыкметную эвалюцыю спазналі і імідж спевака, і пастаноўка нумара, і аранжыроўка самой песні. У выпадку з Ялфімавым мы гэтай працы не заўважылі.

Н.Б.: Для “Еўрабачання” Пётр падрыхтаваў гэткі “рамансава-рокавы” тандэм, але, на мой погляд, вынік аказаўся не такім адметным, як многія іншыя яго песні. Гэта ўвогуле вельмі цяжка — напісаць штосьці самому сабе “на заказ”: адно разуменне таго, што ў гэта ты павінен укласці “ўсяго сябе”, усё “самае лепшае”, прыводзіць у разгубленасць. І наадварот: калі пішаш “проста так”, таму, што “проста захацелася”, усё атрымліваецца больш натуральным. Не ведаю, як стваралася конкурсная песня, але... мяркую, што ў Ялфімава ёсць творы куды лепшыя. Вось толькі для “Еўрабачання” патрабуецца зусім новая кампазіцыя.

І.С.: Песня не кепская і не добрая. У Ялфімава атрымалася тое, што мы звычайна называем словам “стандарт”, — як столь у два з паловай метры. Песня цалкам вытрымана ў стылістыцы поп-, або софт-металу, без аніякіх ад яе адхіленняў. Добра памятаю тыя часы, калі гэтая музыка была страшэнна папулярнай, — прызнаюся, і сам калісьці накрэмзаў на парце надпіс “Bon Jovi”. Але тая парта ўжо, мабыць, даўно спісаная, бо мінула гадоў дваццаць. Дарэчы, тады ж у СССР з’явілася і спроба наладзіць экспарт такой музпрадукцыі на міжнародны рынак. Аднак фінал праекта “Gorky Park”, як вядома, быў досыць сумны. Разнастаіць гэты стандарт нейкімі запамінальнымі музычнымі дэталямі (як, напрыклад, фальклорныя цытаты, якія ўпрыгожылі баснійскі нумар, або партыя скрыпкі ў песні яшчэ аднаго нашага земляка — Аляксандра Рыбака ) Пётр нават і не спрабаваў. Таму ў агульным масіве конкурсу песня папросту “патанула”. Дарэчы, можам правесці своеасаблівы тэст: ці здолееце вы зараз згадаць хаця б адну фразу з яе? Я — не!

Н.Б.: Я згадаць магу, але пагаджуся, што агульнай масе тэлегледачоў песня не запомнілася. Ну, хіба незразумелым “прывідам”, які адцягваў увагу ўласна ад спеваў.

І.С.: З “прывіду” сёння не кпіць толькі абыякавы. Вядома, не без падстаў, але... Тут вось што варта адзначыць. Сёлетні наш удзел у конкурсе адметны і яшчэ па адной прычыне: упершыню беларуская прадзюсерская каманда ўзялася за справу ўсур’ёз і маштабна, заангажаваўшы замежнага карыфея. І вельмі сумна, што артыст лічыць яго паслугі дарэмнай тратай грошай.

Н.Б.: Ацэньваць нумар у яго першапачатковай, рэжысёрскай версіі бадай немагчыма: па той простай прычыне, што ён так і не быў увасоблены. Тое, што Януш Юзэфовіч зрабіў (дарэчы, з беларускай моладдзю, у некаторых выпадках — зусім яшчэ “зялёнай”) у мюзікле “Прарок” — уражвае. Тое, што я ўбачыла ў аўторак на тэлеэкране — не. Рэжысёр сказаў, што яму, маўляў, перашкодзілі. Але гледача па той бок экрана павінны цікавіць не гэтыя “разборкі”, а сам вынік. Гэтым разам, на жаль, ніякаваты.

І.С.: Як вядома, канфлікт выліўся нават у юрыдычнае рэчышча, чаго ў нас таксама раней не здаралася. Ялфімаву нагадалі пра яго абавязкі, прапісаныя ў кантракце. Але... “насильно мил не будешь”. Вынік кампрамісу вядомы: “іншароднае цела” на сцэне, няўцямная дзея, пазбаўленая ўсялякай дынамікі. Не думаю, што ўмяшальніцтва Януша Юзэфовіча сапсавала выступленне Ялфімава (той увогуле меў намер выйсці на сцэну толькі ў суправаджэнні бэк-вакалістаў), але ж і дапамагчы яно таксама не дапамагло.

Н.Б.: Давайце глядзець на рэчы рэальна: адправіць ад нашай краіны на “Еўрабачанне” штосьці папраўдзе эпатажнае — ніколі не ўзнімецца рука. Бо мы ставімся да сваіх “дэлегатаў” як да “твару краіны”. Адпаведна, той “твар” не можа быць такім, як у “Лордзі” (хаця, прызнацца, тая іх перамога на “Еўрабачанні” абурыла мяне).

І.С.: Тое, што робяць гэтыя “монстры” — усяго толькі адзін з сегментаў сучаснай індустрыі забаў, такі самы, як R`n`B з прыгажунямі ў бікіні. І гэта не мае словы: я амаль цытую пачынальніка метал-клаунады Эліса Купера. А вось стаўленне да канкурсантаў як да “твару краіны” — гэта, я думаю, усё ж празмерна сур’ёзна для такога “легкаважкага” конкурсу.

Д.А.: Увогуле, няўдача беларусаў на “Еўрабачанні” — гэта нават не вынік пэўных скандалаў або непаразуменняў. Падмурак поспеху на міжнароднай арэне закладваецца ў самым пачатку — на этапе выбару канкурсанта. І тут трэба ўлічваць самыя розныя фактары: і знешні выгляд выканаўцы, і тое, наколькі арыгінальны яго нумар і як ён выглядае ў кантэксце удзельнікаў “Еўрабачання” мінулых гадоў.

І.С.: Наконт адбору — цяжка не пагадзіцца. Наважуся выказаць крамольную думку: для Беларусі, для яе музычнай сцэны важнейшая нават не перамога, а сам удзел у “Еўрабачанні”. У адваротным выпадку, лагічна было б не траціцца на розныя “Еўрафэсты”, а заангажаваць за тыя грошы замежную суперзорку. Вынік быў бы пераканаўчы, але... Што ад гэтага атрымае беларуская культура?

Д.А.: Шчыра кажучы, не да канца разумею думку...

І.С.: У “Еўрабачанні” бярэ ўдзел толькі адзін выканаўца, а ў нацыянальным адборачным туры набіраецца ці не сотня. І калі не кожны, дык, прынамсі, многія літаральна са скуры вылузваюцца, каб дацягнуцца да той даволі высокай планкі, што ставіць міжнародны конкурс. І таму вельмі важна, каб на яго траплялі артысты, якія праявілі сябе сапраўды найлепш, хто паставіўся да сваёй задачы найбольш адказна. Але асабіста ў мяне ў апошнія гады ўзнікала ўражанне, што перамаглі не тыя, хто паказаў самыя яркія нумары... Дарэчы, і да інавацыі сёлетняга “Еўрафэста”, паводле якой вырашальнае слова ў адборы ўдзельніка належыць не прафесіяналам, а гледачам, я паставіўся з пэўным скепсісам. Адна справа — нацыянальны рэйтынг, і зусім іншая — патэнцыял артыста на міжнароднай сцэне. Яны могуць не супадаць.

Д.А.: Сумна, што мы наступаем на гэтыя “граблі” з года ў год. Хапаемся за вядомае ў краіне імя (пажадана, каб яго ведалі і ў Расіі), і зусім не задумваемся над тым, ці здольны гэты артыст упісацца ў самую канву “Еўрабачання”, стварыць яскравы вобраз, які за тры хвіліны захапіў бы мільёны гледачоў.

І.С.: Не ўпершыню чую думку, што Ялфімаў быў трохі не ў сваім амплуа: “Еўрабачанне” — гэта, так бы мовіць, не ягоны фармат...

Д.А.: “Еўрабачанне” — гэта спаборніцтва вобразаў, а не рэальных людзей. Мы ведаем, што Пётр Ялфімаў — прафесійны спявак з шыкоўным вакалам, але... што з таго? Ці ўдалося яму ў гэтым запэўніць Еўропу? Мне падаецца, што не.

Н.Б.: Разумею, што на мяне зараз абрынуцца абвінавачванні ў традыцыяналізме, але калі б Пётр нават проста выйшаў з рамансам пад раяль — уражанне было б большым. “Карцінка” — рэч добрая, але часам музыка папраўдзе бывае самадастатковай. Праўда, мусіць, не на “Еўрабачанні”...

І.С.: Зрэшты, і тут здараюцца выключэнні з правілаў...

Н.Б.: Безумоўна. Галоўнае — заставацца самім сабой. Гэта якраз тое, чаго на “Еўрабачанні” мы пакуль так і не прадэманстравалі. Калі зыходзіць з законаў гістарычнага развіцця, дык кожная нацыянальная культура, заваёўваючы (ці проста шукаючы) сваю адметную нішу на ўжо, здавалася б, “падзеленай” карце свету (хаця ў культуры, у адрозненне ад геаграфіі, месца хопіць абсалютна ўсім), спачатку “даганяе” сваіх суседзяў, потым становіцца “нароўні”, нарэшце, прапаноўвае штосьці такое, што робіцца яе “візітоўкай”. Нашай “візітоўкай” на Захадзе пакуль застаецца балетная класіка і неакласіка, акадэмічнае музычнае мастацтва. Але, параўнайце, колькі дзесяцігоддзяў пайшло на тое, каб выпрацаваць свае выканальніцкія школы ў гэтых галінах, і колькі ў нас развіваецца эстрада “з аглядкай” на Захад — папраўдзе, у нас усё яшчэ наперадзе. І ставіцца да кожнай новай спробы як да нацыянальнай трагедыі не патрэбна.

І.С.: Абсалютна згодны. Але было б выдатна, каб сёлетняя няўдача дазволіла засвоіць пэўныя ўрокі. Каб не наступаць на тыя самыя граблі яшчэ і яшчэ.

Н.Б.: Давайце вывучаць гісторыю мастацтваў! Не толькі факты — саму логіку гістарычных працэсаў. Тады, мабыць, і з’явіцца менавіта наша формула спалучэння “Я і сусвет”.