Ці быў Моцарт у цэнтры Еўропы?

№ 20 (888) 16.05.2009 - 22.05.2009 г

Сёння завяршаецца XIV Свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”, арганізаванае Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскім аблвыканкамам, Нясвіжскім райвыканкамам і Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

Фестываль штораз здзіўляе сваіх прыхільнікаў новай мастацкай і навуковай канцэпцыяй. Гэтым разам у цэнтры падзей апынулася не творчасць аднаго ці некалькіх беларускіх кампазітараў, а... сама Еўропа — лепшая еўрапейская музычная класіка.
— За гэтыя гады, — пракаменціраваў такі падыход маэстра Міхаіл Фінберг,— “Музы Нясвіжа” ўзраслі да ўзроўню сапраўды еўрапейскага фестывалю.
Што ж да еўрапейскасці самога горада, дык ён, як пастаянна даводзіць у сваёй навуковай дзейнасці доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава, спрадвеку быў звязаны з агульнаеўрапейскім музычна-гістарычным працэсам. Тут жылі і працавалі многія вядомыя архітэктары, музыканты, кампазітары Італіі, Германіі, іншых краін (паводле некаторых звестак, запрашэнне працаваць у Нясвіжы было накіравана нават самому Моцарту).
Больш падрабязна пра гэта і многае іншае размова ішла на традыцыйнай навуковай канферэнцыі. Адкрыўся фестываль праграмай “Нясвіж у цэнтры музычнай Еўропы”. У цэнтры ж самога фестывалю быў, як заўсёды, Нясвіжскі раённы дом культуры, дзе сышліся музы, іх абраннікі-творцы і шматлікія прыхільнікі — аматары мастацтва. Канцэрту адкрыцця папярэднічаў вернісаж “Маёй Радзіме прысвячаецца”, дзе вялі нячутны дыялог творы мастака Юрыя Падоліна і юных жывапісцаў са студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. А яшчэ напярэдадні Нясвіжскі народны тэатр імя Уршулі Радзівіл паказаў тут сваю пастаноўку знакамітага “Вечара” Аляксея Дударава.
Ахапіла свята і іншыя пляцоўкі горада. “Нясвіжскім дывертысментам” сустракаў гасцей струнны квартэт Нацыянальнага канцэртнага аркестра, выступіўшы ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Дзякуючы фестывалю, Нясвіжская гарадская ратуша апынулася не проста ў цэнтры — “У цэнтры чароўных гукаў”, як называўся канцэрт, праведзены ў ёй іншымі камернымі калектывамі аркестра. А сёння ўдзень гэты нядаўна адноўлены будынак прыме гасцей і ўдзельнікаў Трэцяй музычнай асамблеі “Беларуская выканальніцкая школа на струнных інструментах”. Гэта будзе не звычайны канцэрт, а— сапраўдны майстар-клас, бо асветніцтва, накіраванае на перайманне і далейшае спалучэнне новых ведаў з традыцыямі, было і застаецца адным з рухавікоў гісторыі.
Увечары ж над Нясвіжам залунаюць песні: да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Года роднай зямлі Нацыянальны канцэртны аркестр падрыхтаваў праграму “Лепшыя песні табе, Нясвіж!”, якая будзе паказана на галоўнай плошчы горада.

Надзея БУНЦЭВІЧ