“Homo doctus in se simper divitas habet”

№ 17 (783) 28.04.2007 - 04.05.2007 г

У гэтым месяцы выйшлі з друку дзве новыя кнігі краязнаўца Уладзіміра Кісялёва: “Исследователь внимательный и трудолюбивый” (аб жыцці і дзейнасці гісторыка і багаслова, прафесара Уладзіміра Завітневіча) і “Парадоксы “электрического человека” (пра беларускага навукоўца, прафесара Якуба Наркевіча-Ёдку). Мы віншуем Уладзіміра Мікалаевіча, аднаго з нашых аўтараў з гэтай радаснай падзеяй і прапануем чытачам інтэрв’ю з ім.

Уладзімір КІСЯЛЁЎ нарадзіўся 28 красавіка 1931 года ў вёсцы Шацк Пухавіцкага раёна. У 1981 г. быў удастоены звання “Заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР”, у 1986-ым стаў кандыдатам эканамічных навук. Аўтар шэрагу кніг і публікацый на гістарычныя, краязнаўчыя і рэлігійныя тэмы. Маё знаёмства з Уладзімірам Мікалаевічам адбылося спачатку завочна — па яго цікавых, змястоўных і павучальных даследаваннях, а потым і асабіста — у слаўным горадзе Уздзе. З таго часу доўжацца і маё ліставанне з ім, і тэлефонныя кантакты. Урэшце, вынікам шматгадовага сяброўства стала гэтая гутарка.


— Шаноўны Уладзімір Мікалаевіч, помніцца мне лацінская мудрасць: “Homo doctus in se simper divitias habet” (“Вучоны чалавек у самім сабе мае багацце”). Такім чалавекам і вы бачыцеся не толькі мне, але і многім людзям. Цікава, а як вы, акрамя іншых вашых дасягненняў, яшчэ і зрабіліся краязнаўцам?
 

— Ніколі не ведаеш, чаго чакаць ад гэтага пераменлівага жыцця. Галоўным маім заняткам пасля заканчэння ў 1955 годзе інстытута стала вытворчая праца ў галіне гарадскога пасажырскага транспарту. Гэта мяне добра загартавала і стала перадумовай для працы ў рэспубліканскіх установах жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У сярэдзіне 1970-ых гадоў займаў дзяржаўныя пасады, потым узначальваў спецыялізаваныя навуковыя арганізацыі. Знаходзячыся на пенсіі, працаваў у Музеі гісторыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аддаў гаспадарчай працы болей 40 гадоў.

Часта бываючы ў камандзіроўках у розных кутках былога Савецкага Саюза, вячэрні час прысвячаў пошукам у бібліятэках і архівах Масквы, Ленінграда, Кіева, Днепрапятроўска, Волагды і іншых гарадоў. Так назапашваўся мой краязнаўчы фонд.Так здарылася, што я стаў больш вядомы не як дзеяч галіны гарадской гаспадаркі, а як краязнаўца. 

— Вы нарадзіліся ў Пухавіцкім раёне, аднак найболей пішаце пра гістарычныя адметнасці Уздзеншчыны… 

— Мая Радзіма — Наднямонне! Гэта значыць рэгіён у межах Мінскай вобласці, адкуль пачынаюцца вытокі вялікай беларускай ракі Нёман, мясціна, дзе ён сталее, набірае моц. Гэта ўвесь Уздзенскі раён і часткова — Капыльскі, Стаўбцоўскі, Пухавіцкі, Дзяржынскі раёны.

У 6— 7 кіламетрах на паўднёвы захад ад уздзенскай Рабінаўкі, за Цялякавым, на месцы былых фальваркаў Ручаі і Пяцірэкі (там зараз адноўлена вёсачка Верхнёман) выцякалі з адной багністай крынічкі, даючы пачатак Нёману, рэчкі Неманец і Лоша. Ля маёнтка Наркевічаў-Ёдкаў Над-Нёман яны зліваліся, прымаючы яшчэ і рэчку Вуса. Вось адкуль у мяне цяга да ціхіх рачулак, асабліва Нёманскага вадазбору.Калі прыспеў мой час з’явіцца на свет божы, бацькі паехалі ў Шацк. Там я і нарадзіўся, а пазней жыў на Уздзеншчыне, бо бацьку перавялі ў мястэчка Лошу на пасаду ляснічага. 

— Калі ласка, некалькі слоў пра ваша дзяцінства, пра першую публікацыю. 

— З маленства душа мая жыла нечым узвышаным, чаго я не мог выказаць словамі. Жыў у яднанні з прыродай. Вучыўся ў навагрудскай беларускамоўнай сярэдняй школе № 1. Нас, вучняў, часта вадзілі на кінасеансы. На паказ аднаго з першых савецкіх каляровых фільмаў паводле твораў П.Бажова я склаў крытычны водгук і ўкінуў яго ў скрыню рэдакцыі раённай газеты “Звязда”. І ўявіце сабе: праз тыдзень ён з’явіўся ў друку. Вось так, і жартам, і ўсур’ёз, з лютага 1950 года і вяду адлік сваёй публіцыстычнай дзейнасці.

Але толькі праз 20 гадоў я стаў па-сур’ёзнаму друкавацца. Мае публікацыі насілі тады прафесійны характар і перараслі потым у навуковыя працы, якія былі вылучаны на абарону кандыдацкай дысертацыі.

Адначасова, з пачатку 70-ых, я стаў пісаць аб гісторыі гарадской гаспадаркі Мінска. Паступова наладзілася супрацоўніцтва з газетай “Вячэрні Мінск”, з часопісам “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”... Не магу не адзначыць і свае стасункі з “Культурай” і пажадаць усім яе супрацоўнікам дабра, шчасця, здароўя і плённай працы. 

— Ці спрыяў вам лёс у краязнаўстве? Якія вашы думкі аб ім, аб яго сувязі з духоўным жыццём нашага народа? 

— Лічу, што нейкай абагульненай практыкі авалодання краязнаўствам не існуе. Пошукі павінны быць комплекснымі і ісці ад зямлі, ад свайго роду. Краязнаўства абапіраецца на паняцці вышэйшага парадку. За гэта, відаць, да яго ў пэўныя часы ставіліся з падазрэннем, але патрэба ў ім застаецца, без яго немагчыма выхаваць патрыятызм. Зараз цікавасць да краязнаўства праяўляе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Нельга тут не ўпамянуць і актыўную краязнаўчую пазіцыю газеты “Культура”. Але пэўная частка нашай інтэлігенцыі ўсё часцей карыстаецца іншым тэрмінам — “радзімазнаўства”.

Я прыхільнік і прапагандыст захавання і ўзвышэння традыцыйнага ладу жыцця, выкарыстання станоўчага народнага досведу, асабліва ў духоўнай сферы, комплекснага падыходу да вывучэння і аналізу гісторыі і яе асобных падзей.

Бываючы на вёсцы, не баюся стукаць у вокны і дзверы хат, заўсёды знаходжу тэмы для размовы з іх насельнікамі. Тое, што я выдаваў, запатрабавана. Усталявалася зваротная сувязь з чытачамі, асабліва на Уздзеншчыне. 

— Распавядзіце больш падрабязна пра вашы здабыткі. 

— Мае публікацыі — вынік шматгадовага вывучэння мінулага і побыту насельнікаў поўдня Міншчыны, народнага досведу і вераванняў, забытых падзей і асоб, у прыватнасці, біяграфій прафесара Якуба Наркевіча-Ёдкі, прафесара, доктара царкоўнай гісторыі Уладзіміра Завітневіча, акадэміка Васіля Пашкевіча, краязнаўца Аляксандра Ельскага, юрыста Казіміра Петрусевіча і іншых. Складаў іх радаводы. Выдаў каля паўтысячы артыкулаў і некалькі кніг, у прыватнасці: “На истоках нёманских” (1985), “Прафесар электраграфіі і магнетызму” (1988, у сааўтарстве з Вольгай Гапоненка і Віктарам Грыбкоўскім), “Асколкі параненай памяці” (2004). Шэраг маіх артыкулаў уключаны ў зборнік “Бацька наш Нёман” (2001). Асобныя працы змешчаны ў кнігах серыі “Памяць” Уздзенскага, Пухавіцкага, Асіповіцкага, Капыльскага, Чэрвеньскага раёнаў. Рыхтаваў радыё- і тэлеперадачы, супрацоўнічаў з беларускімі і расійскімі энцыклапедыстамі. Вёў рубрыкі памятных дат у газетах і часопісах, друкаваўся пад псеўданімамі: Міхась Уладамірскі, Уладзімір Мікуліч, У.Кісель, В.Кисель, Владимир Николаев…Самым значным сваім здабыткам лічу кнігу “Пуцявінамі Наднямоння”. Яе выхад у 1994 годзе стаў магчымым дзякуючы садзейнічанню тагачаснага галоўнага рэдактара выдавецтва “Полымя” Міколы Іванова (добрая яму памяць!). 

— Давайце прыгадаем і вашы кантакты з Геаграфічным таварыствам пры Акадэміі навук СССР. 

— Сапраўды, лічу важнейшай старонкай сваёй біяграфіі супрацоўніцтва з геаграфічнымі таварыствамі. Пачалося ўсё з адкрыцця нанова старажытных гандлёвых водных шляхоў, найперш варажскіх, што прывяло мяне да блізкага знаёмства з камандорам водных падарожжаў, неардынарным чалавекам — урачом-хірургам, кандыдатам медыцынскіх навук і майстрам спорту Юрыем Жвіташвілі з Ленінграда. У 1989 годзе надышла чарга падарожжа і па Нёмане — ад яго вытокаў да Балтыйскага мора — пад дэвізам “Рэкі яднаюць народы”. Удзельнікі гэтага плавання былі ўзнагароджаны медалём М.Пржэвальскага, а вашаму субяседніку была ўручана Ганаровая грамата Геаграфічнага таварыства пры АН СССР. Калі стварылася Беларускае геаграфічнае таварыства, я перайшоў у яго склад. Яно актыўна падтрымлівала і прапагандавала мае краязнаўчыя працы і падарожжы. Па рэкамендацыях таварыства выдаваліся мае кнігі. 

— Як вы адчуваеце повязь часоў? 

— Як пераемнасць пакаленняў, выкарыстанне ведаў продкаў у выхаванні моладзі. Гэты найкаштоўны дар у маім краі перадаваўся ад старэйшых малодшым падчас святкавання Дзядоў. Пасля традыцыйных абрадаў у прысутнасці дзяцей адбывалася гутарка самых паважаных і красамоўных старых. На Дзядах яны не мелі права гаварыць нешта нязначнае. Пераказвалі паданне аб трагічных лёсах закаханых маладых, згадвалі пра страшэнныя чужынскія нашэсці, пра далёкія ваенныя паходы, пра казацкую вольніцу.У 1972 годзе ў Над-Нёмане я запісаў каля 20 успамінаў старэйшых мясцовых жыхароў пра Якуба Наркевіча-Ёдку. Амаль усе яны пазней пацвердзіліся архіўнымі дакументамі і кніжнымі звесткамі.

Народ вылучаў і вылучае са свайго асяроддзя выдатных даследчыкаў. Назаву тых, з кім мне пры жыцці не давялося сустрэцца. Іван Аляксейчык — народны фенолаг з вёскі Баравыя. Фёдар Бельскі — сялянскі гісторык з Забалацця — смела спрачаўся з гісторыкамі Акадэміі навук БССР пра часы ўладарання ў Наднямонні Кіеўскай Русі. Яго нарысы “Купальская ноч на рацэ Вушдонка” лічу лепшым творам аб звычаях даўніны. Павел Шыдлоўскі — самадзейны кампазітар з вёскі Нізок. Да вайны яго песні спявалі ці не па ўсім Савецкім Саюзе. У нашых вяскоўцаў ёсць чаму павучыцца…Багата дало мне асабістае знаёмства з выдатным краязнаўцам, з настаўнікам, супрацоўнікам Уздзенскага музея Адамам Александровічам і, канешне ж, з былым дырэктарам Уздзенскага раённага краязнаўчага музея Анатолем Папко — своеасаблівай “уздзенскай энцыклапедыяй”. Шмат кіламетраў пройдзена з журналістам Анатолем Ярохіным. Маім шчырым, бескарыслівым настаўнікам і сябрам быў пісьменнік, драматург Алесь Махнач. Добры плён прынесла ўзаемадзеянне з Беларускім фондам культуры. 

— У рэшце рэшт, да якіх высноў вы, Уладзімір Мікалаевіч, прыйшлі як краязнавец? 

— Усякая гісторыя пачынаецца з гісторыі рэлігіі. Станоўча ўспрымаю ўсе традыцыйныя рэлігіі, але больш увагі і сіл аддаю праваслаўнай тэматыцы. Мною выдадзены даследаванні дзейнасці Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Макарыя, які ў канцы ХV стагоддзя ўзначальваў Праваслаўную Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім і меў рэзідэнцыі ў Вільні і Наваградку. Сабрана шмат дакументаў аб жыцці кіеўскага ваяводы XVII стагоддзя Адама Кісяля — незаслужана забытага абаронцы Праваслаўя ў Рэчы Паспалітай. Вернута з небыцця імя значнай постаці часоў скасавання уніі — уніяцкага, потым праваслаўнага святара, протаіерэя, прафесара, некалі вядомага польскамоўнага пісьменніка Плакіда Янкоўскага (1810— 1872), выдадзены зборнік яго артыкулаў на рускай мове “Записки сельского священника”...

Застаецца толькі пажадаць нашаму надзейнаму сябру і адметнаму аўтару “Культуры”: жывіце доўгадоўга, Уладзімір Мікалаевіч, няхай красуе ваша жыццё і творчасць! 

Гутарыў Міхась МАЛІНОЎСКІ
Баранавічы